Людзі і справы

Праца для HBO, Netflix у планах. Чым займаецца гродзенец Эдвард Курчэўскі, адзін з аніматараў мультфільма-намінанта на «Оскар»

Сёлета ў трох намінацыях на «Оскар» прэтэндаваў мультфільм «Flugt» («Уцёкі»), сярод стваральнікаў якога — гродзенец Эдвард Курчэўскі. Гэтая праца ўжо паспела ўзяць 82 прэміі ў 59 конкурсах па ўсім свеце і атрымаць высокія ацэнкі крытыкаў.

Выхаваны ў звычайнай гродзенскай сям'і, Эдвард здолеў патрапіць на вучобу ў найлепшую анімацыйную школу Еўропы, паспяхова яе скончыў, а зараз рыхтуе сваіх вучняў і марыць пра ўласную студыю. Нядаўна ён пачаў бясплатна прымаць беларусаў на свой курс. Журналіст Hrodna.life пагаварыў з хлопцам пра мультфільм-намінант на «Оскара», які нечакана стаў надзвычай актуальным, анімацыю, кар’ерныя планы і будучыню Гродна.

Эдвард Курчэўскі — гродзенец. Пасля школы паехаў навучацца анімацыі ў Szkoła Filmowa w Łodzi (Польшча). Пасля яе вырашыў працягнуць адукацыю на анлайн-курсах Animationschool. Вывучыў французскую і паступіў у Gobelins l'école de l’image у Парыж. Гэтая вну лічыцца адной з найлепшых у свеце ў галіне анімацыі і найлепшай у Еўропе. Сродкі на першыя месяцы ў Парыжы сабраў праз краўдфандынг, першы год з аплатай навучання ў школе (7000 еўра) дапамагла сям’я, далей — зарабляў сам. Скончыў Gobelins у 2020 годзе. Выкладае анімацыю на анлайн-курсах, працуе над уласнымі праектамі.

Для мультфільма «Уцёкі» (Flugt, Данія, 2021) гродзенец Эдвард Курчэўскі рыхтаваў анімацыю. Яго запрасілі ў праект у 2019 годзе, калі ён вучыўся ў Gobelins. Эдвард працаваў над мультфільмам цягам двух месяцаў у час стажавання ў студыі-стваральніцы. Агулам жа мультфільм «Уцёкі» рыхтавалі блізу пяці гадоў. За ўвесь час на розных этапах над ім працавала 10−15 аніматараў, уся каманда праекта склала каля 30 чалавек.

«Уцёкі» (Flugt, 2021) — анімацыйны дакументальны фільм пра ўцекача з Афганістана, заснаваны на рэальнай гісторыі. Анімацыя ў ім пераплецена з гістарычнымі кадрамі. Хлопчыкам разам з сям’ёй герой цудам уцёк ад вайны — у Маскву часоў перабудовы, дзе сустрэў досыць варожую атмасферу. Далей сям’ю чакаў доўгі і складаны шлях нелегальнага пераезду ў Еўропу, дзе чакаў старэйшы брат героя. Больш за дваццаць гадоў Амін пражыў у Даніі, але нікому не расказваў праўду пра сябе і сям’ю. Герой стаў паспяховым навукоўцам, прыняў сваю ідэнтычнасць і рыхтуецца да шлюбу з хлопцам. Але сакрэт уцёкаў, што ён хаваў дагэтуль, нішчыць яго знутры.

Праца выйшла ў пачатку 2021 года. Мультфільм атрымаў высокія ацэнкі кінакрытыкаў у прэсе: 100 ад The Guardian, IndieWire і CineVue, 90 ад Hollywood Reporter. З часу выхаду ён быў намінаваны на 134 ўзнагароды, і атрымаў 82 перамогі, сярод якіх гран-пры за найлепшы дакументальны фільм на кінафестывалі «Сандэнс-2021» (Sundance Film Festival), перамога ў трох намінацыях прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі. Сёлета ён намінаваны на «Залаты глобус» і прэмію Брытанскай кінаакадэміі. На «Оскары-2022», які, праўда, сёлета яму не дастаўся, мультфільм быў прадстаўлены ў трох намінацыях: найлепшы дакументальны фільм, найлепшы анімацыйны фільм і найлепшы замежны фільм.

