Лакацыю фестывалю Tutaka ўспрымаеш як дом, куды штогод вяртаешся. І дзе кожны чацвёрты спрабуе цябе напаіць. Дзіўным чынам фестываль, які праходзіць па-за Беларуссю, аказваецца беларускім і інклюзіўным. Ён усіх ураўноўвае — і былых палітвязняў, і былых сілавікоў, і прадстаўнікоў вядомых грамадскіх аб’яднанняў, аматараў традыцыйных касцюмаў і аматараў піва. Рэдакцыя Hrodna.life у чарговы раз паехала на паляну Борык на Падляшшы і паглядзела, як прайшоў фестываль Tutaka — пераемнік «Басовішча».
Чакаў фестывалю ўвесь год
Увечары пятніцы спала спякота. Людзі рыхтаваліся да фестывальных выхадных: ставілі палаткі, раскладвалі рэчы. Пацягнула пахам першых шашлыкоў. Журналісты і арганізатары дзелавіта ходзяць туды-сюды з сур’ёзнымі асобамі. Людзі вітаюцца і спрабуюць вылічыць, адкуль яны знаёмыя. «Пайду Стрыжака абдыму», — будзённа развітваецца са мной знаёмая.
— Ёсць у каго помпа? — крычыць на намётавым полі мужчына, раскрываючы надзіманы матрац.
Незнаёмыя людзі яму тут жа яе перадаюць. Іншы мужчына падыходзіць і вучыць, як трэба распаліць агонь для шашлыка. Ён гаворыць па-ўкраінску, а на руках — тату беларускага арнаменту. Ён тлумачыць, што беларус, але мову забыўся. З жонкай-украінкай яны набілі беларускі арнамент на перадплеччы. Чуваць тут і польскую гаворку.
Выцягваю прыяцеля ад новых знаёмых, якіх ён тут жа запрасіў начаваць у сваю палатку за смачны шашлык, і слухаю планы на вечар і лекцыю пра перавагі экстазі перад іншымі рэчывамі. На кірмашы — дыскусіі.
— Усё адбудзецца, калі Расія падзе.
— А калі яна падзе?
— Чорны лебедзь.
— Так, чорны лебедзь.
Іншы прыяцель распавядае, што чакаў фестывалю ўвесь год. Успамінае, што за фота з мінулай «Тутакі» затрымалі трох ягоных сяброў (старонка «fundacja_tutaka» у Instagram прызнала экстрэмісцкай інфармацыяй. Верагодна, маглі затрымаць на падпіску на старонку або адзнаку — Hrodna.life). Таму ў 2024 годзе некаторыя пабаяліся ехаць на фестываль. Арганізатары сёлета ўвялі налепкі для тых, хто не хоча трапляць на фота. Праўда, налепка не гарантуе, што вас не сфатаграфуюць. А можа наадварот — прыцягне яшчэ больш увагі, адзначаюць арганізатары.
Памідораў, глітэр і розыгрыш вагона метро
Бліжэй да 21.00 усіх паклікалі да малой сцэны. Там пачаў выступаць Аляксандр Памідораў. На людзях — футболкі з лозунгамі і героямі поп-культуры. Да сцэны прапускаюць дзяцей і дзяўчыну на мыліцах.
— А выступоўца працверазеў? — пытаюцца побач.
— Што вы, не елі сёння нічога? Чаму так слаба? — падбадзёрвае Аляксандр.
У натоўпе — шмат абмазаных глітэрам людзей. Яго давалі за данат BYSOL. Таксама можна было атрымаць майку і паўдзельнічаць у розыгрышы. Галоўным прызам была мадэль вагона мінскага метро.
Вядучая Крысціна Дробыш перад выступам распавядае факты і легенды пра гурты luty sakavik і B: N. Апошні, дарэчы, менавіта пасля перамогі на «Басовішчы» 22 гады таму прабіўся ў зоркі беларускага року.
