«Ведаеце, як нас гарадскія называюць? Трынаццаты раён! — з іранічнай усмешкай кажа шматдзетная маці, адна з тых, хто прыйшоў на сустрэчу з адміністрацыяй горада ў школу на Альшанцы. — Кажуць, што трэба вас калючым дротам абнесці, бо ўсе свае праблемы вы самі і ствараеце». Але на сустрэчы 12 ліпеня гучных скандалаў не было. Усе ахвотныя патрапілі да чыноўнікаў.
Старшыня гарвыканкама, дырэктар гарадскогога ЖКГ, прадстаўнікі РАУС і аддела па працы з моладдзю каля гадзіны вялі асабісты прыём жыхароў Альшанкі. «Абяцалі вырашыць пытанні, казалі, што ўсё будзе добра», — адзначалі тыя, што выходзілі са школьнай бібліятэкі пасля прыёма.
У чым жа праблемы Альшанкі і ці можна іх хутка вырашыць, мы паспрабавалі вызначыць у размовах з тутэйшымі жыхарамі.
Як звычайна, «баліць» камуналка
Актуальная для ўсяго горада праблема смеццевых кантэйнераў адгукаецца і на Альшанцы. «Выносіць смецце часта даручаюць дзецям, каб прывыкалі да хатняй працы. А ў кантэйнераў такія крышкі, што і даросламу трэба добра прыкласці сілу, каб іх адкрыць. Таму бывае, што мяхі са смеццем пакідаюць каля кантэйнераў. А потым прыходзяць другія дзеці і там гуляюць. Асабліва, як бачаць нешта цікавае — зламаныя цацкі, напрыклад, — распавядае адна з жанчын. — Неяк, напэўна, прывыкнем з цягам часу, іншага выйсця ўсё роўна няма. Ды і не такая ўжо гэта і праблема».
Клапоціць жыхароў і чысціня раёна. Частка дамоў абслугоўваецца ЖКГ, другія, дзе створаны кааператывы ўласнікаў, маюць арганізаваць уборку прыдамавой тэрыторыі самастойна, а гэта не заўсёды атрымліваецца зрабіць. «Ці можна перайсці на абслугоўванне гарадскіх камунальнікаў?» — пыталіся многія. Аказалася, можна. Трэба толькі аформіць дамову.
Як гэта зрабіць, расказаў кіраўнік ЖКГ, Андрэй Хмель. Разабрацца з безбар’ерным асяроддзем ён таксама паабяцаў у хуткім часе: «Усе спалучэнні тратуараў з праезжай часткай пераробім, каб было зручна і веласіпедыстам, і мамам з дзіцячымі вазкамі. І асабіста прасачу, каб пясок у пясочніцы завезлі, на яго адсутнасць таксама скардзіліся».
Выглядае, што камунальнікі гатовы ісці насустрач жыхарам і здолеюць аператыўна пераадолець хваробы росту раёна. А вось з астатняй інфраструктурай у хуткай перспектыве наўрад ці ўдасца даць рады.
Не хапае банка і паліклінікі
«Нам вельмі не хапае аддзялення банка, — скардзіўся ці не кожны другі з жыхароў. — Кватэры амаль усе будавалі ў крэдыт, кожны месяц трэба рабіць плацяжы, а банка няма. Каб тут якое аддзяленне адкрылі, то яно б і ў дзень, і ў ночы магло б мець поўную загрузку».
Тое самае тычыцца і медыцынскага абслугоўвання. На ўсю велізарную Альшанку працуе толькі адна маленькая амбулаторыя. «З аналізаў тут можна толькі здаць кроў з пальца. Калі прызначаюць яшчэ аналіз мачы ці крыві з вены, то даводзіцца везці дзіця ў горад». Калі ж восенню ці на вясной павялічваецца колькасць прастудных захворванняў, то абвастраюцца і пытанні медыцынскага абслугоўвання. Жанчыны пераказваюць словы лекараў, што бывае па некалькі сотняў выклікаў на дзень. «Як жа тым дактарам справіцца?» Кажуць, што часам больш надзейна завезці дзіця, хоць і хворае, да лекара ў горад, чым дачакацца прыёма дома.
Хуткага вырашэння ў гэтай праблемы няма. Нават калі б проста сёння пачалі будаваць на Альшанцы паліклініку, то прыклад паліклінікі на Вішняўцы паказвае — гэта доўгая песня. Яе пачалі будаваць на пачатку 2012 года, але некалькі гадоў доўгабуд стаяў закансерваваны. Скончыць яе павінны толькі сёлета.
Праўда, улады паабяцалі, што неўзабаве ў амбулаторыі павялічыцца штат і тут можна будзе здаць аналіз крыві з вены. З астатнім прыдзецца чакаць лепшых часоў і не хварэць.
«Ні разу не бачыла патрульных міліцыянераў»
Патруль, асабліва вечарам у парку — патрэбен, лічаць многія з апытаных жыхароў Альшанкі. «Днём у парку гуляюць мамачкі з дзіцячымі вазкамі, а вось па вечарах там збіраюцца розныя кампаніі. Ніякіх інцыдэнтаў пакуль не было, але каб не позна з аховай парадку спахапіцца», — мяркуюць яны.
