Спадчына

«Усё жыццё мару, што нехта са сваякоў знойдзецца». Гродзенка расказала, як пасля вайны не змагла з’ехаць у Польшчу і трапіла ў Казахстан

Яніна Міхайлаўна Земба нарадзілася ў Гродне ў 1934 годзе. Падчас нямецкай акупацыі яе маму вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Яніна выхоўвалася ў прыёмнай сям'і на хутары недалёка ад Гродна. Усё сваё жыццё яна шукала след маці, які знік пасля Другой сусветнай. Сёння гродзенка жыве ў Расіі.

Hrodna.life сумесна з рэдакцыяй MOST працягвае цыкл гістарычных матэрыялаў з успамінамі гродзенцаў, народжаных у міжваенны перыяд. Гэта гісторыі, якія ўвойдуць у новую кнігу журналіста Руслана Кулевіча «Апошнія сведкі Гродна». Яна і пра тых гродзенцаў, што пасля вайны пераехалі ў Польшчу, і пра тых, што засталіся ў Беларусі. А некаторыя з герояў у савецкія часы наогул перабраліся ўглыб СССР.

Калі вы лічыце важнай місіяй захаванне гродзенскай гісторыі, падтрымайце нашую працу данатам на buymeacoffee.

Свайго бацьку Яніна ніколі не бачыла, жыла толькі з маці, якую звалі Ірэна. Дом сям'і знаходзіўся на вуліцы Праванабярэжнай, 9. Недалёка быў дзіцячы сад, у які хадзіла Яніна. Пры дзіцячым садку быў свой агарод, на якім вырошчвалі гародніну і зеляніну, а дзеці вучыліся даглядаць зямлю. Паводле ўспамінаў Яніны, дысцыпліна была ў садзе строгая. У якасці пакарання маглі і на гарох паставіць.

— На святы ў сад прыходзілі бацькі, накрывалі стол, пілі гарбату з цукеркамі. На нейкае свята дзяцей пакармілі і на вуліцу адвялі гуляць. Потым за стол бацькі селі. Маму папрасілі праспяваць. Яна як заспявала. Я пачула яе голас і з вуліцы прыбегла, абняла яе. Яна пасадзіла мяне на калені, абняла. Выхавальніца сказала маме: «Ірэна, вы так любіце сваю Яню». Мама адказала: «Гэта маё багацце, усё маё самае дарагое, я за яе душу аддам».

У вёсцы пракарміцца было прасцей

Яніна памятае, што падчас нямецкага налёту ў 1941 годзе яны з мамай выбягалі з дому і хаваліся ад выбуху бомбы ў нейкай вялікай канаве. Калі сціхала, ішлі зноў у дом.

На трэці дзень пасля налёту немцы ўвайшлі ў Гродна. Яніна з мамай першы час яшчэ жылі ў горадзе, таму яна памятае, як уводзіліся новыя парадкі.

— Я бачыла вялікую калону людзей, іх вялі немцы з аўтаматамі і сабакамі. Я спытала кагосьці з дарослых: «Хто гэта?» Мне сказалі, што гэта яўрэі, іх гналі ў бок Сапоцкіна з Гродна, кіламетраў шэсць пешшу. Як потым казалі жыхары, іх там расстрэльвалі, а трупы доўга не закопвалі.

Гродзенскіх яўрэяў акупацыйныя ўлады прымусілі перасяліцца ў гета ў лістападзе 1941 года. У Гродне было два гета, у якіх агулам жыло 25 тыс. чалавек. Гета № 2 ліквідавалі ў лістападзе 1942 года, № 1— у сакавіку 1943 года. Гродзенцаў перавезлі ў лагеры смерці Аўшвіц і Трэблінка.

Неўзабаве па Яніну і яе маму ў Гродна прыехаў на возе з канём сябар сям'і Уладзіслаў Калінскі. Ён забраў іх на свой хутар побач з вёскай Васарабы (каля 15 кіламетраў ад Гродна ў напрамку Сапоцкіна).