Рэшта вечара ўспрымаецца як калейдаскоп. Скрозь сон даносяцца крыкі аб тым, што ў кагосьці ўчора памёр бацька, а сярод ночы нас будзе стук дажджу аб палатку. Дарэчы, заставацца ў гэтым годзе з начлегам было зусім не абавязкова: польская чыгунка дала спецыяльны фестывальны цягнік, на якім можна было прыехаць з Беластока або вярнуцца назад пасля канцэртаў.
Цягнуць усё ў нашу культуру і прымусіць Камісарэнку выступаць па-беларуску
Хоць Tutaka праходзіць ужо трэці год, заўсёднікаў так і цягне параўнаць яго з «Басовішчам», якое праходзіла на гэтым жа месцы з 1990 да 2019 года. Пра мінулае нагадваюць старое абсталяванне дзе-нідзе і стужкі для бэйджаў з адпаведным надпісам. Камусьці падабалася, калі было больш музыкі, і не хапае лавачак ля сцэны.
У чарзе ў душ хваляць гэтае новаўвядзенне Tutaka (да гэтага на «Басах» жадаючыя памыцца хадзілі на бліжэйшую запраўку або на возера). Некаторыя кабінкі забіваюцца, але іх дапамагаюць пачысціць валанцёры. Ёсць толькі халодная вада, але яна змывае сон. На прагноз надвор’я страшна глядзець. Пакуль я даходжу да намётавага лагера і назад да пляцоўкі, у мяне паспяваюць высахнуць валасы.
Калі першыя порцыі ранішняга шашлыка з’едзены і вывешаны для прасушкі спальнікі, на пляцоўцы пачынаюцца дыскусіі на вечныя пытанні. Ці можна лічыць бізнес беларусаў у эміграцыі беларускім? Што дыяспара можа зрабіць для палітвязняў? Хто з’яўляецца музычнай візітоўкай Беларусі? Ці з’яўляюцца беларускай літаратурай рускамоўныя тэксты? Чаму Камісарэнка не хоча выступаць па-беларуску?
Аляксандр Кныровіч бярэцца адказаць на першае пытанне. «Працоўныя месцы для беларусаў, выраб беларускіх тавараў і паслуг, удзел у грамадскіх праектах», — вось ягоны спіс, каб лічыць бізнэс за мяжой беларускім. Аляксандр Чарнуха заклікае ствараць сваіх поп-герояў і сваю свецкую хроніку, а Аліна Коўшык — «цягнуць» у беларускую культуру ўсё і не адмаўляцца ад рускамоўных пісьменнікаў.
Не проста музычны фестываль: праграма заняла пяць старонак дробным шрыфтам
«Басовішча» часам папракалі ў недахопе актыўнасцяў: фактычна, гэта быў проста двухдзённы канцэрт. Праграма Tutaka займала пяць старонак А4 на 11 пляцоўках: ад выступаў Чарнухі і Шрайбмана да псіхалогіі і ёгі. Грамадскія арганізацыі прэзентавалі новыя ініцыятывы. Можна было атрымаць юрыдычную дапамогу, і навучыцца пісаць заяўкі на фінансаванне. Можна было паглядзець кіно — праўда, кагосьці збянтэжыў вялікі тэлевізар замест праектара.
Перакус, пасля невялікай чаргі, прапаноўваў мясцовы кейтэрынг. Яшчэ за 10 хвілін і ±30 злотых можна было атрымаць блінец. У некалькіх пунктах прадавалі каву — нягледзячы на спякоту, яе ахвотна бралі, распавялі прадаўцы. На кірмашы ішоў гандаль: дзесьці больш бойка, дзесьці - менш. Хтосьці дадрукоўваў майкі для продажу, хтосьці чакаў павелічэння продажаў вечарам.
На фоне мужчын, голых па пояс, і дзяўчат у вянках і купальніках страшна выглядалі цалкам апранутыя і ў ботах «паўстанцы» з рэканструктарскага клуба. Мужчыны тлумачаць: гэта лён і скура — дыхаючыя тканіны. А пласты захоўваюць тэмпературу і дзейнічаюць як халадзільнік.
