Камілія з сябрамі ў Гродне. 1946 г. Фота з архіва Каміліі
Камілія Юзэфаўна Біліда (Талочка) нарадзілася ў 1924 годзе ў вёсцы Кульбакі ў пяці кіламетрах ад Гродна. Каталічка. Усё жыццё пражыла ў Гродне.
Некалькі гадоў таму родная вёска спадарыні Каміліі ўвайшла ў склад Гродна.
Hrodna.life сумесна з рэдакцыяй MOST аднаўляе цыкл гістарычных матэрыялаў з успамінамі гродзенцаў, народжаных у міжваенны перыяд. Гэта гісторыі, якія ўвойдуць у новую кнігу журналіста Руслана Кулевіча «Апошнія сведкі Гродна». Яна і пра тых гродзенцаў, што пасля вайны пераехалі ў Польшчу, і пра тых, што засталіся ў Беларусі. А некаторыя з герояў у савецкія часы наогул перабраліся ўглыб СССР.
Бацькоў Каміліі звалі Юзаф і Мар’я. Яны мелі пяць гектараў зямлі ў Кульбаках. Сям’я была адукаваная. Бацька ў царскі час быў пісарам у скарбніка. У сям'і было чацвёра дзяцей: Камілія і тры браты.
У 1931 годзе Камілія паступіла ў гродзенскую школу № 4 («чвурку») на Легіяновай вуліцы. Школа была бясплатнай. На заняткі вясковыя дзеці хадзілі з Кульбак у Гродна пешшу больш за пяць кіламетраў. Таму ўставалі а шостай гадзіне, каб да дзявятай паспець у школу.
— Вельмі добрая школа была, у ёй было ўсяго шэсць класаў. Настаўнікам гісторыі быў пан Пулькоўскі, былі яшчэ пані Вроньска і пані Скіндарова — усіх памятаю. Пасля заканчэння школы я паступіла ў «cюдэмку» (школу № 7 — рэд.) на Ажэшкі, дзе цяпер універсітэт. Пайшла там у сёмы клас. Нас там вучылі шыць, гатаваць, кагосьці будаўніцтву, а яшчэ ксёндз прыходзіў і выкладаў рэлігію. Вучылі вельмі добра. Памятаю, як з бацькам за руку пешшу хадзілі ў Бернардынскі касцёл. Там імша была на лацінскай мове. Усё пыталася ў бацькі: калі ўжо канец, калі канец. А зімой бацька браў сані і вёз нас у горад. На Ажэшкі ў яўрэя Блёмберга была кавярня. Бацька ставіў сані, і мы пілі там гарбату.
Пасля сёмага класа Камілія паступіла ў Гродзенскую гімназію, якая знаходзілася каля гарадскога тэатра. Там яна вывучала французскую мову.
Камілія згадвае, што ў даваенныя гады Гродна быў вельмі прыгожым горадам з рознымі крамамі і ўстановамі. У горадзе ў сям'і Талочкаў было шмат знаёмых, але адну Камілію ў Гродна бацькі баяліся адпускаць.
— Але ў Кульбаках таксама было весела. Моладзь запрашала на прываткі (закрытыя моладзевыя імпрэзы ў кватэрах — рэд.). Бацька не адпускаў мяне адну: хлопец павінен быў прыйсці і сказаць — запрашаю, правесці і вярнуць дадому. Бацькі арганізоўвалі абеды, хлопцы і дзяўчаты танцавалі. Былі і тыя, хто граў на музычных інструментах. А часам да вайны выбіраліся кампаніяй у Гродна — хадзілі ў кінатэатр «Пан» на Вітальдавай вуліцы (сёння кінатэатр «Чырвоная зорка» на Сацыялістычнай — рэд.).
Калі ў 1939 годзе прыйшлі саветы, Камілія размаўляла толькі на польскай мове. У Кульбаках жыў пан Качан, які пасля прыходу новай улады збіраў дзяцей па вечарах і вучыў рускай мове.
Пры саветах у Гродне зачынілі гімназію, дзе вучылася Камілія. У 1939 годзе яна адвучылася там няпоўны год.
— Са мной вучылася Марыся Аўгустыновіч. Яе бацька валодаў фабрыкай кавы на Паўночнай вуліцы. Фабрыка называлася «Кава дзядзькі Тома», яны выпускалі кававыя таблеткі. Марыся прыносіла ў школу гэтыя таблеткі ў пакетах, і мы іх грызлі. Калі прыйшлі саветы, яе бацьку тут жа ноччу забралі і расстралялі ў лесе над Нёманам. Тады арыштавалі ўсю інтэлігенцыю ў Гродне: дактароў, ксяндзоў. Усіх забралі. Пачалі высяляць з Гродна тых, у каго сваякі былі афіцэрамі. Да нас прыехала з Гродна пані Эва Бярнацкая з дзецьмі — Тадзікам і Ясяй. Яся была майго года, а Тадзік на два гады старэйшы. Іх выселілі з Гродна, бо бацька быў польскім афіцэрам. Мой бацька дазволіў ім жыць у нас, вылучыў пакой. Маці іх была швачкай, шыла крыху для нас і для іншых людзей. З ёй разлічваліся прадуктамі, хлебам, так і жылі.
