Жанчына за кратамі рызыкуе страціць не толькі здароўе, але і саму магчымасць быць маці. Ці можа жанчына зацяжараць у калоніі або наадварот, адмовіцца ад нараджэння дзіцяці? І чаму пра рэпрадуктыўнае здароўе трэба дбаць і тым, хто ўжо мае дзяцей? Пра гэта для Hrodna.life распавялі лекар акушэр-гінеколаг Станіслаў Салавей, юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка і лекар і праваабаронца Васіль Завадскі.

25 чэрвеня ў Вільні адбылася канферэнцыя «Жанчыны ў зняволенні: нябачны боль пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі». На ёй праваабарончая ўстанова «Лекары за праўду і справядлівасць» прадставіла вынікі сваіх экспертных даследванняў.

Жанчына губляе час, які магла выкарыстаць на нараджэнне

Права жанчыны на нараджэнне дзяцей — гэта магчымасць самастойна прымаць рашэнні, звязаныя з цяжарнасцю, родамі, мацярынствам і адмовай ад нараджэння дзіцяці. Яно, як і права на меддапамогу, зацверджана міжнароднымі дакументамі. Аднак у беларускай пенітэнцыярнай сістэме жанчыны не могуць іх рэалізаваць. Праз гэтага пагаршаецца рэпрадуктыўнае здароўе.

Лекар акушэр-гінеколаг Станіслаў Салавей на канферэнцыі 25 чэрвеня. Фота: Макс Моррыссан
Лекар акушэр-гінеколаг Станіслаў Салавей на канферэнцыі 25 чэрвеня. Фота: Макс Моррыссан

Асноўнымі прычынамі гэтага Станіслаў Салавей называе кепскія ўмовы ўтрымання — холад, антысанітарыю, недастатковае харчаванне, пастаянны стрэс. Таксама гэта:

  • цяжкія ўмовы працы — прымус, адсутнасць тэхнікі бяспекі і спецадзення,
  • адсутнасць гігіены і доступу да лекаў/БАД,
  • адсутнасць належнага доступу да медыцынскай дапамогі - ігнараванне скаргаў і сімптомаў.

«Калі жанчына не будзе атрымліваць лекаванне эндаметрыёзу, ён будзе прагрэсаваць далей. Ёсць класіфікацыя па ўзроўні цяжкасці фертыльнасці. Калі жанчына трапіць у турму з першай стадыяй, а выйдзе з чацвёртай — ужо амаль немагчыма зацяжарыць натуральным шляхам», — распавядае акушэр-гінеколаг.

Паводле дадзеных беларускіх праваабаронцаў, у траўні 2025 года па «палітычных» артыкулах у зняволенні знаходзілася больш за 170 жанчын. З іх не мелі дзяцей каля 40, але іх узрост дазваляў стаць маці, палічыла «Люстэрка».

Былыя жанчыны-зняволеныя распавядалі выданню, што дзяўчаты літаральна падлічваюць, ці паспеюць стаць мамамі, баючыся, што пасля доўгіх тэрмінаў будзе цяжка стварыць сям’ю і знайсці ад каго нарадзіць. Да таго ж, статус «зэчкі» прымушае адчуваць сябе «недастойнымі» мацярынства.

Ці можна зацяжарыць у зняволенні

Цяжарнасць у беларускіх турмах падчас доўгатэрміновых спатканняў пасуе тым, хто не хоча «губляць час» і ў каго ёсць партнёр. Але на практыцы гэта складана як з медычнага, так і з арганізацыйнага боку.

Акушэр-гінеколаг Станіслаў Салавей адзначае, што ў здаровых пар шанцы на цяжарнасць у кожным менструальным цыкле складаюць каля 20%. Найбольш верагодна зацяжараць падчас авуляцыі - у сярэдзіне цыкла. Адміністрацыя турмы наўрад ці будзе ўлічваць індывідуальны менструальны цыкл жанчыны пры прызначэнні даты доўгатэрміновага спаткання. Таму з медычнай кропкі гледжання цяжарнасць у зняволенні застаецца падобнай да латарэі з нізкімі шанцамі.

Лекар, праваабаронца Васіль Завадскі на канферэнцыі 25 чэрвеня. Фота: Макс Моррыссан
Лекар, праваабаронца Васіль Завадскі на канферэнцыі 25 чэрвеня. Фота: Макс Моррыссан

У беларускіх калоніях доўгатэрміновыя спатканні магчымыя максімум да трох сутак, тлумачыць лекар і праваабаронца ўстановы «Лекары за праўду і справядлівасць» Васіль Завадскі, які больш за 20 год адпрацаваў у пенітэнцыярнай сістэме. Такія спатканні праходзяць у адмысловых пакоях, якія нагадваюць невялікі гатэльны нумар з агульнай кухняй і душам. «Між іншым, людзі скардзіліся, што вельмі нятанна каштуе», — дадае Завадскі.

