Камілія Юзэфаўна Біліда (Талочка) нарадзілася ў 1924 годзе ў вёсцы Кульбакі ў пяці кіламетрах ад Гродна. Каталічка. Усё жыццё пражыла ў Гродне.

Некалькі гадоў таму родная вёска спадарыні Каміліі ўвайшла ў склад Гродна.

Hrodna.life сумесна з рэдакцыяй MOST аднаўляе цыкл гістарычных матэрыялаў з успамінамі гродзенцаў, народжаных у міжваенны перыяд. Гэта гісторыі, якія ўвойдуць у новую кнігу журналіста Руслана Кулевіча «Апошнія сведкі Гродна». Яна і пра тых гродзенцаў, што пасля вайны пераехалі ў Польшчу, і пра тых, што засталіся ў Беларусі. А некаторыя з герояў у савецкія часы наогул перабраліся ўглыб СССР.

Бацькоў Каміліі звалі Юзаф і Мар’я. Яны мелі пяць гектараў зямлі ў Кульбаках. Сям’я была адукаваная. Бацька ў царскі час быў пісарам у скарбніка. У сям'і было чацвёра дзяцей: Камілія і тры браты.

У 1931 годзе Камілія паступіла ў гродзенскую школу № 4 («чвурку») на Легіяновай вуліцы. Школа была бясплатнай. На заняткі вясковыя дзеці хадзілі з Кульбак у Гродна пешшу больш за пяць кіламетраў. Таму ўставалі а шостай гадзіне, каб да дзявятай паспець у школу.

— Вельмі добрая школа была, у ёй было ўсяго шэсць класаў. Настаўнікам гісторыі быў пан Пулькоўскі, былі яшчэ пані Вроньска і пані Скіндарова — усіх памятаю. Пасля заканчэння школы я паступіла ў «cюдэмку» (школу № 7 — рэд.) на Ажэшкі, дзе цяпер універсітэт. Пайшла там у сёмы клас. Нас там вучылі шыць, гатаваць, кагосьці будаўніцтву, а яшчэ ксёндз прыходзіў і выкладаў рэлігію. Вучылі вельмі добра. Памятаю, як з бацькам за руку пешшу хадзілі ў Бернардынскі касцёл. Там імша была на лацінскай мове. Усё пыталася ў бацькі: калі ўжо канец, калі канец. А зімой бацька браў сані і вёз нас у горад. На Ажэшкі ў яўрэя Блёмберга была кавярня. Бацька ставіў сані, і мы пілі там гарбату.

Пасля сёмага класа Камілія паступіла ў Гродзенскую гімназію, якая знаходзілася каля гарадскога тэатра. Там яна вывучала французскую мову.

Камілія згадвае, што ў даваенныя гады Гродна быў вельмі прыгожым горадам з рознымі крамамі і ўстановамі. У горадзе ў сям'і Талочкаў было шмат знаёмых, але адну Камілію ў Гродна бацькі баяліся адпускаць.

— Але ў Кульбаках таксама было весела. Моладзь запрашала на прываткі (закрытыя моладзевыя імпрэзы ў кватэрах — рэд.). Бацька не адпускаў мяне адну: хлопец павінен быў прыйсці і сказаць — запрашаю, правесці і вярнуць дадому. Бацькі арганізоўвалі абеды, хлопцы і дзяўчаты танцавалі. Былі і тыя, хто граў на музычных інструментах. А часам да вайны выбіраліся кампаніяй у Гродна — хадзілі ў кінатэатр «Пан» на Вітальдавай вуліцы (сёння кінатэатр «Чырвоная зорка» на Сацыялістычнай — рэд.).

«Вывезлі некалькі чалавек у Казахстан — амаль ніхто не вярнуўся»

Калі ў 1939 годзе прыйшлі саветы, Камілія размаўляла толькі на польскай мове. У Кульбаках жыў пан Качан, які пасля прыходу новай улады збіраў дзяцей па вечарах і вучыў рускай мове.

Пры саветах у Гродне зачынілі гімназію, дзе вучылася Камілія. У 1939 годзе яна адвучылася там няпоўны год.

