Праект зонаў аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці «Гістарычны цэнтр Гродна» уступіў у сілу 12 снежня. Праз тыдзень горад страціў яшчэ адзін непаўторны будынак. Узор драўлянай спадчыны Новага Свету гісторык і краязнаўца Мечыслаў Супрон назваў «найбольш каштоўным будынкам свайго роду ў Гродне». Што новага прынёс гораду прыняты дакумент і ці мог ён уратаваць дом на Валковіча, патлумачылі спецыялісты ў ахове спадчыны.

Рэвалюцыі ў ахове архітэктурнай спадчыны Гродна не адбылося. Гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч кажа, што цяпер проста ўсё зроблена больш сучасна. Дакладна вызначаны геаграфічныя каардынаты межаў, якія акружаюць цэнтр. Больш дакладна прапісана, дзе нельга змяняць рэльеф, насаджэнні, дзе забаронена ўзводзіць высокія будынкі.

«Вельмі добра, што цяпер нельга будаваць шматпавярховыя будынкі на нёманскай тэрасе насупраць замкаў. З іншага боку, цяпер дакладна можна ўваткнуць дваццаціпавярховы будынак у любым месцы горада па-за межамі гэтай зоны і ён адусюль будзе бачны».

«Гэта інструкцыя для выкарыстання тымі людзьмі, якія будуць займацца будаўнічымі працамі. Калі гэта ўсё будзе функцыянаваць, будзе класна, — мяркуе гісторык. — Лепш, калі будынак у спісе спадчыны, чым калі яго ў спісе няма, і лепш, калі ёсць ахоўная зона, чым калі яе няма».

Ахоўная зона ў Гродне не пашырылася, як калісьці хацелі гісторыкі, а засталася ў ранейшых межах. «Аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны (будынкі) ахоўваюцца дзяржавай як асобныя будынкі, да іх адзін падыход, — патлумачыў Андрэй Вашкевіч. — Да будынкаў, размешчаных у межах культурнай каштоўнасці - другі падыход. Новы Свет па-ранейшаму ўключаны дзвюма часткамі - некалькі дамоў у спісе, некалькі - не. Напрыклад, калі будынак у трэцяй катэгорыі [аховы] (гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія характарызуюць адметныя рысы спадчыны асобных рэгіёнаў рэспублікі; самая нізкая катэгорыя — HL), ён можа быць перабудаваны фактычна да аснавання: можа быць разабраны, потым адбудавана нешта падобнае».

Дазваляецца ўсё, што не забараняецца

Сцяпан Стурэйка, гісторык, старшыня Беларускага камітэта ICOMOS, адзначыў, што закон абавязвае мець зоны аховы да абсалютна ўсіх нерухомых каштоўнасцяў. Гэта і помнік Элізе Ажэшцы, і цэлы гістарычны цэнтр. Па факце ж яны ёсць далёка не ва ўсіх гістарычных будынкаў, а для цэнтраў гарадоў распрацоўваюцца наогул толькі цяпер у сувязі з прыняццем новых Генеральных планаў.

Як патлумачыў Стурэйка, зацвярджэнне Генплана развіцця горада без уліку зонаў аховы немагчымае. Гэта робіцца для кожнага гістарычнага цэнтра, унесенага ў спіс Гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Распрацоўваюцца зоны аховы як правіла «БелНДІПгорадабудаўніцтва» ў адпаведнасці з раней прынятай інструкцыяй.


Чытай таксама: Веларух, пажылыя гараджане і драўляная спадчына. Пра што забылі ў генплане для Гродна


У 2013 годзе былі зацверджаныя зоны для гістарычнага цэнтра Мінска, у 2017 — для Віцебска (там плошча ахоўнай зоны нават крыху большая, чым у Гродне), напачатку 2019 года — для Брэста. Гэта дакументы са стандартнай структурай. «Забараняльная» частка ва ўсіх праектах аднолькавая, амаль слова ў слова.

Але розніца ў дакументах існуе. Калі па іншых гарадах адразу за «забараняльнай» ідуць часткі «Дазваляецца» і «Рэкамендуецца», часам з вельмі канкрэтнымі пажаданнямі - напрыклад, у Мінску рэкамендуецца аднаўленне страчаных дамінант, дык у гродзенскім праекце гэтыя часткі адсутнічаюць у прынцыпе.

«Гэта азначае, што дазваляецца ўсё, што не забараняецца. Такі падыход параўнальна больш ліберальны, хаця абмежаванні там такія, што аб асаблівай свабодзе гаварыць не выпадае».

Перакос у стылізацыю

Наўрад ці цяпер зменіцца практыка кіравання гістарычным цэнтрам, лічыць Сцяпан Стурэйка.

«Нават да прыняцця гэтага дакумента, калі дзейнічалі нейкія часовыя нормы, падыходы да ўпарадкавання цэнтра ўжо не супярэчылі новым зацверджаным правілам. Прыгадайце хаця б аператыўную прыборку рэкламы «Кераміна» на фасадзе БІПа, апошнія новыя будоўлі ў цэнтры — Урыцкага, Замкавая, Калючынская — усё гэта адтварэнне гістарычнай забудовы ў новых гаспадарчых умовах. Нават там, дзе пра «аднаўленне» можна казаць з нацяжкай — будынкі на Вялікай Траецкай і за «БелВЭБам» — гэтае новае ўсё роўна спрабуе апеляваць да гістарычных формаў.