«Я даўно хацеў патрапіць у гэтую студыю, таму прапанова стажавання была вельмі цікавая. Праект нам паказвалі ў школе на прэзентацыі, якую рабіла прадзюсарка студыі. Калі я прыехаў у Данію і нам паказалі ўсю гісторыю, яна зацікавіла мяне і таму, што распавядае пра былыя часы, пра Расію ў 90-х — як гэта было з гледжання эмігранта.

Мне вельмі спадабалася, і я ўжо тады адчуў, што мы робім штосьці вельмі істотнае, распавядаем гісторыю, якая ў нас па тэлебачанні паказвалася інакш. У галовах нашых бацькоў гэта [праблема мігрантаў], можа, таксама было інакш".

Маляваў частку пра Расію, бо ведаў мову

Над такімі вялікімі праектамі зазвычай працуе шмат людзей. Мультфільм ідзе 89 хвілін, і кожная секунда анімацыі патрабуе шмат працы. Анімацыя падзелена на этапы. Рэжысёр малюе разкадроўку (сторыборд) — малюнкі, у якіх плануюць, дзе будзе стаяць персанаж, што будзе рабіць. Пасля на сторыбордзе аніматары малююць канкрэтную сцэну, рух. Пасля нехта робіць «clean up» — базуючыся на гатовых малюнках робіць чыстую лінію, так, як гэта будзе выглядаць на экране. Розныя сцэны могуць маляваць розныя людзі. За якасцю і выглядам персанажа сочаць супервайзеры. Але гэта залежыць ад студыі, можа быць і так, што ўсю анімацыю робіць адзін чалавек.

Эдвард рыхтаваў частку анімацыі, якая датычыла перыяду жыцця героя ў Расіі - бо адзіны з каманды ведаў рускую мову і разумеў, як правільна мусяць рухацца вусны герояў.

«У гэтым праекце большы ўпор быў на гісторыю, стыль. У нас, калі параўноўваць з іншымі фільмамі, анімацыя вельмі эканамічная, мала кадраў на секунду. Таму калі глядзіш гэты фільм, часам можа быць уражанне, што анімацыя як бы дзёрганая». Эдвард меркаваў, што праект мог атрымаць дзве ўзнагароды «Оскара» з магчымых трох: як найлепшы дакументальны фільм і найлепшы замежны фільм.

Нечаканая актуальнасць

Любы фестываль — гэта палітыка, лічыць Эдвард. «Тое, што адбылося ў Афганістане [захоп улады талібамі ў 2021 годзе — Hrodna.life], канешне магло ўплываць на тое, што гэты праект прыцягнуў больш увагі. Але ён сапраўды добры, і ў гэты момант вельмі актуальны».

«Оскар» — гэта амерыканская прэмія, а ў Афганістане былі менавіта амерыканскія войскі. Зараз такой моцнай павесткай дня стала вайна ва Украіне. Гэта таксама надае актуальнасці мультфільму, у якім персанаж уцякае з краіны, ахопленай вайной, і дзе Расія паказана не надта прыязнай. Мігранцкі крызіс на беларускай мяжы ў 2021 годзе для аўдыторыі фестываля можа быць менш істотным, мяркуе мастак. Тым не менш, у фільме мы бачым, як кантрабандысты перавозяць уцекачоў, і праз што ім даводзіцца прайсці. За гады ў гэтым мала што змянілася.

Тэма міграцыі ў мультфільме была цікавая і асабіста для Эдварда. «Але ўсё ж у мяне была іншая сітуацыя — я не ўцякаў ад сваёй радзімы праз такія праблемы. Найбольшая праблема ў героя была эмацыйная, ён мусіў усім казаць, што яго сям’я загінула, бо і праз шмат гадоў баяўся, што калі скажа, што ў яго ёсць сям’я, яго дэпартуюць. У мяне, калі я прыехаў у Францыю, найбольшымі праблемамі былі фінансавыя, праблемы з мовай, адаптацыяй. Але мне ці маёй сям'і ніхто не пагражаў».

Анімацыя — прафесія ці мастацтва?