— Са мной вучылася Марыся Аўгустыновіч. Яе бацька валодаў фабрыкай кавы на Паўночнай вуліцы. Фабрыка называлася «Кава дзядзькі Тома», яны выпускалі кававыя таблеткі. Марыся прыносіла ў школу гэтыя таблеткі ў пакетах, і мы іх грызлі. Калі прыйшлі саветы, яе бацьку тут жа ноччу забралі і расстралялі ў лесе над Нёманам. Тады арыштавалі ўсю інтэлігенцыю ў Гродне: дактароў, ксяндзоў. Усіх забралі. Пачалі высяляць з Гродна тых, у каго сваякі былі афіцэрамі. Да нас прыехала з Гродна пані Эва Бярнацкая з дзецьмі — Тадзікам і Ясяй. Яся была майго года, а Тадзік на два гады старэйшы. Іх выселілі з Гродна, бо бацька быў польскім афіцэрам. Мой бацька дазволіў ім жыць у нас, вылучыў пакой. Маці іх была швачкай, шыла крыху для нас і для іншых людзей. З ёй разлічваліся прадуктамі, хлебам, так і жылі.

Фабрыка «Kawa Toma» працавала на вуліцы Паўночнай (сённяшняй Валковіча) і прадукавала сурагат кавы з жалудоў і цыкорыя ў тым ліку ў выглядзе спрэсаваных кубікаў.

Але сям’ю Бярнацкіх усё ж такі забралі саветы, згадвае Камілія. Кажа, што маці і дачку ў выніку расстралялі ў Адамавічах над Нёманам. Пры якіх абставінах — не памятае. Сын Бярнацкіх Тадзік змог уцячы і нейкім чынам апынуўся ў Германіі. Потым ён вярнуўся ў Польшчу і жыў у Гданьску.

— Пасля вайны мая суседка Дануся Клавец выехала ў Сопат і сустрэлася з Тадзікам Бярнацкім. Калі ён даведаўся, што яна з Кульбакаў, спытаў, ці жывая Камілія, і папрасіў мой адрас. Тады я ўжо была замужам, муж быў вельмі раўнівы. Ён сказаў: «Паглядзі, столькі гадоў цябе шукаў кавалер». Тадзік прыязджаў у Гродна з польскай дэлегацыяй. Наведвалі помнік Ажэшцы, касцёл. Але я з ім не сустрэлася, муж не пусціў, ён быў вельмі раўнівы. Потым Тадзік пісаў мне лісты. Толькі праз гады мая ўнучка знайшла яго сына.

Чытайце таксама: Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

У 1939−1941 гадах савецкая ўлада шукала ўсіх нязгодных на занятых тэрыторыях у Заходняй Беларусі. У першую чаргу рэпрэсіравалі сем'і вайскоўцаў, паліцэйскіх, леснікоў, чыноўнікаў і памешчыкаў. Па ўспамінах Каміліі, з Кульбакаў вывезлі некалькі чалавек у Казахстан — амаль ніхто не вярнуўся.

У сям'і Талочка баяліся, што і іх таксама вывезуць, бацька Каміліі нават сабраў рэчы. Камілія думае, што гэтаму перашкодзіла савецка-нямецкая вайна, якая пачалася ў 1941 годзе.

— Адной з нямногіх, хто вярнулася ў Кульбакі, была суседка Эльвіра Кульвоцкая. Яе кавалер змог нейкім чынам забраць у Польшчу. А іншая суседка Ванда Глебоўна, якая не вярнулася, у лісце пісала:

Ukochane nasze Grodno, piękne ponad cały świat,
Tu się rodził, tu wychował, tu wspomnienia młodych lat.
A w tym Grodnie każdy rządzi, kto przychodzi — to już pan.
Nam kazali się wynosić i wywieźli w Kazachstan.
My nadziei nie tracimy i do Grodna powrócimy,
Matce Boskiej Kongregackiej na kolanach hołd złożymy!

У перакладзе з польскай мовы:

Любімае нашае Гродна, найпрыгажэйшае ў свеце
Тут нарадзіўся, тут вырас, тут успаміны маладых гадоў
А ў тым Гродне кожны кіруе, хто прыходзіць — ужо пан
Нам сказалі вымятацца і вывезлі ў Казахстан
Мы надзеі не губляем і ў Гродна вернемся
Маці Божай Кангрэгацкай на каленях паклонімся.

Абраз Маці Божай Кангрэгацкай — галоўная святыня гродзенскіх католікаў. З’яўляецца копіяй абраза Маці Божай Снежнай з Рыму. Захоўваецца ў Гродне ў Фарным касцёле з канца XVII стагоддзя. Вернікі лічаць яго цудадзейным.


Перш чым вы працягнеце чытаць гэты артыкул, калі ласка, падтрымайце рэдакцыю Hrodna.life, калі гэта бяспечна для вас. А калі ёсць магчымасць — аформіце рэгулярную падтрымку.

Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!


Бацька пры немцах быў солтысам

Калі пачалася савецка-нямецкая вайна ў 1941 годзе, сям’я Каміліі хавалася ў падвале пад домам. Хаты ў Кульбаках гарэлі. У Гродне падалі бомбы.

