Спадчына

У Гродне перавыдадуць ігральныя карты Лапіных 20−40-х гадоў ХХ ст. Грошы збіраюць на «Талацэ»

Карты, якімі гулялі аматары азарту з усёй міжваеннай Польшчы, вырашылі аднавіць у Гродне. Тут іх друкавалі на фабрыцы братоў Лапіных, пры рэканструкцыі якой восенню 2015 знайшліся арыгіналы прадукцыі. Выгляд карт ужо ўзнавіла творчае згуртаванне «А-чатыры», цяпер трэба іх выдаць. Для гэтага гродзенцы пачалі збор сродкаў на Talaka.by. Творчае згуртаванне «А-чатыры» займаецца распрацоўкай і выданнем настольных гульняў. З рэалізаваных праектаў: «Паўстанцы», «Мова», «Вежа», «Гаспадар цмокаў», «На трох кітах» i iншыя. Каманда зацікавілася картамі, калі даведалася, што арыгіналы знайшлі ў Гродне ў час рэканструкцыі будынка былой фабрыкі. «Тады ў нас з’явілася ідэя: а чаму б гэтыя карты не аднавіць? Гэта ў першую чаргу ўклад у гісторыю горада і краіны ў цэлым, а яшчэ гэта пераемнасць пакаленняў, бо мы, маладыя сучасныя гродзенцы, аднаўляем тое, што рабілі гараджане яшчэ ў мінулым стагоддзі», — кажа аўтар праекта Антон Янкоўскі. Прататыпы карт камандзе прадаставіў гісторык Андрэй Вашкевіч, ён жа падрыхтаваў і гісторыю іх выпуску. За аснову былі ўзяты дадзеныя з архіваў, гістарычныя даведкі, а таксама фрагменты знойдзеных два гады таму карт.

Традыцыі з часоў Тызенгаўза

Iгральныя карты Лапіных вырабляліся на гродзенскай фабрыцы ў 20−40-х гадах мінулага стагоддзя і былі шырока папулярныя за межамі Гродзеншчыны. За аснову друку на фабрыцы была ўзята тэхналогія і стандарты, закладзеныя яшчэ ў XVIII стагоддзі Антоніем Тызенгаўзам. Гродзенскія ігральныя карты былі вядомыя сваёй якасцю, прыгажосцю, арыгінальнасцю і разнастайнасцю. У асартыменце былі «народныя» калоды з выявамі шляхты часоў Рэчы Паспалітай замест каралёў і валетаў, «прускія», «барочныя», у гады нямецкай акупацыі на фабрыцы Лапіных друкаваліся «рэйнскія» ігральныя карты.

«Мы вырашылі аднаўляць карты цалкам з нуля, каб у нас атрымаўся якасны прадукт. Тое, што было знойдзена пры рэканструкцыі, у вельмі дрэнным стане. Акрамя карт мы яшчэ выпусцім адмысловую каробку для іх: звычайную і са скуры. На жаль, арыгінальных упаковак не было знойдзена, нам даводзіцца іх самім ствараць. Але мы будзем выкарыстоўваць некаторыя сімвалы, шрыфты, лагатыпы фабрыкі Лапіных», — дадаў Антон. Браты Лапіны загінулі ў вайну, верагодна ў час Халакосту. У 1944 годзе вытворчасць карт на фабрыцы была спынена. Там пачалі друкаваць савецкія агітацыйныя плакаты. Пазней праца гродзенскай друкарні ўвогуле прыпынілася, будынак фабрыкі доўга пуставаў. Цяпер там офісы «Белмытсэрвісу». Планавалася, што на тэрыторыі былой фабрыкі зробяць музей, дзе б распавядалася пра гісторыю гродзенскіх ігральных карт, але гэта так і не адбылося.

Рэканструкцыя былой фабрыкі ігральных карт Лапіных (2016 г.)

Першыя карты пакажуць на «Ночы музеяў»

Каманда, што аднаўляе карты Лапіных, хоча, каб кожны мог у будчыні адчуць у сваіх руках сапраўдную беларускую гісторыю. Кожную карту калоды малявала мастачка Наста Янкоўская паводле фрагментаў арыгіналаў пад кантролем гісторыкаў, а на адваротным баку і каробцы намаляваны эмблемы і штампы сям'і Лапіных. У каралях можна пазнаць Казіміра Вялікага, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Аўгуста i Яна Сабескага.

Наста Янкоўская за працай
«Маляваць карты — гэта працаёмкі працэс, які патрабуе канцэнтрацыі і часу. У асноўным карты малявалі з нуля, дзесьцi рабілі копіі і абмалёўвалі акварэллю, астатняе ўсё дараблялася на камп’ютары — сканавалася і чысцілася», — расказала Наста. Плануецца, што першыя адноўленыя карты пакажуць гродзенцам ужо 20 мая на «Ночы ў музеі». У канцы вясны і пачатку чэрвеня, магчыма, карты ўжо з’явяцца ў продажы. Калода новых карт Лапіных будзе каштаваць 5−7 рублёў. Падтрымаць праект гродзенцаў можна тут.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024