Сустрэча бацькоў, чые дзеці вучацца ў школе № 36 з польскай мовай навучання, з прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі адбылася 6 сакавіка. Нагодай стаў новы праект Кодэкса аб адукацыі, змены ў якім тычацца, у прыватнасці, мовы выкладання. Бацькі баяцца, што праз гэта польская мова і традыцыі будуць канчаткова выцеснены са школы, чыноўнікі апелююць да лепшых умоваў сацыялізацыі вучняў і неабходнасці здаваць экзамены на дзяржаўнай мове. Журналістаў на сустрэчу не пусцілі.
Моўнае пытанне ў польскай школе падымаецца не першы раз. У 2014 годзе яно паўстала таксама ў сувязі з меркаванымі зменамі ў Кодэксе аб адукацыі, у 2012 — калі ў школе прапанавалі ствараць рускамоўныя класы. Зараз сустрэча стала рэакцыяй уладаў на ліст супраць змен у заканадаўстве, які падпісалі 380 бацькоў.
На сустрэчу прыехала намесніца начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова. Яна распавяла аб прапанаваных дапаўненнях у Кодэкс, што прадугледжваюць абавязковае выкладанне на адной з дзяржаўных моваў гісторыі і геаграфіі Беларусі, грамадазнаўства і некаторых іншых прадметаў. Пералік іх можа быць пашыраны па жаданню бацькоў. Абноўлены кодэкс таксама прадугледжвае правядзенне на адной з дзяржаўных моваў выпускных экзаменаў. Тут складанасці ў вучняў могуць узнікнуць, напрыклад, з матэматыкай — зараз яе, як і астатнія дакладныя навукі, вывучаюць па-польску.
Паводле прадстаўнічкі міністэрства, выкладанне некаторых прадметаў па-руску ці па-беларуску палепшыць умовы сацыялізацыі дзяцей у грамадстве, дазволіць ім больш паспяхова здаваць экзамены і працягваць навучанне не толькі ў Польшчы.
Бацькі апелююць да таго, што магчымасць вучыцца на дзяржаўных мовах прапануецца дзясяткамі школ горада, а для тых, хто выбраў польскамоўнае навучанне, знікне адзіная магчымасць навучання на роднай мове. Што да ведаў абедзьвюх дзяржаўных моваў, то дзеці валодаюць імі свабодна — паляпшаць няма чаго.
Таксама бацькі ўзгадвалі пра польска-беларускую дамоўленасць, паводле якой гэта школа, пабудаваная за польскія грошы, павінна выкарыстаўвацца толькі для навучання на польскай мове.
Дырэктарка школы № 36 і чыноўнікі ад адукацыі рэзка адмовіліся ад каментароў. «Гэта наша ўнутранае пытанне», — сказалі яны журналістцы Hrodna.life ды загадалі пакінуць школу.
Бацькі ў лютым і сакавіку напісалі лісты з просьбай аб дапамозе да Маршалка Сенату Польшчы, Міністра замежных спраў, кіраўніка сеймавай камісіі па справах палякаў за межамі і да амбасадара ды консула Польшчы ў Мінску і Гродне. Аднак дагэтуль ніхто не адказаў на зварот бацькоў.
Змены ў кодэкса закрануць на Гродзеншчыне яшчэ тры школы нацыянальных дыяспар — польскую школу ў Ваўкавыску і дзве ў Астравецкім і Воранаўскім раёнах, дзе навучанне вядзецца па-літоўску.
Праект Кодэкса аб адукацыі быў апублікаваны ў лютым 2017 года і зараз праходзіць працэдуру грамадскага абмеркавання. Ёе мае быць вынесены на разгляд Палаты прадстаўнікоў да ліпеня.
[irp]
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…