З дзяцінства, колькі сябе памятае, Эдвард хацеў рабіць анімацыю. Бацькі бачылі, што ён любіць маляваць, і аддалі яго ў творчую студыю цэнтра «Прамень».

«У Польшчы мне паказвалі, што анімацыя — вялікая творчасць, парыў душы, а не штосьці, для чаго патрэбна шмат практыкі. Калі я прыехаў у Францыю, я даведаўся, што анімацыя — гэта майстэрства, трэба ведаць шмат практычных рэчаў».

Зараз для Эдварда анімацыя — гэта спосаб выказаць свае думкі, пачуцці, адкрыцці і тэмперамент. Аніматар рэалізуецца і як актор, бо мусіць уявіць, як яго персанаж выконвае тую ці іншую сцэну. «Мне падабаецца ўплыў, які ты робіш на людзей. Анімацыя больш перадае ўнутраны свет аўтара, чым кіно. Калі робіш фільм — бярэш актораў, спецэфекты, дэкарацыі, гэта ўсё робіцца з таго, што існуе. Калі робіш анімацыю — усё бярэцца з тваёй галавы і толькі ты можаш уявіць, што ты хочаш, і пераказаць гэта іншым людзям».

У час майстар-класа па анімацыі ў Мінску, 2018 год. Фота: Facebook героя

Эдвард кожны дзень працуе як выкладчык, мае шмат сваіх вучняў. Гэта заробак, які дапамагае яму рабіць уласныя праекты. Таксама выкладанне вучыць пераводзіць веды на практыку. «Калі ты зразумееш, як пераказаць камусьці, што ты ведаеш — толькі тады можаш сказаць, што на 100% валодаеш гэтым. Калі ты штосьці робіш з парыву душы і сам не ведаеш, як гэта робіш — гэта спантанна. Маеш натхненне — у цябе атрымліваецца, не маеш — не атрымліваецца. Гэта адрознівае прафесіянала і мастака».

Беларусь і анімацыя

Пакуль Беларусь займае вельмі невялікае месца ў свеце анімацыі. «Хто не прывязаны да Беларусі - ехалі ў Расію, там вучыліся ці працавалі, бо там ёсць студыі, дзе плоцяць — а ў Беларусі няма, або яны вельмі маленькія. Няма бізнесу, інвестыцый, маленькія заробкі - гэта ўсё аб адным. Беларусаў у анімацыі - адзінкі, або проста невядома, што гэта беларусы», — расказаў Эдвард.

Эдвард Курчэўскі ўжо пяць гадоў выкладае ў анлайн-школе Animationschool.ru. Паўгода таму ён вырашыў падтрымліваць беларусаў. Раз на чатыры месяцы ён можа прыняць на свой курс класічнай 2D анімацыі аднаго вучня з Беларусі бясплатна.

  • На пошту 2d@animationclub.ru трэба даслаць сваё партфоліа з накідамі-малюнкамі, якія паказваюць мастацкі ўзровень і/або анімацыйныя працы, калі такія ёсць.
  • Расказаць крыху пра сябе, чаму вы хочаце патрапіць на бясплатны курс і што будзеце рабіць з атрыманымі ведамі.
  • Вы павінны з’яўляцца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь.

Наборы праходзяць у кастрычніку, лютым і чэрвені. Акцыя распаўсюджваецца толькі на першы курс навучання.

Сайт анлайн-школы: https://animationschool.ru/courses/osnovy-2d-animatsii/

Прыклады працы Эдварда: https://vimeo.com/542 024 391

Працы выпускнікоў за апошнія 4 месяцы: https://www.youtube.com/watch?v=gQEwrpCr9LE

«Праекты рэалізоўваюцца тады, калі ёсць людзі, якія могуць іх рэалізоўваць, — перакананы Эдвард. — Як з айцішнікамі - яны стварылі гэтыя ўсе „Паркі“ таму, што былі таленавітыя людзі, яны навучыліся — і таму пайшла праца».