Фабрыка «Kawa Toma» працавала на вуліцы Паўночнай (сённяшняй Валковіча) і прадукавала сурагат кавы з жалудоў і цыкорыя ў тым ліку ў выглядзе спрэсаваных кубікаў.
Але сям’ю Бярнацкіх усё ж такі забралі саветы, згадвае Камілія. Кажа, што маці і дачку ў выніку расстралялі ў Адамавічах над Нёманам. Пры якіх абставінах — не памятае. Сын Бярнацкіх Тадзік змог уцячы і нейкім чынам апынуўся ў Германіі. Потым ён вярнуўся ў Польшчу і жыў у Гданьску.
— Пасля вайны мая суседка Дануся Клавец выехала ў Сопат і сустрэлася з Тадзікам Бярнацкім. Калі ён даведаўся, што яна з Кульбакаў, спытаў, ці жывая Камілія, і папрасіў мой адрас. Тады я ўжо была замужам, муж быў вельмі раўнівы. Ён сказаў: «Паглядзі, столькі гадоў цябе шукаў кавалер». Тадзік прыязджаў у Гродна з польскай дэлегацыяй. Наведвалі помнік Ажэшцы, касцёл. Але я з ім не сустрэлася, муж не пусціў, ён быў вельмі раўнівы. Потым Тадзік пісаў мне лісты. Толькі праз гады мая ўнучка знайшла яго сына.
Чытайце таксама: Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад
У 1939−1941 гадах савецкая ўлада шукала ўсіх нязгодных на занятых тэрыторыях у Заходняй Беларусі. У першую чаргу рэпрэсіравалі сем'і вайскоўцаў, паліцэйскіх, леснікоў, чыноўнікаў і памешчыкаў. Па ўспамінах Каміліі, з Кульбакаў вывезлі некалькі чалавек у Казахстан — амаль ніхто не вярнуўся.
У сям'і Талочка баяліся, што і іх таксама вывезуць, бацька Каміліі нават сабраў рэчы. Камілія думае, што гэтаму перашкодзіла савецка-нямецкая вайна, якая пачалася ў 1941 годзе.
— Адной з нямногіх, хто вярнулася ў Кульбакі, была суседка Эльвіра Кульвоцкая. Яе кавалер змог нейкім чынам забраць у Польшчу. А іншая суседка Ванда Глебоўна, якая не вярнулася, у лісце пісала:
Ukochane nasze Grodno, piękne ponad cały świat,
Tu się rodził, tu wychował, tu wspomnienia młodych lat.
A w tym Grodnie każdy rządzi, kto przychodzi — to już pan.
Nam kazali się wynosić i wywieźli w Kazachstan.
My nadziei nie tracimy i do Grodna powrócimy,
Matce Boskiej Kongregackiej na kolanach hołd złożymy!
У перакладзе з польскай мовы:
Любімае нашае Гродна, найпрыгажэйшае ў свеце
Тут нарадзіўся, тут вырас, тут успаміны маладых гадоў
А ў тым Гродне кожны кіруе, хто прыходзіць — ужо пан
Нам сказалі вымятацца і вывезлі ў Казахстан
Мы надзеі не губляем і ў Гродна вернемся
Маці Божай Кангрэгацкай на каленях паклонімся.
Абраз Маці Божай Кангрэгацкай — галоўная святыня гродзенскіх католікаў. З’яўляецца копіяй абраза Маці Божай Снежнай з Рыму. Захоўваецца ў Гродне ў Фарным касцёле з канца XVII стагоддзя. Вернікі лічаць яго цудадзейным.
Перш чым вы працягнеце чытаць гэты артыкул, калі ласка, падтрымайце рэдакцыю Hrodna.life, калі гэта бяспечна для вас. А калі ёсць магчымасць — аформіце рэгулярную падтрымку.
Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!
Калі пачалася савецка-нямецкая вайна ў 1941 годзе, сям’я Каміліі хавалася ў падвале пад домам. Хаты ў Кульбаках гарэлі. У Гродне падалі бомбы.
Паводле ўспамінаў жанчыны, нямецкая ўлада прымушала жыхароў вёскі капаць торф. Яўрэяў з Гродзенскага гета таксама адпраўлялі капаць торф, саджаць каноплі, а потым плесці з іх.
