Жуча, Муха і Ніка насіліся па лужку, дзе іх гаспадары абмяркоўвалі магчымасці ўпарадкаваць пляцоўку для выгулу сабак на Дзевятоўцы. Зараз на пустыры каля запраўкі нічога няма. А хочацца, каб з’явіліся агароджа, асвятленне і хаця б мінімальнае абсталяванне для дрэсіроўкі гадаванцаў.
“Сёння мы размецілі пляцоўку, скасілі траву – выказалі свае пажаданні дзеяннямі, – кажа Яўген Філімонаў. – Спадзяёмся, што горад пойдзе насустрач”. Сустрэча неабыякавых сабачнікаў прайшла ўвечары 25 верасня.
Колькі можна прасіць?
“Пра гэта даўно ідуць размовы. Пару гадоў таму жыхары раёна звярталіся ў адміністрацыю, прасілі выдзеліць пад пляцоўку месца паміж дамамі. Але там не дазволілі. Зараз выдзелілі плошчу за запраўкай. Але далей гэтага справы зноў не ідуць – дабраўпарадкаваць і абсталяваць пляцоўку ні ў кога рукі не даходзяць. Вырашылі самі пачаць, паспрабаваць зрабіць хоць мінімум, што можам. Бо колькі ўжо можна прасіць? Адно абяцаннямі ўсё і заканчваецца”, – расказвае Юрый Голікаў.
Пра абсталяванне будучай пляцоўкі з веданнем справы распавядае Ангеліна. Хаця дзяўчынцы толькі 14 гадоў, дарослыя прыслухоўваюцца да яе меркавання і называюць між сабой “наш кінолаг”.

“Пляцоўку трэба падзяліць на дзве часткі. На адным баку ўсталяваць снарады – лесвіцу, шчыты, лабірынт-змейку, каб можна было дрэсіраваць сабак. На другой можна пакінуць больш вольнага месца, каб сабакі маглі пабегаць без павадкоў і наморднікаў. Калі адначасова прыдуць дзве вялікія сабакі, то іх можна будзе выгульваць у розных частках пляцоўкі”.
Не забыліся і на лавачку для гаспадароў. “Юрый во – з палачкай ходзіць. І пенсіянер у суседнім доме, каторы з лабрадорам, таксама. Пакуль сюды дойдуць, стомяцца. Трэба, каб было дзе прысесці”, – падказвае мужчына, што толькі што скончыў размячаць будучую пляцоўку.
Пра асвятленне таксама думаюць. Зімой ці восенню цямнее рана, то і задумваюцца дарослыя, каб бяспечна было адпускаць дзяцей і падлеткаў на выгул з сабакамі. Побач – хоць невялікі, але лес. Ускраіна горада ўсё ж такі.
Нават мячык кінуць няма дзе
Ангеліна расказвае, што падлеткаў з сабакамі на раёне шмат. Летам кампаніяй чалавек па дзесяць збіраліся – разам весялей гуляць. Праўда, людзі такіх кампаній апасаюцца і адусюль ганяюць.
Разам патрэніравацца проста няма куды пайсці. У дварах – дзіцячыя пляцоўкі, дзе выгул забаронены. На вуліцы – трэба гуляць толькі з павадкамі і трымаць сабаку ў намордніку. Нават кінуць мячык, каб сабака прынёс – не атрымаецца.

“Усе кантралююць тыя павадкі і наморднікі. Забараняць – яно проста, а як правільна сабак выгульваць, ніхто сказаць не можа. Уладальнікаў абавязалі збор плаціць, то мы і плацім штомесяц. Толькі ў нашым доме шэсць сабак зарэгістравана. А куды ідуць тыя сродкі – не відаць”, – кажа Юрый.
Замежны прыклад
Людзі зараз шмат ведаюць, многія ездзяць за мяжу і бачаць, як у іншых краінах ставяцца да ўладальнікаў сабак і іх гадаванцаў. Нават на цэнтральных вуліцах гарадоў ёсць урны і савочкі з пакецікамі, каб прыбраць за сабакам, ці міскі з вадой у спякотныя дні. Гэта ж не толькі клопат пра жывёлаў, гэта павага да людзей, – разважаюць дарослыя.

Дзяўчаты тым часам расказваюць пра сваіх гадаванцаў. Аказваецца, усе іх сабакі яшчэ нядаўна былі беспрытульныя.
– Жучу подабралі нядаўна, гэтым летам. Яна прыбілася да вартаўніка на адным прадпрыемстве. Дома ў яе ніколі не было. Ніку забралі ў алкашоў. Яе білі і не кармілі. Наста падабрала, – кажа Ангеліна.
– Як дадому забралі, Жуча баялася выходзіць на вуліцу. Ляжа і не варушыцца. Потым патроху асвоілася. Зараз усе кажуць, што больш адданага сабакі на свеце няма. Як у краму іду, то можна не прывязваць. Сядзіць дзе пакіну і чакае, – распавядае Наста.
– А таго чорнага разам з яшчэ пяццю шчанюкамі зімой у наш пад’езд падкінулі. Суседская дзяўчынка з мамаю іх прыстройвалі па знаёмых, а гэтага сабе пакінулі, – далучаецца да размовы Анжаліка.
Сабакі тым часам паказваюць адзін перад адным свае таленты. “Ляжаць”, ”сядзець” ці “месца” – выконваюць на раз. У кампаніі, тлумачаць “сабачнікі”, вучыцца лягчэй. Сабакі вельмі схільныя да пераймання. Калі па камандзе адзін сеў, то і другі разумее, што так трэба рабіць. Пляцоўка яшчэ і тым добрая, што дапамагае ў выхаванні.
“Сёння мы сабраліся, каб на месцы да праблемы прымерыцца, – тлумачыць Яўген Філімонаў, – зрабілі першы крок, абазначылі праблему. Далей пойдзем да адміністрацыі, каб атрымаць на дзеянні зваротную сувязь. Так лепш відаць, хто гатовы далучыцца і дапамагчы, а дзе ёсць супраціў”.

Многія з жыхароў раёна гатовы паўдзельнічаць у будаўніцтве пляцоўкі. Людзі зацікаўленыя, ды і чакаць невядома чаго стаміліся.
“І працаваць прыйдуць, і інструменты прынясуць. Народны праект зладзім”.













