Беларусы, якія стаяць на консульскім уліку за мяжой, больш не змогуць мяняць ці атрымліваць там пашпарты. Таксама значна звузіўся спіс дзеянняў, якія магчыма зрабіць без асабістай прысутнасці ў Беларусі або даверанасці, аформленай на радзіме. З яго знікнуць ці не найбольш запатрабаваныя працэдуры. Якія наступствы нясе новы ўказ, які абмяжоўвае магчымасць беларусаў карыстацца консульскімі паслугамі?

«Краіны, у якія масава выязджалі беларусы ў сувязі з палітычнымі пераследамі, могуць сутыкнуцца з тым, што колькасць беларусаў са скончанымі праязнымі дакументамі будзе павялічвацца. Гэтая сітуацыя патрабуе сістэмнага рашэння», — пракаментавала для Hrodna.life Крысціна Рыхтэр, дарадчыца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях. Такім рашэннем мог бы стаць пашпарт Новай Беларусі, мяркуе яна.

Што не змогуць рабіць беларусы

«Без асабістай прысутнасці альбо без даверанасці, аформленай у Беларусі, немагчыма будзе прадаць кватэру ці аўто, а таксама немагчыма будзе атрымліваць даведкі і пасведчанні з ЗАГСаў і паставіць апастыль», — дадала юрыстка. Немагчымымі стануць настрыфікацыя дыплома, або нават шлюб за мяжой — бо для гэтага звычайна патрэбна даведка аб адсутнасці шлюбу ў Беларусі.

Новы ўказ яшчэ не ўступіў у сілу, але рэгістратары БТІ ўжо адмаўляюцца праводзіць угоды на аснове даверанасцей, аформленых за мяжою, піша «Наша Ніва».

У беларускіх пасольстваў застаецца толькі магчымасць выдачы даведкі для вяртання ў Беларусь у выпадку страты або несапраўднасці пашпарта і шэрагу дакументаў.

Колькі беларусаў пацерпіць?

«Цяжка прадбачыць [наколькі вялікай колькасці людзей гэта можа тычыцца — Hrodna.life], бо цяпер гэтая праблема закране не толькі тых, хто выехаў з Беларусі пасля падзей 2020 года, але і тых, хто зрабіў гэта нашмат раней. Паводле папярэдніх ацэнак, адмова ў прадастаўленні консульскіх паслуг можа закрануць сотні тысяч беларусаў па ўсім свеце», — мяркуе Крысціна Рыхтэр.

Можна ўзяць лічбу 200 тысяч чалавек, і ўлічыць, што пашпарт у Беларусі выдаецца на 10 гадоў. Па тэорыі матэматычнай статыстыкі 200 тысяч трэба дзяліць на 10. Верагодна, кожны год будзе сканчацца прыкладна аднолькавая частка пашпартоў: 20 тысяч — у 2024-м, яшчэ 20 тысяч — у 2025-м і гэтак далей, падлічыў беларускі юрыст для «Нашай Нівы».

«То-бок кожны год Еўропа будзе атрымліваць па некалькі дзясяткаў тысяч беларусаў, якія не маюць дзейных пашпартоў і не могуць пацвердзіць сваё грамадзянства. Гэта будзе праблемай для краін, дзе жывуць беларусы, і пытанне ў тым, наколькі сур’ёзна яны будуць да гэтай праблемы ставіцца», — кажа ён.

Што можна зрабіць?

Тым не менш, і ў такой сітуацыі ёсць выйсце. Напрыклад, Польшча і Літва выдаюць праязныя дакументы — так званы пашпарт замежніка — для беларусаў, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта, але ёсць права легальна знаходзіцца ў краіне, нагадвае «Цэнтр беларускай салідарнасці» (ЦБС).

У Польшчы такі дакумент можна атрымаць, калі вы знаходзіцеся там на ​​падставе:

  • дазвола на часовае знаходжанне (pobyt czasowy);
  • дазвола на сталае знаходжанне (pobyt stały);
  • дазвола на знаходжанне доўгатэрміновага рэзідэнта Еўрасаюза;
  • дадатковай абароны;
  • дазвола на знаходжанне па гуманітарных прычынах.

Польскі праязны дакумент заменіць сабой беларускі пашпарт у паездках за мяжу (але толькі ў краінах, якія яго прызнаюць). Атрымаць бясплатную кансультацыю па атрыманні такога дакумента можна, звярнуўшыся ў ЦБС.

Другім рашэннем можа стаць атрыманне міжнароднай абароны. Калі ніводнай з вышэйпералічаных падстаў для знаходжання на тэрыторыі Польшчы ў чалавека няма, то ёсць магчымасць падаць заяву на атрыманне міжнароднай абароны ў Польшчы, пасля чаго ў з’явіцца магчымасць атрымаць Жэнеўскі пашпарт або той самы польскі праязны дакумент.

У Польшчы па пытаннях праязнога дакумента трэба звяртацца ў аддзел спраў замежнікаў, у Літве — у аддзел міграцыі.