— Раней дзядзька Уладзіслаў часта прыязджаў да нас, частаваў мяне цукеркамі. Ён прывозіў на рынак вясковыя прадукты. Рынак быў недалёка ад таго месца, дзе мы жылі. У выніку мы апынуліся ў яго на хутары, жылі ўсе разам. Уладзіслаў, яго жонка Міхаліна і чацвёра іх дзяцей: Эдвард, Генрык, Станіслаў і Рэгіна. І мы з мамай. Жылі дружна, працавалі. Зямлі было шмат, было возера. Уладзіслаў ад’язджаў у 20-х гадах у Амерыку. Зарабіўшы там грошай, купіў пад Гродна зямлю, пабудаваў дом. Хутар называлі Пропала, не ведаю адкуль такая назва. Старэйшыя працавалі ў полі, а дзеці пасвілі кароў, авечак і коней.

Яніна не можа ўспомніць, калі менавіта і чаму яна з мамай перабраліся на іншы хутар, да Яна Закрэўскага. Ён знаходзіўся зусім побач з хутарам Калінскага.

— Памятаю толькі, што гэта было падчас вайны. Усе, хто жыў у Гродне, тады стараліся выехаць у вёскі, там было спакайней і лягчэй пракарміцца. У Гродне моцна бамбілі і стралялі.

Раставанне з маці і пакуты ў чужой сям'і

Жонка Яна Закрэўскага, Валерыя, 8 чэрвеня 1943 года паехала на працу ў Германію. Яна трапіла ва Усходнюю Прусію, у Кёнігсберг (сённяшні Калінінград), у сям’ю багатага фермера Франца Борхмана.

— Пазней немцы даслалі паперу з біржы працы Гродна аб замене Закрэўскай Валерыі на маю маму Земба Ірэну. Мама сабралася без мяне. Добра памятаю, як я бегла па дарозе за павозкай. Яна супакойвала мяне, сама плакала і казала, што абавязкова вернецца па мяне. Як аказалася, гэта была наша апошняя сустрэча.

Неўзабаве вярнулася Валерыя Закрэўская. Яніна кажа, што тады для яе пачалося сапраўднае пекла. Сам Закрэўскі яе ніколі не крыўдзіў, але яго жонка была вельмі злая. Пастаянна прымушала дзяўчынку шмат працаваць, дрэнна карміла і часта біла.

— Сваю дачку Генулю адпусціць гуляць, мяне прымусіць працаваць. Яшчэ, памятаю, быў такі выпадак: пакінулі мяне Закрэўскія адну на хутары ў хаце, я спала і прачнулася ад шуму. Сабака брахаў. Заходзяць у хату тры немцы, у шлемах сваіх жалезных, з гранатамі, аўтаматамі, рукавы закасаны. Я моцна тады напалохалася. Адзін немец пытацца стаў: «Матка дзе?» Я не магу сцяміць, кажу, карову пайшла шукаць. Яны пашарылі па лавах і паліцах, дасталі малако і выпілі яго. Затым збан разбілі аб зямлю. З гэтых збаноў мне было забаронена піць. Але мяне не кранулі, адпусцілі. Бяжы, кажуць да маткі. Я пабегла па сцежцы ў падвал, дзе ўсе жыхары вёскі Васарабы хаваліся ад бамбёжкі. Пакуль бегла, мяне ля самай вёскі зноў спынілі немцы, яны стаялі на гармаце, такой, што па самалётах страляе. Тыя немцы, што засталіся на хутары, убачылі, што мяне спынілі і сталі крычаць нешта гэтым, хто мяне спыніў. Мяне адпусцілі. Калі я прыбегла ў падвал, то жыхары вёскі сталі моцна лаяць Закрэўскую за тое, што пакінула мяне адну. А я пасля гэтага выпадку так моцна напалохалася, што потым доўга не магла гаварыць.

У 1944 годзе Яніна атрымала пасылку ад мамы з Германіі. Там была лялька, сукенка і майткі. Усё забралі для Валерынай дачкі, успамінае гродзенка. «Яна і майтачкі гэтыя насіла, і ляльку забрала, цягала яе, пакуль не страціла. З той пасылкі мне нічога не дасталася».