Мінулай вясной на Альшанцы адкрыўся пункт аховы правапарадку дзе працуюць зараз чатыры інспектары, але патрульныя сваёй увагай раён не балуюць.
Сувязісты таксама не вельмі хочуць браць Альшанку ў разлік. Офіс МТС, што пачаў было працаваць на раёне, зараз стаіць зачынены, астатнія аператары пакуль сюды ўвогуле не дайшлі.
Школа — цэнтр культурнага жыцця
Школа на Альшанцы працуе ва ўмовах, набліжаных да баявых, інакш і не скажаш. У кожнай паралелі - па 16 класаў, пазначаных літарамі ад, А да Р. А паралель чацвёртых мае нават 17 класаў і канчаецца літарай С. Агулам тут навучаецца 2 800 чалавек. Летась прышлося працаваць амаль у тры плыні - трэцяклашкі пачыналі вучыцца ад другога ўрока другой змены, каб заняткі ва ўсіх класах паспелі скончыцца да паловы восьмай вечара, як патрабуюць санітарныя нормы.
У школе ёсць басейн, стадыён, тэнісны корт, трэнажорная зала. Падчас навучальнага года тут праводзяць заняткі спартыўныя секцыі. Летам да дзясятай вечара жыхары могуць карыстацца спартыўнымі пляцоўкамі бясплатна, а школа таксама бясплатна прадастаўляе ахвотным спартыўны інвентар. У навучальны час жыхары могуць прыходзіць сюды вечарамі. Некалькі памяшканняў арэндуе тут і музычная школа. Але забяспечыць усіх ахвотных вучацца музыцы няма магчымасці. Школа перагружана і выдзеліць больш памяшканняў не можа.
Заняткі для дзяцей па інтарэсах таксама арганізаваны ў школе. Тут працуе 26 гурткоў, у каторыя ходзяць больш за 700 школьнікаў - распавяла Лілія Сташкевіч, намеснік дырэктара па навучальнай рабоце ў пачатковай школе.
«Школа стала сапраўдным цэнтрам культурнага жыцця раёна. Па выходных дзеці прыходзяць сюды — на першым паверсе ў нас караоке спяваюць і танцуюць. На другім — па суботах робяць падзелкі, малююць, гуляюць у настольныя гульні. Часта бацькі прыводзяць школьнікаў у школу і бяруць з сабой малодшых дзяцей. Тады разам усе далучаюцца да гульняў. Кожнае свята тут для раёна канцэрты ладзім, буфет на іх заўжды працуе. Тут, у школе, амаль уся Альшанка між сабою і перазнаёмілася. Часта бачу, што ў фае збіраюцца бацькі і пакуль дзяцей з урокаў чакаюць, свае пытанні абмяркоўваюць».
«Не пішыце кепскага пра Альшанку»
Зараз Альшанка больш падобна да горада, сыходзІцца ў меркаваннях большасць тутэйшых. Маўляў, калі засяляліся пару год таму, то і на вёску было мала падобна, нейкія выселкі. Крама адна на раён, навокал усё разрыта. А зараз — і крамы, і служба быту, і школа, і цэлых тры дзіцячых садкі. Ды і з транспартам значна лягчэй стала.
Канечне, пра тое чаго няма, таксама ўзгадваюць — паліклініка, банк, музычная школа, кінатэатр, кавярні ці нават звычайны міні-рынак — такія ўстановы на Альшанцы выглядаюць пакуль што вельмі далёкай будучыняй. Але жыхары свой раён любяць, гэта адчуваецца па шчырасці іх размоваў.
Мы тут усе ў аднолькавых умовах, то да чужых праблемаў ставімся з разуменнем, памагаем суседзям, жывём дружна.
Тут, як на вёсцы, усе свае. З кім дзяцей ў школу разам водзіш, з кім у садку кожны дзень сустракаешся, з кім у краме ў чарзе стаіш. Нават як не ведаеш, каторага імя, то здароваешся, бо ведаеш чалавека.
Мы свой раён любім. Ён жывы, актыўны — дзяцей тут шмат, моладзі і паветра вольнае, як на вёсцы. Так што не пішыце кепскага пра Альшанку.
Між тым, раён працягвае актыўна забудоўвацца. Ужо зараз колькасць насельніцтва раёна набліжаецца да 30 000 чалавек, а ў перспектыве мае дасягнуць 70 000. Дарога ад цэнтра горада да Альшанкі займае не менш паўгадзіны на аўтамабілі і амаль удвая больш на грамадскім транспарце — практычна, як да Скідзеля. І калі зараз праблемы роста яшчэ нівеліруюцца ў навасёлаў радасццю ад новага жытла, то надалей і сапраўды могуць вырасці ў вялікія праблемы.
«Трынаццаты раён» — фільм-антыўтопія П’ера Марэля па сцэнары Люка Бесона і Бібі Насеры. Паводле сюжэта, Парыж чакаюць часы, калі ўладам прасцей адгарадзіць небяспечныя раёны глухой сцяной, а потым узарваць іх, каб адным махам вырашыць усе праблемы.