Пад вечар беларусаў сабрала сцэна Беластоцкага музычнага клуба — аб’яднання беларускіх музыкаў, якія цяпер жывуць, рэпетуюць і выступаюць у Беластоку. Там нечакана выступіў гурт «Крама». Адзін з удзельнікаў БМК адзначыў, што ім не далі бранзалеты для праходкі на намётавае поле. Як і ўсе ўдзельнікі, ён павінен быў заплаціць за арэнду кавалачка лужка 20 € (да 10 ліпеня — 15 €). Мужчына шукаў, дзе б яму паспаць бясплатна.
Сэлфі і падарункі Ціханоўскай
На фестывалі, як і мінулы год, была запланавана сустрэча са Святланай Ціханоўскай. Яна пачынае сустрэчу з беларусамі з кірмашу. Жанчына апранутая ў белыя джынсы, белыя кеды і майку з выявай свайго мужа — Сяргея Ціханоўскага. Яе суправаджаюць трое мужчын, якія будуць сачыць за навакольнымі. У аднаго з іх — мікронавушнік у вусе.
Прадаўцы распавядаюць Святлане пра свае прадукты без бачных прыкмет хвалявання. З палаткі Святлана выходзіць з падарункамі і прызам з бяспройгрышнай латарэі. Людзі прабіваюцца да яе, каб зрабіць сэлфі і папрасіць падпісаць БЧБ-сцяг. Дзяўчына хоча непублічна перадаць ліст ад Сяргея Ціханоўскага.
— Атмасфера такая беларуская, я вельмі ўдзячная, што такія фестывалі арганізоўваюцца. У тым годзе была вельмі ўражаная маштабам. Тое, што я новага ўбачыла, — як шмат талентаў у беларусаў. Самае важнае, што беларусы маюць магчымасць камунікаваць адно з адным, абдымаць адзін аднаго — гэтага вельмі не хапае, — распавяла Святлана журналістам.
На шляху да пляцоўкі Святлана абдымае лідскага актывіста. Сама сустрэча з пытаннямі доўжылася хвілін 15. Беларусаў цікавіла ўступленне ў NATO, стасункі з палком Каліноўскага, пытанні легалізацыі. Гэта звычайныя пытанні для сустрэч, адзначыла яна ў інтэрв'ю. Часцей пытаюцца пра палітвязняў, легалізацыю, закрыццё мяжы. А вось беларусы з Беларусі кажуць, што ім крыўдна чуць ад эмігрантаў, быццам у краіне ўсё памерла, пакуль яны збіраюцца ў суполкі і чакаюць часу. Пасля абмеркавання пачалася другая сесія абдымкаў і сэлфі.
— Яна мяне пазнала, — збянтэжана кажа мужчына, выходзячы з натоўпу і зрабіўшы фота.
Пазней са сцэны Святлана скажа, што мы — нацыя партызанаў, творцаў і герояў. А наша творчасць — зброя супраць рускага свету. Таксама яна падзякавала беларусам Падляшша за захаванне культуры. А польскім ўладам — за тое, што падзяляюць рэжым і народ.
Ці павінен фестываль заставацца некамерцыйным?
Асаблівасць фестывалю-2024 — тое, што ён ідзе тры дні замест двух. Гэта аказалася і прыемным, і складаным. «За некалькі дзён перад фэстам мы дасталі „адбой“ і наш галоўны партнёр, галоўны спонсар зусім нас не прафінансаваў», — распавёў Hrodna.life галоўны арганізатар Павел Станкевіч. За гэты час ужо нельга было адмяніць праграму цэлага дня. Арганізатары паставілі агароджу па ўсёй тэрыторыі. Зрабілі ахоўную паркоўку і другое платнае намётавае поле.