— Складана мне жылося, недалюблівалі мяне. Дачка Закрэўскіх разалье што-небудзь і на мяне скажа. За гэта мяне Валерка палкай або рамнём біла. Я плачу і кажу, што не я гэта зрабіла, а Генулька. Мне не верылі. Вельмі крыўдна было, калі ні за што білі. Толкам спаць не магла, балела ўсё ад сінякоў. Увогуле, нічога добрага я не бачыла ад Валеркі Закрэўскай, пастаянна мяне лаяла, біла і прымушала працаваць. Толькі муж яе Янак заступаўся за мяне. Памятаю, у мяне была сумачка і я захоўвала ў ёй фатаграфію мамы, адзіны здымачак быў. Неяк Валерыя Закрэўская выхапіла ў мяне гэты здымак і парвала, кінула ў печ. Я доўга плакала. Яна мне сказала: будзеш плакаць — паб’ю цябе. Нават ружанец потым забрала і аддала сваёй дачцэ.

Вызваленне і бандытызм

Памятае Яніна, як савецкія войскі вызвалялі Гродна ў ліпені 1944 года. Каля іх хутара праходзілі баі. Падчас налёту людзі стараліся не хавацца дома, каб не заваліла.

— Падчас баёў за Гродна да нас на хутар прыйшлі рускія салдаты. Валерка наварыла бульбы ім, агуркоў нарэзала, хлеба. Салдаты, хто седзячы, хто стоячы, елі, ціснуліся. Такія галодныя былі. Пакуль Валерка пайшла па малако, каб у кубкі наліць, я залезла пад стол і з працягнутай рукой прасіла ў салдат бульбы. Таксама галодная была.

Баі за Гродна працягваліся каля двух тыдняў. Неўзабаве фронт прасунуўся далей на захад. На палях паблізу горада засталося шмат тэхнікі і зброі.

— Мясцовыя жыхары збіралі зброю, стралялі, палохалі людзей. Хтосьці з цэлым арсеналам пайшоў у бандыты. Прыходзілі неяк да нас ноччу, пакралі бараноў. Потым моладзь, якая пайшла ў бандыты са зброяй, перасаджалі, а іх бацькоў у Сібір вывозілі.

Пасля праходжання фронту на вызваленых тэрыторыях не адразу ўсталёўваўся парадак. Новыя савецкія адміністрацыі і праваахоўнікі толькі пачыналі працу, таму сапраўды востра стаяла пытанне бандытызму. Пры гэтым былі як сапраўдныя бандыты, якія тэрарызавалі мірнае насельніцтва (часта дэзерціры, былыя байцы Арміі Краёвай ці партызаны), так і тыя, каго толькі называлі бандытамі ў савецкай прапагандзе (ветэраны ліквідаванай АК, якія адмовіліся здаваць зброю і змагаліся менавіта з савецкай уладай, а не з насельніцтвам).

Забраць дзіця

У адзін з пасляваенных дзён да хутара Закрэўскіх падышла жанчына з двума дзецьмі. З ёй Валерыя Закрэўская вяла размову на вуліцы, у дом не пускала.

— Як убачылі жанчыну, то Закрэўская мяне адразу за каўнер і ў хлеў. Зачыніла дзверы і сказала, калі толькі пікну, то заб’е палкай або кіне ў калодзеж. Я сядзела ціха і глядзела ў дзвярную шчыліну і ціха плакала. Я ўбачыла тую самую жанчыну, з якой мы жылі яшчэ ў Гродне да вайны. Гэта была Станіслава Футава са сваімі двума дзецьмі. Я іх адразу пазнала, але баялася Закрэўскай і ціха сядзела. Яны доўга стаялі ля яблыні і чакалі. Не памятаю, як я заснула. Прачнулася, калі адчынілі дзверы ў хляве і мяне выпусцілі.

