Замкавая вуліца зусім хутка з’явіцца ў Зарыцы. Праўда, пакуль толькі ў выглядзе карціны на сцяне сядзібы «Райскі куток». Так гаспадар хоча выказаць сваю любоў да гісторыі і роднага горада. Hrodna.life завітаў у сядзібу і даведаўся, як гродзенская сям’я надае старым хатам новае жыццё з гістарычным смакам.

«Глядзі, каб не ўваліў у бэльку»

— Гэтай хаце больш за сто гадоў. Яе пабудавалі яшчэ бацькі папярэдніх гаспадароў. Іх дзеці па прозвішчах Савіцкія і Рэкіці цяпер раз’ехаліся. Хто далей жыве ў Зарыцы, хто ў Гожы, хто ў Грандзічах, — гаспадар сядзібы «Райскі куток» Ігар Гайдук паказвае першую драўляную хату свайго маёнтка.

У Зарыцы з’явіцца свая Замкавая вуліца: як у Гродне ствараюць сядзібу з гістарычным смакам

Магутныя, прасеўшыя па цэнтры, дубовыя і ліпавыя бярвенні вяртаюць у часы шыкоўных дуброваў і пячнога ацяплення. Звонку фасад уцяплілі і аздобілі «камянюкай», як кажа Ігар. Шмат што ўласнік, будаўнік па адукацыі, робіць сваімі рукамі.

— Паглядзіце, тут яшчэ бачна, дзе быў ход, — мужчына схіліўся над абрысамі былых дзвераў у падмурку. — У сутарэннях гадавалі курэй. А ў вайну падчас бамбардзіроўкі тут хаваліся, як у сховішчы.

У Зарыцы з’явіцца свая Замкавая вуліца: як у Гродне ствараюць сядзібу з гістарычным смакам

Гаспадар запрашае ўвайсці. Высокую крытую тэрасу дабудавалі нядаўна з часткі старых бярвенняў хаты. На лаве — дзяруга з бабулінага дома з вёскі Дарошавічы, што каля Квасоўкі. Ляжыць надкусаны яблык з тых, што пападалі тут жа, у садзе. Дзверы — яшчэ з клямкай, а праём — як для гномікаў.

— Глядзі асцярожна, каб не ўваліў у бэльку. Прыязджала пара глядзець хату на вяселле. Дык ён, як увайшоў, ажно іскры пасыпаліся. Да вяселля зажыве, — смяецца суразмоўца.

У Зарыцы з’явіцца свая Замкавая вуліца: як у Гродне ствараюць сядзібу з гістарычным смакам

У Зарыцы з’явіцца свая Замкавая вуліца: як у Гродне ствараюць сядзібу з гістарычным смакам

«Я беларус, нават ліцвін»

У хаце паліцца печ. Ігар падкідвае брыкет у агонь з прымаўкай: «Усе адходы ў даходы». Над дзверцай вісіць металічная выява аленя святога Губерта. Ля вакна — яшчэ адзін герб горада. Амаль на ўсю сцяну расцягнуўся плакат з выявай гравюры Цюндта. Асобнае месца адведзенае для старых чорна-белых фотаздымкаў: Фара Вітаўта, Фарны касцёл, Брыгіцкі касцёл, вуліца Ажэшкі, Аляксееўскі мост…

У Зарыцы з’явіцца свая Замкавая вуліца: як у Гродне ствараюць сядзібу з гістарычным смакам

— А вось мой дзед у польскім войску, — знаходзіць на агульным здымку свайго крэўнага. — А ў жонкі дзед быў кіраўніком турмы да вайны. Як памёр, дык на пахаванне прыйшоў увесь горад. Пэўна, паважалі.

У цэнтры фотакалекцыі — гравюра з Пагоняй. Куды ні кінь вока, заўважыш адрабінку гісторыі горада і нашых земляў.

— Таму што я люблю гэтую сваю Гародню. Я беларус і нават ліцвін, — запэўнівае гаспадар.

У Зарыцы з’явіцца свая Замкавая вуліца: як у Гродне ствараюць сядзібу з гістарычным смакам

Месца знайшлося не толькі для гістарычных выяваў. У куце вісіць праваслаўны абраз Божай Маці з рушніком, прывезены ад бабулі.