Добра гэта ці кепска — пытанне спрадвечнай дыскусіі пра тое, якой мае быць архітэктура ў гістарычным цэнтры — сучаснай ці стылізаванай. Вось, у нас відавочны перакос у стылізацыю, цяпер нават паводле нарматыўнай базы".

Закон пра зону: ці дапаможа новы дакумент уратаваць Гродна ад разбурэння
Так мусіць выглядаць новы гандлёвы цэнтр на Вялікай Траецкай паводле праекту

Археалогія: нагляд замест раскопак і добраўпарадкаванне ўсляпую

Археолаг, кандыдат гістарычных навук Мікола Плавінскі ў прынятай пастанове бачыць наўпроставую небяспеку для археалагічнай спадчыны — культурнага слоя. Плошча яго аховы ў Гродне, паводле дакумента, 167,6 га. У невялікай частцы, прысвечанай умовам аховы культурнага слою (глава 6, п. 43) дакладна вызначана, што «пры выкананні земляных работ на тэрыторыі зоны аховы культурнага пласта (слоя) неабходна забяспечыць правядзенне археалагічнага нагляду і рэалізацыю мер па ахове археалагічных аб’ектаў».

Гэты пункт, на думку спецыяліста, завуалявана прадугледжвае магчымасць правядзення любых земляных працаў без раскопак, а толькі з археалагічным наглядам. Практыка сённяшняга археалагічнага нагляду складаецца ў тым, што праекціроўшчык заключае дамову на правядзенне працаў у прысутнасці археолага.

«Будзе нейкі катлаван, у ім будзе працаваць бульдозер, і археолаг будзе за ім сачыць. У выпадку знаходкі чагосьці ўнікальнага ён можа спыніць працы», — тлумачыць Мікола Плавінскі. Археалагічны нагляд праводзяць у выпадках, калі будаўнічыя працы вядуцца ў месцах, дзе можа быць выяўлены культурны слой.

Закон пра зону: ці дапаможа новы дакумент уратаваць Гродна ад разбурэння
Зямля з траншэі ў час будаўнічых працаў за гасцініцай «Нёман» у 2008 г. Фота harodnia.com
На думку спецыяліста, абсурд сітуацыі ў тым, што раз зацверджана зона аховы культурнага слоя — значыць, ужо вядома, што ён там ёсць.

«Калі мы ахоўваем культурны слой, не можа быць ніякай працы без папярэдніх археалагічных раскопак, — сцвярджае археолаг. — Зыходзячы з гэтай пастановы, праекціроўшчык будзе заключаць дамову на ўстанаўленне нагляду, бо менавіта так яму кажа дакумент. У Гродне мы вяртаемся да перапланіроўкі Савецкай плошчы, нядаўніх працаў на Новым замку, на Вялікай Траецкай і г. д.».

Закон пра зону: ці дапаможа новы дакумент уратаваць Гродна ад разбурэння
Гродзенскія гісторыкі дапамагаюць археолагу, які здзяйсняў нагляд за будоўляй на Вялікай Траецкай, 2019 г. Час працаў быў вельмі абмежаваны
Таксама небяспечным яму падаецца пункт пра добраўпарадкаванне (глава 3, п. 14). Дакумент сцвярджае, што на тэрыторыі ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасці забараняецца «добраўпарадкаванне тэрыторыі без захавання элементаў гістарычнай планіроўкі і ўліку традыцыйных прыёмаў і матэрыялаў».

Як заўважыў Мікола Плавінскі, пра археалогію пры гэтым гаворка ўвогуле не ідзе. А добраўпарадкаванне — паняцце даволі шырокае. Гэта можа быць усталяванне нейкіх заглыбленых канструкцый, разроўніванне глебы і г. д.

«На прыкладзе Мінска мы неаднаразова бачылі, што добраўпарадкаванне можа знішчаць слой на глыбіню двух метраў. У Гальшанах таксама было добраўпарадкаванне. Гэта могуць быць нейкія архітэктурныя працы, якія фармальна мінімальна ўплываюць на знешні выгляд, напрыклад, цеплаізаляцыя, якая прыводзіць да велізарных земляных прац. Добраўпарадкаваннем можна назваць і леташнія працы на Новым замку — перакладванне камунікацый».

Закон пра зону: ці дапаможа новы дакумент уратаваць Гродна ад разбурэння
У 2018 г. у час перакладвання трубаў на тэрыторыі Новага замка знайшлі мур XII ст. Фота s**boda.org

Закон пра зону: ці дапаможа новы дакумент уратаваць Гродна ад разбурэння
Пячатка Уладзіміра Манамаха, якую знайшлі восенню 2019 у час працаў на Новым замку. Фота Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея
Мікола Плавінскі перакананы, што прыняцце падобных дакументаў - заканадаўчая падрыхтоўка да вялікіх будаўнічых прац, якія чакаюць Гродна бліжэйшым часам.