Пазней Генулька, дачка Валерыі, прагаварылася, што гэта цётка прыязджала па Яніну, каб забраць у Польшчу. Закрэўская даведалася пра гэтую размову і потым моцна пабіла сваю дачку, за тое, што яна ўсё распавяла.

— Аказалася, што за мяне Закрэўскай плацілі добрыя грошы. Яна не адпусціла мяне, і так я страціла шанец на ўз'яднанне з сям’ёй.

«Пуцёўка» ў Казахстан

Праз нейкі час Яніна пайшла працаваць у Сапоцкін нянечкай. На выхадных прыходзіла дапамагаць Закрэўскім па гаспадарцы. Стаўленне да яе не змянялася. Закрэўская нават карміць яе не хацела, даводзілася хадзіць да сябровак.

У 1955 годзе Яніну запрасілі ў гарвыканкам разам з іншымі гродзенкамі. Іх прынялі ў камсамол і выдалі пуцёўкі ў Казахстан на засваенне цаліны.

— Сярод дзяўчат была адна сяброўка, яна ўсіх і сагітавала ехаць на цаліну ў Казахстан. Казала, што заробім грошай і вернемся праз год назад. Дурныя мы былі, паверылі. Далі нам нейкія грошы, на якія я змагла купіць танную сукенку і басаножкі. І неўзабаве я са сваімі сяброўкамі ўжо ехала ў цягніку ў Паўночны Казахстан. Ехалі доўга, дзён пяць, напэўна. Калі ехалі, усе весяліліся і жартавалі. Калі цягнік стаў ехаць па голых стэпах Казахстана, ва ўсіх стаў настрой псавацца. Хтосьці з сябровак тады звярнуў увагу, што тыя, хто ехаў з намі ў цягніку, у большасці гавораць на польскай мове. Першае, што зрабілі нашы камсамольскія важакі па прыездзе ў Казахстан, — забралі нашыя дакументы, каб ніхто не мог збегчы. А куды ты ўцячэш, калі пашпарта няма, грошай няма, вакол адзін стэп. Людзей проста падманулі. Многія беглі, іх лавілі і судзілі, артыкул быў расстрэльны. Людзі ўсяго баяліся.

Умовы былі нечалавечыя, успамінае гродзенка. Улетку невыносная спякота +40 і засуха, зімой люты мароз -40. Яніна не разумее, як у такіх умовах жылі і працавалі людзі. У Казахстане яна стала Нінай.

— Жылі ў палатках, толькі да зімы пабудавалі нам баракі з дошак. Спалі ў вопратцы і валёнках. Праца была цяжкая, жанчыны працавалі нароўні з мужчынамі. Толькі тады мы сталі разумець, куды трапілі. Калі ехалі, не задумваліся ні пра што, маладыя былі. Да палякаў, літоўцаў, украінцаў ставіліся не вельмі добра. Мне даводзілася сыходзіць маліцца за хлеў або ў самім хляве, каб ніхто не пачуў і не данёс.

Зноў пабачыла Гродна толькі ў канцы 60-х

У Казахстане праз некалькі гадоў Яніна сустрэла свайго будучага мужа. Выйшла замуж у 1958 годзе. Нарадзіўся сын. Праз гады, у канцы шасцідзясятых, ёй упершыню ўдалося прыехаць у адпачынак у Гродна.

Першае, што яе ўразіла, — амаль усе гаварылі на рускай мове. Калі яна з’язджала, у горадзе размаўлялі па-польску і па-беларуску, і практычна ніхто не ведаў і не карыстаўся рускай.

— Аднойчы пайшлі з сынам на шпацыр у парк Жылібера і выпадкова сустрэлі тую самую «сяброўку», якая ўсіх нас агітавала ехаць у Казахстан. З размовы я зразумела, што яна займае нейкую важную пасаду ў гарвыканкаме. Мы тады ў Казахстане нават не заўважылі, куды яна падзелася. Думалі, можа, у іншым раёне працуе, а яна, як аказалася, вярнулася ў Гродна, і пашпарт у яе ніхто не забіраў, як у нас.

