Спадчына

«Усэмка» на Базыліянскай: школа, якая памятае страшныя часы

Каля гарадской гімназіі па вул. Парыжскай Камуны стаіць помнік настаўнікам і вучням часоў Другой Сусветнай (або, дакладней, Вялікай Айчыннай) вайны. Праўда, у гады вайны школы на гэтым месцы не было, а вось дзе варта было б паставіць такі помнік, дык гэта каля спецыяльнай школы № 4 па вуліцы Лермантава, якая шмат дзесяцігоддзяў таму мела № 8.

Паставіць хату за адну ноч

Пасля Першай сусветнай вайны Гродна пачаў досыць імкліва павялічвацца на поўнач. Гродзенцы любілі тут сяліцца пачынаючы з сярэдзіны ХІХ ст., паколькі тут, на так званай Загараднай Слабадзе, або Слабодцы, паблізу ад Каложскіх (або Базыліянскіх) агародаў, паветра было значна чысцейшае, чым у цэнтры.

Від ад скрыжавання Лермантава і Чкалава
З 1920-х гг. раён значна павялічыўся. З’явілася вуліца Базыліянская (цяпер Лермантава), названая ў гонар базыліянскага грэка-каталіцкага манастыра на Каложы, паўстаў цэлы яўрэйскі квартал вакол новай гарадской рэзьні (цяпер вуліца Камунальная) ды гараской бальніцы (цяпер бальніца № 1). А простыя сяляне з ваколіц Гродна пачалі сяліцца на схілах незаселенага тады Пярэселкаўскага рва. Людзі стараліся за ноч паставіць хаця б якую халупку і накрыць яе дахам. Тады ўлады дом ужо не зносілі.

Малітва, кубак малака і найдабрэйшы дырэктар

Гэты раён аказаўся адным з найбольш маладых у Гродне. Улады прынялі рашэнне пабудаваць тут школу, якая атрымала № 8. Вялікі драўляны будынак паўстаў пры вуліцы Базыліянскай, самай «прэзентацыйнай вуліцы» на былой Слабодцы. Ужо з канца 1920-х гг. тут гучалі дзіцячыя галасы. Большасць вучняў былі хрысціянамі - дзецьмі небагатых месцічаў (90% дзяцей яўрэйскага паходжання вучыліся ў сваіх пачатковых школах).

Вучні і настаўнікі школы № 8. Справа стаіць дырэктар Юзаф Вевюрскі
Сёння ў Гродне жыве толькі некалькі чалавек, якія хадзілі ў даваенную школу — «усэмку» ў якасці вучняў. Яны згадваюць ранішнюю хрысціянскую малітву перад пачаткам вучобы, традыцыйны кубак малака, якім дакармлівалі найбяднейшых дзяцей польскія ўлады, а таксама найдабрэйшага дырэктара школы, бацьку чатырох дзяцей прафесара Юзафа Вевюрскага. Той жыў у драўляным доміку паблізу і ніколі не караў вучняў, больш чым гадзінным стаяннем каля «зэгара» — вялікага гадзінніка на школьным калідоры.
Дом дырэктара, які з’явіўся каля 1937 года
Тут жа, на вуліцах Жвіркі і Вігуры (цяпер Чкалава і Асіпенкі) ў так званай Настаўніцкай калоніі жылі іншыя настаўнікі школы, якія збольшага не былі карэннымі гродзенцамі і прыехалі з Пазнаньшчыны або Галіцыі.

Інтэлігенцыю бралі ў закладнікі

З пачаткам вайны ў 1939 г. большасць гродзенцаў працягвала працаваць ужо ў беларускай школе. А вось немцы ў 1941 г. забаранілі любое навучанне не на польскай мове, зрабіўшы ў былой школе казарму для жандармерыі.

Былыя вучаніцы школы чысцілі бульбу для вайсковай кухні, а настаўнікі перабіваліся часовымі заробкамі. Пачынаючы з лета 1942 года фашысты пачалі арыштоўваць прадстаўнікоў інтэлігенцыі і браць іх у закладнікі за забітых нямецкіх вайскоўцаў. Так быў арыштаваны і дырэктар Юзаф Вевюрскі. Яго павінны былі растраляць, але па просьбе бяздзетнага прафесара Яна Каханоўскага, стваральніка гродзенскага заапарка, Вевюрскага замянілі Каханоўскім. Так загінуў адзін з найбольш знкамітых гродзенцаў, паўтарыўшы подзвіг каталіцкага святога Максіміліяна Кольбэ.

Праект рэканструкцыі школы, 1930-я гг.
Дырэктар Вевюрскі пражыў на вуліцы Чвартацкай яшчэ год, пакуль ізноў не быў арыштаваны фашыстамі як закладнік і не расстраляны імі. Гэтым разам выратаваць яго ўжо не было каму… Разам з Вевюрскім былі расстраляныя яшчэ некалькі настаўнікаў восьмай школы і члены іх сем’яў.
Від з боку вул. Лермантава, былой Базыліянскай

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024