Паводле ўспамінаў жанчыны, нямецкая ўлада прымушала жыхароў вёскі капаць торф. Яўрэяў з Гродзенскага гета таксама адпраўлялі капаць торф, саджаць каноплі, а потым плесці з іх.

Брат бацькі Каміліі, Казімір Талочка, падчас вайны ўладкаваўся чысціць каналізацыю ў Гродне. На возе ён вывозіў з гета фекаліі, а калі заязджаў назад, то хаваў у бочкі ежу. Яўрэі разлічваліся золатам і ўсім, чым маглі. Дзякуючы гэтаму пры немцах ён разбагацеў.

— Калі ў мяне было вяселле, дзядзька падарыў пяць рублёў золатам. У Казіміра было двое дарослых дзяцей. Дачка Галя была падобная да яўрэйкі. Яе немцы забралі і расстралялі. Таксама расстралялі жонку і сына — па невядомых прычынах. Ён застаўся адзін у сваім доме ў Кульбаках, яму дапамагала служанка.

Камілія ўзгадвае, што пры немцах у Гродне моладзь 1924 і 1925 гадоў вывозілі ў Германію. Яна таксама патрапіла ў спіс на адпраўку, але дапамагла сваячка, якая працавала ў Гродне ў адміністрацыі: яна змяніла год нараджэння Каміліі на 1928.

— Так і пранесла. Яшчэ хацелі вывезці майго аднаго брата, але ён хаваўся. Немцы яго шукалі. Браты Эдвард і Юзаф разам з мясцовай моладдзю спачатку хаваліся ў лесе, і сям’я доўга не ведала, што з імі. Але адзін сусед, які быў з імі, расказаў, што яны арганізаваліся ў лесе і пайшлі ў Польшчу, уступілі ў Армію Краёву. Ваявалі пад Варшавай, а пасля вайны працавалі там.

Пры немцах бацьку Каміліі прызначылі солтысам (старастам вёскі - Hrodna.life) у Кульбаках. Для сябе ён вёў спісы, каго забілі і вывезлі. Немцы часта прыходзілі ў дом Каміліі, каб пагаварыць з солтысам.

— Такія элегантныя, чысцюткія, начышчаныя. Часам частавалі цукеркамі, салодкім. І толькі: «Масла, яйка — давайце ўсё». Маці трохі размаўляла па-нямецку. Аднойчы яны сядзелі ў нас на ганку, і маці ім сказала, што вайна — гэта ж дрэнна. Адзін з іх сказаў, што ўцёк бы дадому: «Там жонка і дзеці. Гітлер нас прымусіў».

Калі раніцай у хаце Талочкі маглі быць немцы, то ноччу да солтыса ў Кульбаках прыходзілі партызаны — спачатку савецкія, а пасля і польскія. Бацьку Каміліі даводзілася дапамагаць усім. Аднойчы за такую дапамогу хтосьці ноччу падпаліў яго хлеў.

— Аднаго разу, калі прыйшлі савецкія партызаны, я выйшла і сказала ім ісці прэч, назваўшы іх пастухамі. Пасля вайны мяне за гэта забралі ў міліцыю. За тое, што, нібыта, я была супраць савецкай улады. Бацька паехаў разбірацца, падаў на калені, казаў, што я маладая і нічога не разумела. Не ведаю, што ён ім казаў і што даваў, але раніцай мяне адпусцілі. Бацьку пасля вайны, хоць ён і быў солтысам пры немцах, не чапалі.

Выдатнік Савецкага гандлю

Пасля вайны Каміліі дапамаглі ўладкавацца на працу ў гарадское статыстычнае ўпраўленне, дзе яна два гады працавала сакратаркай-машыністкай, а затым планавіком. У 1947 годзе Камілія выйшла замуж за фармацэўта. Вяселле адбылося ў Бернардынскім касцёле, дзе іх вянчаў ксёндз Курловіч.

— Калі пайшлі дзеці, стала цяжка жыць, давялося ісці вучыцца ў кааператыўны тэхнікум, асвойваць новую прафесію. Пасля вучобы я працавала ў ювелірнай краме 30 гадоў. За сваю працоўную дзейнасць атрымала ўзнагароды «Выдатнік савецкага гандлю» і «Ветэран працы».


Медыі ў выгнанні маюць абмежаваныя магчымасці зарабляць на рэкламе і прыцягваць партнёраў для сваіх праектаў. Калі ласка, падтрымайце нас, калі гэта для вас бяспечна.

Мы працягваем працаваць для гродзенцаў ва ўсім свеце дзякуючы вашай падтрымцы!