Спадчына

У бітвах за Імперыю. Як гродзенцы змагаліся і гінулі за «русский мир»

Няма ніводнай навуковай працы, дзе падрабязна даследавалася б пытанне — колькі жыхароў Беларусі служыла за апошнія 250 гадоў у расійскай арміі. Аднак няма сумніву — беларусы, разам з украінцамі і ўласна расійцамі, складалі ядро вайсковай машыны імперыі, якая расцягнулася ад Польшчы аж да Ціхага акіяна.

У армію на чвэрць стагоддзя

У часы Рэчы Паспалітай сялян у войска не бралі, а вось першае вызваленне з-пад «панскага прыгнёту» ў 1772, 1793 і 1795 гг. (даты падзелаў) было адзначана не толькі ўзмацненнем прыгонніцкай эксплуатацыі (замест падымнай-пахатняй подаці быў уведзены падушны падатак), але і ўвядзеннем рэкрутчыны.

Калі вы былі прыгонным селянінам і вас прызначалі на адпраўку ў рэкруты, то вы назаўсёды развітваліся з роднымі, жонкай і дзецьмі (калі паспелі ажаніцца) і мусілі ўсё жыццё бараніць імперыю і заваўёваць для яе новыя землі хоць у Персіі, хоць у Маньчжурыі, хоць у Туркестане.

Служба ў расійскай арміі была безтэрміновай — мінімум 25 гадоў. І нават калі вам і ўдавалася некалі вярнуцца дахаты — то ўжо змучаным жыццём інвалідам, які не меў ні зямлі, ні сям'і, ні грошай. А з 1820-х гг. у рэкруты пачалі браць і яўрэяў, большасць з якіх жыла на землях былой Рэчы Паспалітай. Яўрэйскіх хлопчыкаў-кантаністаў (пачынаючы ад 12 гадоў) прымушалі прымаць хрысціянства, збівалі, насільна кармілі свінінай.

Балгарам пад турэцкім прыгнётам жылося лепей

Царская армія была ўніверсальнай школай русіфікацыі. Калі, да прыкладу, у аўстрыйскай арміі афіцэры-немцы мусілі ведаць чэшскую, харвацкую або ўкраінскую мову, дык у расійскай арміі ўсе — яўрэі, беларусы, палякі, малдаване або татары — мусілі навучыцца гаварыць па-расійску. Там, дзе быў рускі штык, з’яўлялася з часам руская школа, царква і ўсе атрыбуты расійскай самадзяржаўнай улады.

Толькі ў 1796−1799 гг. у расійскае войска ўзялі 49 тысяч беларусаў, а з 1801 да 1812 года — 130 тысяч. Па самых прыкладных падліках беларусы ў ХІХ ст. складалі не менш 25% жаўнераў расійскай арміі. Калі ўлічыць, што ўкраінцаў было не менш за 35% то на ўласна расійцаў ды расійскіх «інародцаў» прыходзіцца не больш чым 40% ад агульнай колькасці расійскіх салдат.

Беларусы баранілі Севастопаль у 1855 годзе, пераходзілі Балканы ў 1878 г., займалі Туркестан у 1880-х гг. Тыя, хто вярнуўся з войнаў другой паловы ХІХ ст. (тады рэкрутчыны ўжо не было, у войску служылі «ўсяго» 5−7 гадоў), расказвалі аднавяскоўцам пра чужыя краіны, згадваючы, што, напрыклад, балгарам, якіх расійская армія вызваляла з-пад турэцкага прыгнёту, па іх сялянскім разуменні жылося куды лепш, чым беларускім сялянам пад уладай праваслаўнага рускага цара.

Гінулі і ў Маньчжурыі, і ў Будапешце

Найбольш мы ведаем пра ўдзел гродзенцаў у руска-японскай вайне. У гродзенскім Пакроўскім саборы на сценах дасюль вісяць шыльды з імёнамі афіцэраў і «ніжніх чыноў», якія загінулі ў далёкай Маньчжурыі. Сярод іх не толькі беларусы ды расійцы, але і палякі. Напрыклад, у гродзенскай гімназіі вучыўся будучы мічман расійскага фолота Юрый (Ежы) Вілкавіцкі, які пасля прайгранай бітвы пры Цусіме на прапанову контрадмірала Небагатава выкінуць белы сцяг сказаў, што трэба біцца да канца, а пасля ўзарваць карабель.

Пасля Першай сусветнай вайны Гродзеншчына на нейкі час выпала з зоны ўплываў Расіі, а першым лакальным канфліктам пасля Другой Сусветнай вайны, дзе загінуў ураджэнец Гродзеншчыны, стала падаўленне Венгерскага нацыянальнага паўстання восенню 1956 г.

У баях у Будапешце загінула больш за паўтысячы савецкіх салдат, але паходзілі яны з большага з Закарпацкай вайсковай акругі, дзе беларусаў служыла вельмі мала. У спісах забітых значыцца толькі ўраджэнец мястэчка Мір Фларыян Найба, камандзір аддзялення 31-й паветрана-дэсантнай дывізіі. Ён загінуў 6 лістапада 1956 г.