Раней доўгатэрміновае спатканне маглі атрымаць толькі блізкія сваякі, занесеныя ў асабістую справу вязня. Зараз людзям, якія жывуць разам, але афіцыйна не зарэгістравалі шлюб, дазволілі наведваць сваіх блізкіх у калоніях, пра гэта паведамляў CityDog. Каб атрымаць такі дазвол, трэба пацвердзіць факт сумеснага пражывання.

Тэрмін спаткання залежыць ад начальніка ўстановы. Сыходзячы з досведу Васіля Завадскага, максімальны тэрмін вязні атрымліваюць рэдка. Спатканне можа выкарыстоўвацца як сродак пакарання або ўзнагароды — яго могуць пазбавіць за парушэнне або даць дадатковае. Таксама існуе чарга на спатканне, бо пакояў звычайна няшмат.

Зазвычай асуджаным па палітычных матывах рэдка даюць доўгатэрміновыя спатканні, паведамляла «Люстэрка». Загадзя да сустрэчы з роднымі ім выпісваюць парушэнні — напрыклад, за незашпілены гузік ці адмову ад прыбірання.

«Адзінае, мне здаецца, да жанчын радзей нехта ездзіць, чым у мужчынскія калоніі. Таму што вельмі шмат сем’яў руйнуюцца, калі жанчына трапляе ў зняволенне», — кажа Завадскі.

Ён адзначае, што хоць жанчына часам можа паўплываць на дату спаткання, напрыклад, патлумачыўшы адміністрацыі пра складанасці з транспартам у сваякоў, наўрад ці будзе ўлічвацца менавіта менструальны цыкл. Больш за тое, цяжарнасць не з’яўляецца падставай для вызвалення, таму Васіль Завадскі лічыць такі сцэнар цалкам неверагодным і выключным здарэннем: «Хаця гэта мая мужчынская пазіцыя, канешне, і можа быць, я памыляюся канкрэтна. Не ведаю, ці былі нават такія выпадкі».

Адтэрміноўка выканання пакарання

Заканадаўства Беларусі (Артыкул 93 Крымінальнага кодэкса) прадугледжвае магчымасць адтэрміноўкі выканання пакарання да дасягнення дзіцем трох гадоў для цяжарных жанчын або маці з дзецьмі ва ўзросце да трох гадоў. Гэта адтэрміноўка можа быць прыменена нават пры здзяйсненні цяжкага злачынства, за якое жанчыне прызначана пакаранне на тэрмін да пяці гадоў пазбаўлення свабоды. Аднак Павел Сапелка адзначае, што на практыцы гэтая норма амаль не ўжываецца ў дачыненні да палітзняволеных, у адрозненне ад тых, хто асуджаны за звычайныя злачынствы.

Часам блізкі чалавек трапляе пад пераслед або вымушаны з’ехаць з Беларусі - тады цяжарнасць давядзецца адкласці.

Цяжарнасць і дзеці ў турме

Хоць юрыдычна магчымасць весці цяжарнасць у турме прадугледжана, на практыцы гэта суправаджаецца сур’ёзнымі праблемамі і парушэннямі правоў жанчын. Юрыст Павел Сапелка таксама адзначае, што базавая гінекалагічная дапамога практычна недасяжная і падчас цяжарнасці.

Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка на канферэнцыі 25 чэрвеня.
Фота: Макс Моррыссан
Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка на канферэнцыі 25 чэрвеня. Фота: Макс Моррыссан

Акрамя таго, па словах Станіслава Салаўя, цяжарныя жанчыны сутыкаюцца з псіхалагічным ціскам, знаходзяцца пад канвоем у раддоме і пазбаўлены належнай пасляродавай падтрымкі. Дзіця адлучаецца ад маці адразу пасля нараджэння, што нясе рызыкі для здароўя і развіцця абодвух. Медыцынская таямніца парушаецца прысутнасцю супрацоўнікаў сілавых органаў падчас родаў і медыцынскіх аглядаў, што ўскладняе камунікацыю з пацыенткай.

«Чужы чалавек не мае права ўвогуле слухаць, пра што гаворыць медык з пацыентам. У дадзенай сітуацыі ты ўжо парушыў цэлую кучу законаў, якая падаецца пад выглядам клопату», — кажа Станіслаў Салавей. Гінеколаг лічыць гэта «здзекам і пераборам», бо звычайная жанчына падчас родаў наўрад ці ўяўляе небяспеку.

