Пяць месяцаў я збіраю гісторыі гродзенцаў, якія пакінулі Беларусь з-за палітычнага пераследу. Усе гэтыя расказы — пра вокамгненныя рашэнні кінуць усё неадкладна, просьбы аб дапамозе, расставанні з блізкімі на няпэўны час. У некаторых выпадках — пра нелегальны пераход мяжы. І пра надзею — на хуткае вяртанне, бяспеку пакінутых сяброў, лепшую будучыню. Пра гэта сведчыць хаця б тое, што мала хто з новых эмігрантаў з Беларусі просіць палітычнага прытулку ў суседніх краінах.
Афіцыйнай статыстыкі пра тое, колькі беларусаў па выніках пратэстаў збеглі ў Еўропу, у адкрытых крыніцах няма. Паводле дадзеных МУС, за верасень і кастрычнік 2020 года ў Польшчу, Украіну, Літву і Латвію выехалі каля 13 500 чалавек. На канец 2020 года прадаставіць статус бежанца прасілі: у Польшчы каля 300 грамадзян Беларусі, у Літве — 86, у Латвіі - 50,
ва Украіне — больш за 20.
Цяжэй за ўсё сталым героям такіх гісторый: у 60−70 гадоў яны вымушаныя працаваць на любой працы, пачынаць з пачатку ў чужой краіне. Цяжка ўявіць, што было б з імі без дапамогі супольнасцяў беларусаў за мяжой. Дзякуючы ім многія ўцекачы здолелі хутка адаптавацца.
Многія гродзенцы пераходзілі мяжу без віз і дакументаў. А, напрыклад, польскія памежнікі прапускалі іх без лішніх пытанняў - мяне ўразілі такія гісторыі. Адна з маіх крыніц інфармацыі пераходзіла мяжу па лясной сцежцы і вывела з Беларусі разам з сабой некалькі чалавек. Але публікаваць гісторыю гэтага чалавека час яшчэ не прыйшоў.
Мае героі, якія з’ехалі, упэўненыя, што лепш пакінуць краіну і нешта рабіць для Беларусі на волі, чым сядзець у турме і не рабіць нічога. Некаторыя не гатовыя размаўляць з журналістамі наогул — яны хвалююцца за сваякоў, якія засталіся ў краіне.
Чаму мне складана пра гэта пісаць?
Я і сам пакінуў краіну пасля пераследу з боку сілавікоў. Першы час я не мог сказаць сваім чытачам, што зрабіў гэта. Мне было сорамна прызнацца, бо я заўсёды быў на перадавой і нічога не баяўся. Быў прыкладам стойкасці для іншых калегаў.
Пасля майго затрымання дзяржаўныя прапагандысты раздулі маю справу і абгаварылі мяне на ўсю краіну па тэлевізары. У сацыяльных сетках выклалі мае кантакты, хатні адрас, палівалі брудам маіх жонку і маці.
Пачаліся званкі і пагрозы, выклікі ў Следчы камітэт. Працаваць у такіх умовах стала немагчыма, таму мы з жонкай вырашылі з’ехаць на час, каб аднавіцца за межамі краіны. Часовы ад’езд парадкам зацягнуўся. З Гродна мне рэгулярна паведамляюць пра тое, якія пытанні пра мяне сілавікі задаюць нават самым далёкім маім знаёмым.
Зараз я ў Латвіі, працую дыстанцыйна. Першы час хацелася ўсё кінуць і шукаць іншую працу. Я — частка Гродна і павінен быць там. Пісаць пра яго звонку — цяжка, у першую чаргу псіхалагічна. Невыносна не мець магчымасьці прыехаць у любую кропку горада на ровары за некалькі хвілін. Я — рэпарцёр і гэта — і ёсць мая праца.
Нашы героі, як і я, у адно імгненне апынуліся на чужыне, далёка ад родных, блізкіх і сяброў. Без звыклай працы, ладу жыцця.
Яны ў адзін голас кажуць: вернемся дадому пры першай жа магчымасці, таму палітычнага прытулку ў іншай краіне нам не трэба. І вельмі спадзяюцца на гэта.
У гэтым праекце сабраны іх гісторыі.
У сваёй працы Hrodna.life арыентуецца перадусім на супольнасць чытачоў. У цяжкую хвіліну мы спадзяемся на іх падтрымку.
Каб утрымаць штат журналістаў і офіс, мы просім вас пералічыць нам невялікую суму грошай. Але рабіце гэта толькі, калі вы ў бяспецы, напрыклад, за мяжой. І ні ў якім разе не з беларускай банкаўскай карткі!
З вашай дапамогай мы працягнем працаваць і расказваць тое, пра што маўчаць іншыя.