У цэнтры Гродна Яніна ўбачыла такі знаёмы ёй Фарны касцёл. Дзіцячыя ўспаміны пра гэтае месца захаваліся на ўсё жыццё.

— Памятаю, як хадзілі ў Фарны касцёл. Маці пакідала мяне ўнізе са знаёмай жанчынай, а сама падымалася наверх (на хор. — Заўв. рэд.). Яна спявала і грала на аргане, а я сядзела і чакала. У касцёл заўсёды хадзілі міма турмы. Аднойчы я падымалася па лесвіцы і ўпала, разбіла калена. З тых часоў мама заўсёды насіла мяне ў касцёл на руках. Праз шмат гадоў, калі пачула арган у Фарным касцёле, слёзы ручаём паліліся ад успамінаў. Я ўсё жыццё мару, што нехта з маіх сваякоў знойдзецца, і малюся за гэта. З трапятаннем і любоўю згадваю свой любімы Гродна.

Сляды маці губляюцца ў Калінінградскай вобласці

Толькі праз многія дзесяцігоддзі сыну Яніны ўдалося даведацца ў Саксонскім дзяржаўным архіве Дрэздэна, што сястру яе маці Станіславу Футаву таксама прымусова вывезлі ў Германію. Там яна працавала ў сям'і Мэераў з 2 красавіка 1943 года і была вызвалена толькі 2 траўня 1945. Менавіта яна вярнулася ў Гродна, каб адшукаць Яніну і забраць яе з сабой у Польшчу.

Паводле нямецкіх архіваў, маці Яніны працавала ў Кёнігсбергу ў сям'і Борхманаў. У 1946 годзе частка гэтай сям'і рэпатрыявалася ў Данію. Сляды маці Яніны губляюцца на тэрыторыі сучаснай Калінінградскай вобласці.


Hrodna.life — некамерцыйнае незалежнае выданне для гродзенцаў у Гродне і беларусаў па ўсім свеце. Падтрымайце нас, каб захаваўся незалежны і крытычны голас, які па-беларуску расказвае важныя гісторыі. Калі гэта бяспечна для вас, вы можаце перавесці нам данат праз форму ніжэй або праз зручную платформу Buy Me a Coffee.

Далучайцеся да тых, хто ўжо дапамагае! Мы працягваем працаваць дзякуючы вашай падтрымцы!

Падзяліцца

Апошнія запісы

Мільярды еўра — Варшаве, мільёны — Мінску. Параўналі, як Польшча і Беларусь выкарыстоўвалі еўрапейскія гранты

«Еўрасаюз нам не патрэбен!» Гэты наратыў папулярны не толькі ў беларускай прапаганды, але і ў…

9 красавіка 2025

Як з беларускіх зямель даплывалі да Амерыкі 100 год таму: расказвае падкаст «Зямля свабоды»

У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму.…

9 красавіка 2025

Парэзалі сукенку, кідалі пірожныя. Улады хочуць змагацца з булінгам, а настаўнікі яго не заўважаюць

Беларускія ўлады пачалі звяртаць увагу на школьны булінг. Праз Telegram-каналы і рассылкі ў школьных Viber-чатах…

7 красавіка 2025

З адной бярозы — да 200 літраў. Як беларусам здабыць бярозавы сок на радзіме і ў эміграцыі

Здабываць бярозавы сок вясной — беларуская традыцыя, у кожным лясніцтве яго можна купіць за капейкі.…

3 красавіка 2025

Тры Белавежскія пушчы. Як агароджы на мяжы змяняюць лес і жывёльны свет у Беларусі, Польшчы і паміж платамі

Белавежская пушча сёння раздзеленая не на дзве, а насамрэч на тры часткі: беларускую, польскую і…

31 сакавіка 2025

«Трэнд — мацоўня, здароўе». Задалі адны і тыя ж пытанні металістам з Беларусі і Польшчы

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў метал-музыка аб'ядноўвае людзей не толькі адных музычных прыхільнасцяў, але і падобнага светапогляду.…

26 сакавіка 2025