У жанчын, якія нарадзілі ў зняволенні або маюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў і апынуліся за кратамі, па сутнасці, адсутнічае права на адпачынак па догляду за дзіцём. «Як толькі заканчваецца бальнічны, праз некалькі тыдняў пасля родаў, жанчына вяртаецца да працы і бачыцца са сваім дзіцем толькі ў вольны ад працы час», — падкрэслівае Павел Сапелка.

Як захаваць сувязі з дзіцём?

Нягледзячы на існуючыя нормы, якія абараняюць права быць кормячай маці, на практыцы гэта часта застаецца толькі дэкларацыяй, кажа юрыст. «Ёсць звесткі пра тое, што жанчынам ствараюць умовы, калі яны вымушаны адмаўляцца ад натуральнага кармлення дзяцей, каб пазбегнуць непрыемнасцяў з боку адміністрацыі калоніі».

Яшчэ горш становішча тых жанчын, якія нарадзілі і палічылі немагчымым знаходжанне дзяцей у калоніі, перадаўшы іх на выхаванне родным на волі. Для такіх жанчын практычна няма ніякіх рэальных гарантый, якія дазволілі б ім захаваць сямейныя сувязі, быць маці і ўдзельнічаць у выхаванні дзіцяці.

Сборнік артыкулаў пра жночае здароўе ў турме. Фота: Макс Моррыссан
Сборнік артыкулаў пра жаночае здароўе ў турме. Фота: Макс Моррыссан

Хаця ў Крымінальна-выканаўчым кодэксе тэарэтычна існуе норма, якая дазваляе такім жанчынам жыць па-за калоніяй, Павел Сапелка называе яе «мёртвай нормай» і не ведае ніводнага выпадку яе практычнага прымянення. Верагодна, тэхнічная праблема заключаецца ў тым, што жыллё, у якім жанчына знаходзіцца па-за калоніяй, павінна быць ведамасным. Гэта значыць, яна не можа проста набыць або арандаваць кватэру недалёка ад калоніі і знаходзіцца там пад перыядычным наглядам. Па сутнасці, калонія павінна прадставіць ёй гэтае памяшканне, што ў цяперашні час нерэальна.

Сумуючы ўсё гэта, найбольш востра паўстае відавочная праблема: калі жанчына трапляе за краты, руйнуюцца сямейныя сувязі. Улады, паводле Сапелкі, вырашаюць яе ў асноўным праз папрокі ў бок саміх жанчын: «Ці думалі вы пра сваю сям’ю, калі ішлі на дэманстрацыю, калі ішлі здзяйсняць (на думку ўладаў - Hrodna.life) злачынствы?»

Ці можа жанчына адмовіцца ад нараджэння дзіця

Права на аборт, хоць і фармальна існуе, фактычна ставіцца пад пытанне. Гінеколаг Станіслаў Салавей адзначае, што юрыдычна жанчыны ў зняволенні маюць права на перарыванне цяжарнасці да 12 тыдняў, але на практыцы гэта можа быць ускладнена познім выяўленнем цяжарнасці з-за адсутнасці належнага медыцынскага нагляду. «Пакуль не было ў адкрытых крыніцах звестак, што камусьці не дазвалялі зрабіць перарыванне цяжарнасці».

Павел Сапелка звяртае ўвагу, што ў некаторых выпадках цяжка адрозніць, ці быў выбар жанчыны зрабіць аборт свабодным, ці гэта быў вынік прымусу і ціску з боку адміністрацыі.

«Сапраўды, можна вельмі лёгка паўплываць на жанчыну ва ўразлівым стане — калі народзіш, мы забяром тваё дзіця, яно будзе ў дзіцячым доме, мы будзем казаць, што маці злачынца і гэтак далей па спісе», — працягвае думку юрыста Станіслаў Салавей.

Эксперты сыходзяцца ў меркаванні, што тут заўсёды павінна быць толькі рашэнне жанчыны.

Рэпрадуктыўнае здароўе — не толькі дзеля дзяцей

Станіслаў Салавей лічыць, што нават калі жанчына не жадае мець дзяцей, або яна ўжо мае іх, рэпрадуктыўнае здароўе усё-такі павінна быць захавана. Калі менструацыя знікае да 45 гадоў, узрастае рызыка захворвання шкілета і сэрцава-судзіннай сістэмы.

Чытайце таксама: «Прыйшлося выдаліць вока», «кідалі ўніз галавой», «на спіне таблічка ў крыжыкі-нулікі». Медыкі з Гродна — аб траўмах пацярпелых ад АМАПа