— А гэта ведаеце хто? — з хітрым прыжмурам пытаецца Ігар. Са сцяны глядзіць дзядзька з пэйсамі і жменяй залатых. — Кажуць, трэба, каб у хаце жыд вісеў. Не выключана, што і ў мяне габрэйскія карані. У нас жа на пачатку ХІХ стагоддзя колькасць габрэяў даходзіла да 83%.

У Зарыцы з’явіцца свая Замкавая вуліца: як у Гродне ствараюць сядзібу з гістарычным смакам

Зямлю набылі за 100 злотых

На гарышчы ўласнік знайшоў паперы на хату 1937 года на польскай мове, з «печонткамі»:

— Надрукавана на машынцы, нібы толькі ўчора, так добра захаваўся тэкст. Зямля набывалася за 100 злотых. У іх было сем кароваў, свінні, куры, бярозавы гай.

Сярод папераў захавалася пажоўклае фота сям'і, мабыць, былых гаспадароў, але без надпісаў, хто на ім адлюстраваны.

У Зарыцы з’явіцца свая Замкавая вуліца: як у Гродне ствараюць сядзібу з гістарычным смакам

Ствараюць дублёр Замкавай вуліцы

Яшчэ адзін будынак толькі рыхтуецца прымаць гасцей. Праз панарамныя вокны банкетнай залы нечакана бачная гарадзенская пажарная вежа. Маштабную працу памерам 8 на 4 метры стварае проста на сцяне мастачка Наста Ванюкевіч. Гэта копія старога фотаздымка Замкавай вуліцы. Пакуль пайшоў літр белай акрылавай фарбы і па адным цюбіку каляровых. Наста малюе ўжо некалькі тыдняў, у вольны час:

— Мне падабаецца, я атрымліваю асалоду ад такой працы, — кажа мастачка. Яна плануе скончыць карціну праз некалькі тыдняў.

У Зарыцы з’явіцца свая Замкавая вуліца: як у Гродне ствараюць сядзібу з гістарычным смакам

Разглядаўся варыянт выгляду вуліцы зверху. Аднак усё ж пераважыў гэты:

— Адчуванне, што зайшоў у залу, трапіў на Замкавую вуліцу і пайшоў туды далей, да замкаў.

«Усё рабілі, як для сябе»

Ігар разам з жонкай Таццянай набылі сядзібу 10 год таму, праз два гады яна ўжо прымала першых гасцей. У хаце шмат што засталося з мінулых часоў. Пад нагамі рыпіць драўляная падлога, над галавой — таўшчэзныя бэлькі. Новы гаспадар па-іншаму выкарыстаў гарышча: зрабіў камерныя спальні са столлю-дахам.

— Для мяне гэтая сядзіба для душы. Мы ўсё рабілі, як для сябе. Як адчувалі, так і рабілі. Самі сабе і архітэктары, і будаўнікі. Мы ні ў каго не падглядалі. Ведаю, што да нас прыязджалі з іншых месцаў паглядзець, як мы робім, хоць і прадстаўляліся кліентамі.

У Зарыцы з’явіцца свая Замкавая вуліца: як у Гродне ствараюць сядзібу з гістарычным смакам

Ва ўласнасці сям'і яшчэ адна хата, большая. Па ўзгадках, яе, разабраную, прывезлі з Белавежскай пушчы ў 1970-х і склалі ў тым жа выглядзе. На падворку захаваліся старыя гаспадарчыя будынкі: курнік і адрына, дзе стаялі парсюкі ды каровы. На задворку гаспадар пабудаваў своеасаблівы «стоўнхэндж». З жывёлак у гаспадарцы пакуль толькі сабачка Мілка ды крот, ад якога бачныя горкі зямлі.

У Зарыцы з’явіцца свая Замкавая вуліца: як у Гродне ствараюць сядзібу з гістарычным смакам

У планах — перавезці ў сядзібу яшчэ дзве хаты, пачысціць гушчар вакол двара, давесці да розуму гаспадарчыя будынкі і, можа, нават завесці курэй. Аднак гэта будзе крыху пазней. А пакуль «Райскі куток» рыхтуецца прыняць першую ў Беларусі міжнародную ноч традыцыйных танцаў, якая адбудзецца 11 лістапада.

hrodna.life/2017/10/25/zakrutsim-pad-zorami-u-grodne-proydze-mizhnarodnaya-noch-tradyitsyiynyih-tantsau/