— Зразумейце, у якіх умовах мы гэта робім. Часам здзіўляе, што з аднаго боку людзі пішуць, што вы — НДА і чаму кошты намётавага поля такія высокія [Арганізатары фестывалю — няўрадавая некамерцыйная арганізацыя. За пару дзён да фестывалю жыхарка Беластока напісала ў арганізацыю і прапанавала ўвесці зніжкі для шматдзетных сем’яў і сем’яў з асаблівымі дзецьмі. Ёй не спадабалася, якой фразай ёй адказалі - яна выклала скрыншоты перапіскі ў Facebook. У каментарах некаторыя яе падтрымалі, іншыя — не ўбачылі хамства — Hrodna.life]. А з другага боку — камон, мы — НДА, але туалеты, аховы, сцэны — гэта не НДА, яны бяруць за гэта нармалёвыя грошы. Я ім вельмі ўдзячны, бо яны пагадзіліся працаваць проста ў нуль, таму што яны ведаюць, што гэта за імпрэза і гэта падзея вельмі важная і ім. Шмат што прыязджае на такіх умовах, за свой кошт, каб ствараць багатую, поўную, аб’ёмную праграму. Вось тут сядзіць чувак з паўстання, падкручвае свой вус, — Павел паказвае на рэканструктара Васіля Калача, які прыйшоў на бэкстэйдж паабедаць і сеў насупраць. — Ён прыехаў са сваім клубам рэканструкцыі, але дадаткова е*ашыць ўжо больш за тыдзень падрыхтоўкі - гэта ўсё за капейкі ці без грошай. Людзі трацяць свае прыватныя грошы, каб зрабіць фэст.
— Любы творчы чалавек, якому не абыякава культура і стасункі беларусаў паміж сабой, штосьці робіць, каб пашырыць, звязаць, наладзіць яго. Я разглядаю гэты фестываль як вузел, куды сыходзяцца нітачкі шмат якіх беларускіх дыяспар, — тлумачыць Васіль.
Ён бачыў на паркоўцы аўтамабілі з Германіі, Бельгіі, Даніі, Швейцарыі. З іх выходзілі беларускамоўныя беларусы і ішлі на фестываль. Васіль адзначае шчыльнае напаўненне фестывалю — практычна на любы густ. «Гэта таго вартае. Гэта той унёсак, які я магу зрабіць тут і цяпер, каб тое, чым я жыў усё жыццё ў Беларусі, развілася».
Павел не ўпэўнены, што фестываль павінен заставацца некамерцыйным.
— Таму што пасля ты чытаеш у каментарах, што «туалетной бумаги нету». А мы пісалі чотка: людзі, вы едзеце ў лес. Вам аднаму купіць адзін рулончык — гэта капейка, а нам купіць тысячу рулончыкаў - гэта сур’ёзны бюджэт, за які можна зробіць амаль тэатральную пастаноўку.
Першы дзень фестывалю наведала 1500 чалавек. За тры дні чакалі 5000, як летась. Беларусаў з Беларусі заўсёды чакаюць. Яны заўсёды прысутнічаюць, распавёў Павел Станкевіч. Пры гэтым ад візавай падтрымкі на Tutaka адмовіліся.
«Вельмі кранальна, як тут усе прыязджаюць і пачынаюць адчуваць сябе дома», — сказаў арганізатар.
Слэм, танцы чыноўнікаў і фінал Еўра
Канцэрт другога дня распачынае гурт Karlen & Co, дзе ёсць музыкі з Украіны, Беларусі, Польшчы, Мексікі.
— Наша задача — сделать вас немножечко funky, немножечко rock-n-roll. Поэтому мы сыграем наш banger [хит — Hrodna.life], — кажа вакаліст.
Польскія чыноўнікі запускаюцца са сцэны танцаваць пад Syndrom Samazvanca. Нада мной лунаюць чатыры бел-чырвона-белыя сцягі, мужчыны пачынаюць п’яны слэм. Потым выступаюць «Разбітае Сэрца Пацана». На песні пра «Ровар» беларусы разгортваюць велізарны сцяг.
Трэці дзень фестывалю пачаўся з дажджу. Саграваў наведвальнікаў крупнік ад Марыі Грыц. Каб утрымаць людзей да ночы, арганізатары абяцалі зладзіць прагляд фіналу чэмпіянату Еўропы. Хтосьці глядзеў яго ў намёце са свайго ноўтбука. Да канцэрта пад малой сцэнай сабралася чалавек 30. Трохдзённы фестываль заканчваўся выступам медытатыўных груп. Людзей хістала пад YAŪGEN і SOŽ. Палатачнае поле пусцела. Іспанія перамагла.