Альпінізмам Васіль займаецца ўжо больш за тры гады. Два гады таму ён узыйшоў на самую высокую кропку Еўропы — Эльбрус, а два месяцы таму вярнуўся з Афрыкі, дзе скараў Кіліманджара.
Да скарэння вяршыняў свету Васіль стаў рыхтавацца загадзя: загартоўваўся, трэніраваў вытрымаласць — бегаў і займаўся спецыяльнай хадой. Хлопец лічыць, што непадрыхтаваным людзям пакараць высокія кропкі будзе вельмі складана.
«Для альпіністаў у высокіх гарах вельмі важна не захварэць. Фактараў шмат, ад марознага віскуценя [пранізлівага ветру] да вымушанай начоўкі ў мокрым спальніку, калі за сценкай палаткі мароз. Каб скараць горы, трэба мець нейкі запас здароўя. Таксама неабходна мець пэўны рыштунак, спецыяльны абутак, тэрмабялізну і спецыяльнае адзенне для адвядзення пару ад цела.
Упершыню сабраўшыся ў горы, я неяк не задумваўся пра сучасныя бытавыя ўмовы, бо мыцца і хадзіць у нармальную прыбіральню там няма дзе. Гэта 10 або больш дзён без нармальных умоў. Вады там няма ніякай. Хоць у Афрыцы бываюць такія дажджы, што ў непрамакальнай вопратцы пасля пяці гадзін можна сказаць, выкупаўся ў рацэ", — распавядае Васіль.
У планах Васіля падняцца на сем самых высокіх вяршыняў свету. Нядаўна ён вярнуўся з экспедыцыіна Кіліманджара, вышыня якой амаль 6 км.
«Гэта маё другое ўзыходжанне, пасля Эльбруса. Хоць Кіліманджара і знаходзіцца на экватары, але туды мне было прасцей дабірацца, чым да іншых вяршыняў з гэтага спісу. На гэта паўплывала цана квіткоў, колькасць стыковак, чаканняў у аэрапорце, візавы рэжым, аплата знаходжання на гары і многае іншае».
Васіль распавядае, што ўзыходжанне на Кіліманджара абыходзіцца звычайнаму чалавеку прыкладна ў 3−5 тысяч долараў. Шмат грошай сыходзіць на тое, каб дабрацца да падножжа гор. У асноўным такія вяршыні знаходзяцца ў цяжкадаступных месцах у аддаленні ад цывілізацыі. Таму шматлікія пералёты, стыкоўкі, чаканні і начоўкі ў аэрапортах, сустрэча спадарожнікаў, можа заняць некалькі сутак. Да прыкладу, шлях з Мінска да горада Мошы ля падножжа Кіліманджара заняў у Васіля каля трох сутак.
«Усяго існуе сем маршрутаў на Кіліманджара. Кожны мае пэўныя плюсы і мінусы. Ёсць прыгожыя, але складаныя маршруты. Або маршрут добры для акліматызацыі, але праходзіць ён па аднастайнай камяністай пустыні, вельмі падобнай на марсіянскі пейзаж. Урад Танзаніі ў пэўны момант зразумеў, што узыходжанне на гару гэта залатая жыла для дзяржавы. Таму існуюць пэўныя ўмовы, якія неабходна выконваць. Альпіністы павінны наймаць менавіта танзанійскіх работнікаў, якія маюць ліцэнзію на гэтыя віды паслуг. А таксама трэба аплачваць знаходжанне ў парку „Кіліманджара“, адны суткі каштуюць 140 долараў».
Каб падняцца на самую высокую кропку Афрыкі трэба прайсці праз шэраг цяжкасцяў - быць на скраі прорвы, пераадольваць маршрут ноччу, а таксама ісці пры экватарыяльных залевах.
«Ёсць такі ўчастак «Скала пацалункаў», дзе трэба пераступіць цераз прорву. Там трэба прыстаўным крокам, бокам, прыціснуўшыся тварам да скалы, зрабіць крок праз прорву. Таму ўсе альпіністы максімальна ўціскаюцца ў скалу і труцца тварам па ёй. Ад гэтага яна і атрымала назву «Скала пацалункаў».
Яшчэ адна цяжкасць — пачатак штурму вяршыні ноччу, гэта вельмі нязручна, але чамусьці так прынята на Кіліманджара. Ноччу ісці больш небяспечна, таму няма магчымасці ісці ў сваім тэмпе, бо інструктар патрабуе ад усіх ісці строем. Усе павінны прытрымлівацца аднаго тэмпу".
Таксама многія сутыкаюцца з экватарыяльнымi дажджамі. Мы былі ў кастрычніку, а ў лістападзе ў Танзаніі сезон дажджоў. Мы трапілі ў дождж, які ішоў пяць гадзін, на працягу ўсяго нашага дзённага пераходу. Дзесьці даводзілася караскацца па скалах, па якіх цяклі ўжо ручаі вады. Кладзеш рукі на выступ, а табе ў рукавы зацякае вада, прыемнага ад гэтага мала. З-за праліўнога дажджу ўсе рэчы намакаюць, а высушыць іх няма дзе. Вогнішча на вышыні паліць няма чым, а ад газавай гарэлкі ўсе рэчы групы не прасушыць. Таму даводзіцца спаць ноч пасля пераходу ў мокрых рэчах, а на вуліцы пры гэтым ад 0 да +5 градусаў".
Васіль распавядае, што на вялікіх вышынях даводзіцца надаваць вялікую ўвагу дыханню. Напрыклад, максімальна выдыхнуць вуглякіслы газ з лёгкіх, каб максімальна ўдыхнуць новую порцыю паветра. Варта не забываць і пра пякучае сонца.
«Там на версе вельмі моцная сонечная інсаляцыя. Сонцаахоўныя крэмы, балаклава, спецыяльныя акуляры — неабходныя атрыбуты для альпіністаў, якія збіраюцца пакараць высокія кропкі. У нас быў выпадак на вяршыні гары Эльбрус. Мой таварыш зняў балаклаву бо сапсавалася надвор’е і пачаўся буран. Бачнасць стала нулявая, пацямнела і было адчуванне, што сонца няма. Але нават у такіх умовах сонечныя промні нанеслі апёк на яго твары. Ён пакрыўся пухірамі быццам даткнуўся да распаленай духоўкі».
Васіль распавядае, што пераадолець Кіліманджара для яго было лягчэй, чым падняцца на Эльбрус. Але гэтыя месцы ў нечым падобныя, бо дабраўшыся туды можна ўбачыць неверагодна прыгожыя краявіды. Іх атрымоўваецца ўбачыць толькі тым, хто адважыўся на гэта рызыка.
«Усю прыгажосць там на гары не бачыш, толькі потым дома, калі праглядаеш фатаграфіі, усведамляеш, дзе ты быў. Успамінаюцца доўгія пераходы, начлегі ў мокрых спальніках. Часам перад сном у халодным і мокрым намёце прыходзілі думкі «што я тут раблю, навошта я сюды пайшоў?». Але раніцай прачынаешся і з новымі сіламі рухаешся да мэты. Я рады, што выканаў чарговую задачу. Няхай людзі адважваюцца, гэта таго варта — вопыт незабыўны. Там, на вялікай вышыні, можна знайсці сапраўдных сяброў. Людзі, якія там сустракаюцца, унікальныя і ўсё аказваюцца там не проста так «.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…