Жыццё за дактрыну Брэжнева

Затое гродзенцы бралі актыўны ўдзел у падаўленні Пражскай вясны 1968 г. У Чэхаславаччыну былі пасланы сотні частак Заходняй вайсковай акругі, якая ахоплівала Беларусь. Напярэдадні пахода па Гродне збіралі рэзервістаў і адпраўлялі ў часткі 30-й Іркуцка-Пінскай мотастралковай дывізіі, якая да 1968 г. акурат стацыянавала ў Гродне. Чэхаславакі не супраціўляліся так актыўна, як венгры, загінула не больш дванаццаці савецкіх салдат, але былі немалыя небаявыя страты

У Чэхаславакіі загінулі аж два гродзенцы — ураджэнец Лідчыны яфрэйтар Іван Віршыч і лейтэнант Станіслаў Суліма з Гродна. Абодва служылі ў 166-м матастралковым палку 30-й дывізіі. Першаму было 26 гадоў, другому 36 гадоў. З гэтага можна зрабіць выснову, што абодва былі рэзервістамі, якіх адарвалі ад сваіх сем’яў і паслалі выконваць дактрыну Брэжнева аб «абмежаванні суверэнітэту» краін, якія не асабліва ўжо хацелі быць сацыялістычнымі.

«Інтэрнацыянальны доўг»

У 1960-х — 1980-х гг. беларусаў пасылалі дапамагаць братнім народам, якія пажадалі будваць сацыялізм: і ў Афрыку, і ў Азію, і на Блізкі Усход. У пачатку 1980-х гг. у Эфіопіі загінуў лётчык са Свіслаччыны Уладзімір Піваварчык (СССР дапамагаў эфіопам ваяваць супраць Самалі), а яшчэ ў 1970-х гг. у Сірыі загінуў танкіст Валянцін Пяшко. Сірыя і Егіпет добра ўзбройваліся савецкімі танкамі і самалётамі, каб ваяваць з Ізраілем, у арміі якога таксама служыла нямала выхадцаў з Гродзеншчыны.

Тое былі кадравыя афіцэры, але праз 10 гадоў пасля Чэхаславакіі, у самым канцы 1979 года, савецкае кіраўніцтва прыняло рашэнне аб увядзенні войск у Афганістан. Дыскусіі аб тым, хто і пад чыім уплывам прыняў такое самагубчае для аўтарытэту СССР і эканомікі дзяржавы рашэнне, будуць весціся доўга, але фактам застаецца, што ў далёкай горнай краіне аказаўся вайсковы кантынгент больш чым з 120 тысяч чалавек, узброеных цяжкай артылерыяй, танкамі і авіяцыяй.

У Афганістан пацягнуліся як учарашнія школьнікі (іх прызывалі пад лозунгам выканання «інтэрнацыянальнага доўгу»), так і кадравыя афіцэры і супрацоўнікі МУС. Пры чым міліцыянераў ставілі перад фактам — камандзіроўка «за кардон» была фармальна добраахвотнай, з харошым заробкам, камандзіровачнымі і павышэннем у званні, але тым, хто адмаўляўся ехаць, намякалі, што чарговага павышэння ў БССР прыдзецца чакаць вельмі доўга.

Ніхто спачатку не ведаў, як будзе выглядаць вайна ў Афганістане. Міліцыянераў звычайна пасылалі суправаджаць канвоі, а наблага ўзброеныя маджахеды аткавалі іх. У адным з такіх баёў загінуў амаль з усімі сябрамі гродзенскі міліцыянер Віктар Юртаў. Ён быў толькі адной з першых страт афганскай вайны. Да вясны 1989 г. вясковыя могілкі Гродзеншчыны і самога Гродна напоўніліся помнікамі маладым хлопцам, якія загінулі ў Афганістане. Лічыцца, што праз пекла той вайны прайшло больш за 4 тысячы ўраджэнцаў Гродзеншчыны, з іх загінуў 71 чалавек.

«За рускую ідэю» паміралі і пасля СССР

Распад СССР і паўстанне незалежнай Рэспублікі Беларусь выратавалі гродзенскіх прызыўнікоў ад жахаў Чачэнскай вайны. Фільмы накшталт «Чысцілішча» або «Брат» успрымаліся нашай моладдзю ўжо як нешта далёкае. Служба ў роднай Беларусі, амаль у родным раёне, стала вялікай палёгкай і для маці тых, хто ішоў служыць.

Але Гродзенцы пачалі гінуць «за рускую ідэю» ўжо ў якасці добраахвотнікаў. Валерый Дзмітрыевіч Гаўрылін з ваколіц Гродна паехаў бараніць правы расіян у Прыднястроўі, а ўвосень 1992 г. перабраўся ў Боснію і Герцагавіну, каб ваяваць у шэрагах арміі Рэспублікі Сербскай. Больш за 2,5 гады добраахвотніка абміналі кулі, а ў красавіку 1995 г. яго забіў снайпер. Пахаваны Гаўрылін у Сербскім Сараеве.

Беларускае заканадаўства не дазваляе грамадзянам Беларусі браць удзел у канфліктах па-за межамі рэспублікі. Але ўраджэнцы гродзенцы працягваюць змагацца за інтарэсы Расіі ўжо як грамадзяне суседняй краіны. Так палкоўнік расійскай арміі, ураджэнец Гродна, Уладзімір Бекіш загінуў у Сірыі летам 2016 г.

Будзем спадзявацца, што больш ніхто ніколі не пашле сілай гродзенцаў ваяваць няведама куды няведама за чые інтарэсы. А вось бараніць цэласнасць і суверэнітэт рэспублікі трэба быць гатовым заўсёды.

Падзяліцца
Меткі: гісторыя

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024