«З'явіўся „бязвіз“, з’явіліся грошы, хутка будзе тое, што адбывалася ў Мінску гадоў дзесяць таму. Ушчыльняльная забудова, якая не змяняе фасадаў, ці магчымасць зносу будынка і пабудовы новага, падобнага да яго. Гэты дакумент, у тым ліку, адкрывае шлях для гэтых прац».

Дом на Валковіча быў асуджаны

Антон Астаповіч, беларускі гісторык-этнолаг і культуролаг, старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, лічыць, што ў складзенай сітуацыі дом на Валковіча не меў шанцаў.

Закон пра зону: ці дапаможа новы дакумент уратаваць Гродна ад разбурэння
Дом па Валковіча № 23 так і не ўключылі ў спіс спадчыны
«Будынкі, што не маюць статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і якія зараз увайшлі ў ахоўную зону, і раней былі пад пагрозай, — канстатаваў ён. — На схеме ахоўных зон пазначаны асобным колерам будынкі, вызначаныя як гістарычныя пабудовы. Элементы гістарычнай шэраговай забудовы вызначаюць распрацоўшчыкі пастановы аб ахоўных зонах. Калі нейкія будынкі не ўваходзяць у гэты пералік, мы хоць галаву разаб’ем, але для праекціроўшчыкаў, чыноўнікаў - гэта некаштоўная архітэктура. Калі рашэнне выканкама аб зносе было прынята раней, чым зацверджана пастанова, і дом знаходзіцца ў зоне аховы, то ўсё роўна фармальна знос у межах закона».
Дом на валковича
Знос дома на Валковіча, 19.12.2019 год
Сцяпан Стурэйка жа нагадаў, што абгрунтаваць знос можна і ў выпадку, калі будынак — гісторыка-культурная каштоўнасць:

«Проста гэта патрабуе дадатковых працэдур. З гэтым домам на Валковіча — сітуацыя была складаная. Калі проста прыкінуць рэалістычны сцэнар яго захавання, то гэта атрымліваецца вельмі няпроста.

Наколькі разумею, калі б захавалася ягонае драўлянае аблічча, гэта б цалкам задаволіла гродзенскую грамадскасць. А як гэта зрабіць? Прадаваць будынак з умовай захавання драўляных фасадаў? Наколькі гэта адпавядала бы дзейным нормам праектавання і будаўніцтва…

Выстаўляць патрабаванні было б прасцей, калі б гэта была гісторыка-культурная каштоўнасць. Але ў такім выпадку інвестыцыйная прывабнасць аб’екта рэзка бы панізілася. Бо статус каштоўнасці - гэта абцяжарванне, якое трэба нечым кампенсаваць. Напрыклад, коштам продажу. А тады нявыгадна, і не факт, што ўрэшце ўсё роўна атрымаецца захаваць. Гэта такая пастка.

Затое цяпер, згодна з праектам аховы, сапраўды, тыя, хто будуць праектаваць новую пабудову, маюць улічваць гістарычны характар страчанага. Тое самае і з іншымі драўлянымі будынкамі".

Што рабіць з драўлянай спадчынай

Сцяпан Стурэйка лічыць, што Валковіча, 23 — не апошняя страта. Ён мяркуе, што ў дзейнай сістэме нарматыўна-прававых актаў, пры цяперашнім стане эканомікі, пры тым стане пабудоў, асабліва драўляных, можна з упэўненасцю казаць, што зносы будуць працягвацца.

«Шматлікім будынкам наканавана памерці. Магчыма, гэта варта прызнаць і прадумаць нейкія іншыя падыходы да працы з гэтай спадчынай? Гэта так сама, як і з людзьмі. Калі памірае 100-гадовы чалавек, усе засяроджаны на годным развітанні, а не на ўзаемных абвінавачваннях».

Як станоўчы прыклад развязання сітуацыі страты ўнікальных драўляных будынкаў Стурэйка прыводзіць ініцыятыву з Гомеля. Там ліштвы са знесеных дамоў захавалі і змясцілі ў інтэр'еры ўніверсітэта транспарту.

«У Гродне не атрымаецца захаваць усяго, што хацелася б гісторыкам. А што казаць пра вобласць? Драўляная архітэктура, старыя млыны, закінутыя сядзібы, былыя сінагогі - добра калі 20−30% атрымаецца захаваць. Таму трэба ўжо зараз вырашаць, на што з гэтага накіроўваць асаблівую ўвагу і рэсурсы, якім чынам працаваць з усім астатнім, як гэта вывучаць, як захоўваць памяць, як выкарыстоўваць для бягучых патрэбаў, для сацыяльных і турыстычных патрэбаў, і г. д.

А калі ў нас у публічнай сферы пераважае перакананне аб татальнай адказнасці дзяржавы за ўсе аб’екты, аб апрыёрнай зламыснасці інвестараў і бяздарнасці архітэктараў з рэстаўратарамі, дык ці варта чакаць канструктыўных ідэй і прадуктыўных абмеркаванняў лёсу спадчыны…"

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]