Брат бацькі Каміліі, Казімір Талочка, падчас вайны ўладкаваўся чысціць каналізацыю ў Гродне. На возе ён вывозіў з гета фекаліі, а калі заязджаў назад, то хаваў у бочкі ежу. Яўрэі разлічваліся золатам і ўсім, чым маглі. Дзякуючы гэтаму пры немцах ён разбагацеў.
— Калі ў мяне было вяселле, дзядзька падарыў пяць рублёў золатам. У Казіміра было двое дарослых дзяцей. Дачка Галя была падобная да яўрэйкі. Яе немцы забралі і расстралялі. Таксама расстралялі жонку і сына — па невядомых прычынах. Ён застаўся адзін у сваім доме ў Кульбаках, яму дапамагала служанка.
Камілія ўзгадвае, што пры немцах у Гродне моладзь 1924 і 1925 гадоў вывозілі ў Германію. Яна таксама патрапіла ў спіс на адпраўку, але дапамагла сваячка, якая працавала ў Гродне ў адміністрацыі: яна змяніла год нараджэння Каміліі на 1928.
— Так і пранесла. Яшчэ хацелі вывезці майго аднаго брата, але ён хаваўся. Немцы яго шукалі. Браты Эдвард і Юзаф разам з мясцовай моладдзю спачатку хаваліся ў лесе, і сям’я доўга не ведала, што з імі. Але адзін сусед, які быў з імі, расказаў, што яны арганізаваліся ў лесе і пайшлі ў Польшчу, уступілі ў Армію Краёву. Ваявалі пад Варшавай, а пасля вайны працавалі там.
Пры немцах бацьку Каміліі прызначылі солтысам (старастам вёскі - Hrodna.life) у Кульбаках. Для сябе ён вёў спісы, каго забілі і вывезлі. Немцы часта прыходзілі ў дом Каміліі, каб пагаварыць з солтысам.
— Такія элегантныя, чысцюткія, начышчаныя. Часам частавалі цукеркамі, салодкім. І толькі: «Масла, яйка — давайце ўсё». Маці трохі размаўляла па-нямецку. Аднойчы яны сядзелі ў нас на ганку, і маці ім сказала, што вайна — гэта ж дрэнна. Адзін з іх сказаў, што ўцёк бы дадому: «Там жонка і дзеці. Гітлер нас прымусіў».
Калі раніцай у хаце Талочкі маглі быць немцы, то ноччу да солтыса ў Кульбаках прыходзілі партызаны — спачатку савецкія, а пасля і польскія. Бацьку Каміліі даводзілася дапамагаць усім. Аднойчы за такую дапамогу хтосьці ноччу падпаліў яго хлеў.
— Аднаго разу, калі прыйшлі савецкія партызаны, я выйшла і сказала ім ісці прэч, назваўшы іх пастухамі. Пасля вайны мяне за гэта забралі ў міліцыю. За тое, што, нібыта, я была супраць савецкай улады. Бацька паехаў разбірацца, падаў на калені, казаў, што я маладая і нічога не разумела. Не ведаю, што ён ім казаў і што даваў, але раніцай мяне адпусцілі. Бацьку пасля вайны, хоць ён і быў солтысам пры немцах, не чапалі.
Пасля вайны Каміліі дапамаглі ўладкавацца на працу ў гарадское статыстычнае ўпраўленне, дзе яна два гады працавала сакратаркай-машыністкай, а затым планавіком. У 1947 годзе Камілія выйшла замуж за фармацэўта. Вяселле адбылося ў Бернардынскім касцёле, дзе іх вянчаў ксёндз Курловіч.
— Калі пайшлі дзеці, стала цяжка жыць, давялося ісці вучыцца ў кааператыўны тэхнікум, асвойваць новую прафесію. Пасля вучобы я працавала ў ювелірнай краме 30 гадоў. За сваю працоўную дзейнасць атрымала ўзнагароды «Выдатнік савецкага гандлю» і «Ветэран працы».
Медыі ў выгнанні маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.
Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!
Оля Лета была вядомая як танцорка twerk і выкладчыца танцаў з Гродна. Цяпер яна выйшла…
Яўген Дудкін нарадзіўся ў Магілёве, але вырас у Гродне. Думаў стаць міліцыянерам, як бацька, але…
Сацсеткі да Міжнароднага дня жанчын 8 сакавіка перапоўненыя віншаваннямі “мілых дам” і “цудоўнай паловы чалавецтва”.…
8 сакавіка 1945 года ў Любчы пад Навагрудкам нарадзілася жанчына, чый выраб пабіў у продажы…
Гродзенка Святлана Васіленка пацікавілася ў Threads, дзе гараджане ядуць шаурму. Hrodna.life вывучыў адказы гродзенцаў і…
Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне на вуліцы Брыгіцкай. У 1935 годзе яго…