Чытайце таксама:

Ці змянілася стаўленне з пачаткам вайны

Зменаў стаўлення да сябе як да беларуса пасля пачатку вайны ва Украіне Эдвард не заўважыў. «Мне здаецца, што ў сферы анімацыі, або людзей, з якімі я маю кантакт, усе глядзяць больш на тое, які ты чалавек, і на тваю працу. Калі ты адэкватны, і, напрыклад, не пачнеш ва ўсіх сацсетках пісаць, што Пуцін — маладзец, ніхто не будзе змяняць свае погляды [на цябе]. Але ў падарожжы або на вуліцы, праз тое, што размаўляеш па-руску, нават калі ты ўкраінец — хтосьці, можа, паглядзіць на цябе больш уважліва, чым раней. Але я не думаю, што гэта сур’ёзна».

Серыял для Netflix і мары пра ўласную студыю

Апошні год Эдвард інвеставаў свой час і грошы ў праект, дзе ён рэжысёр. Гэта серыял, які каманда хоча прадставіць Netflix. «Гэта адзін з маіх планаў, які я хацеў зрабіць даўно, мая мара. Ужо ёсць сцэнар, драфтавая версія першага эпізоду. Зараз мы робім тызер на 40 секунд. Калі ім спадабаецца, будзем абмяркоўваць умовы, я тады ствараю калектыў, нам даюць грошы, мы выконваем. Калі нічога не атрымаецца, гэта проста застанецца нашым партфоліа».

З красавіка Эдвард пачне працаваць са студыяй у Лос-Анджэлесе як аніматар. «Мы будзем працаваць над серыялам для канала HBO [уваходзіць у WarnerMedia, стваральнік серыялаў „Сэкс у вялікім горадзе“, „Гульня тронаў“, „Чарнобыль“ — заўв. Hrodna.life]. Там будзем працаваць з маёй дзяўчынай, там класны калектыў, шмат маіх сяброў. Можа пазней там перайду на больш высокую пасаду».

Яшчэ ў час навучання ў Gobelins Эдвард удзельнічаў у конкурсе Disney Art Challenge. Яго праца трапіла ў ТОП-10. Фота: Instagram героя

Эдвард хоча знайсці людзей, з якімі яму будзе камфортна працаваць і можна будзе рэалізоўваць свае мары. Гэта можа быць калектыў або студыя. «Я бы хацеў быць рэжысёрам і таксама выканаўцам, аніматарам. Мая мара, каб мае вучні - беларусы, расейцы, украінцы, ці іншыя — прыходзілі ў маю студыю, там стажаваліся, заставаліся, і каб мы рабілі далей разам штосьці цікавае, пераказвалі свае гісторыя, рабілі класныя праекты».

Пра Гродна: «Адчуваю несправядлівасць»

Эдвард вельмі любіць Гродна, кажа, што гэта прыгожы і творчы горад. «Яшчэ перад 2020 годам я адчуваў несправядлівасць. Я бы хацеў, каб Гродна развіваўся, і быў заходняй сталіцай Беларусі не толькі ў маёй галаве, а сапраўды быў велічным, цікавым для турыстаў і гараджан. Я бачу, што нешта паўстае толькі таму, што ў гэтым вельмі зацікаўленыя людзі. А горад [улады], мне здаецца, устаўляе палкі ў калёсы.

Пасля выбараў я адчуў, што гэта да чагосьці прыйдзе, бачыў людзей на плошчы, бачыў, што гэты горад сапраўды велічны. Зараз я адчуваю, што мы мусім праз гэта прайсці і ўсё будзе супер".

Эдвард імкнецца бываць у Гродне два-тры разы на год, зазвычай — на Каляды і летам. Але зараз ехаць на радзіму апасаецца. «Праз сітуацыю з Украінай не ведаю, што будзе з мабілізацыяй».

Дыпломны праект Эдварда, над якім ён працаваў разам з чатырма іншымі студэнтамі, прысвечаны вяртанню героя ў родны горад праз некалькі гадоў і яго пачуццям там

«Спадзяюся, што мы будзем і далей развіваць горад і ўсю краіну. Тым больш, калі ўсё прыйдзе да палітычных змен — калі людзі будуць не баяцца нешта рабіць, праяўляць сваю ініцыятыву. Тады горад і краіна будуць яшчэ больш прыязныя».

Чытайце таксама: Кинотеатры Гродно отменили премьеру «Бэтмена». Мы больше не увидим голливудских фильмов?

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024