Карыснае

Тры званкі і спроба пазнаёміцца: як дзейнічае суполка ВК «Разбудзі мяне — Гродна»

«Добрай раніцы, Вікторыя! Прачынайцеся», — прыемны мужчынскі голас абудзіў мяне роўна ў 8.00. Праз хвіліну тэлефон зазваніў зноў - і зноў прагучала пажаданне добрай раніцы ад яшчэ аднаго маладога чалавека. У 8.07 — наступны тэлефонны званок, зноў ад хлопца: «Абуджайцеся, уставайце, натхняйцеся! Жадаю, каб гэты дзень прайшоў для вас самым прыемным чынам».

Напярэдадні вечарам я пакінула допіс у суполцы «Разбудзі мяне • Гродна» ў vk.com з просьбай разбудзіць мяне, а восьмай раніцы. Спрацавала! Раніца пачалася не з надакучлівага званка будзільніка, а з добрых словаў незнаёмых людзей. Ці варта казаць, што настрой падняўся з пачатку дня, а на вуснах з’явілася ўсмешка. Хоць звычайна ўстаць раніцай для мяне самая складаная задача на дзень.

Да таго ж, яшчэ вечарам, літаральна праз некалькі гадзін пасля размяшчэння заяўкі «на абуджэнне», мне ў Viber напісаў чалавек — хацеў пазнаёміцца. Але прыйшлося яго расчараваць: маю мужа. На тым ветліва разышліся.

Дапамога соням і совам

Скарыстацца паслугамі суполкі «Разбудзі мяне • Гродна» можа кожны. Дастаткова напісаць сваё імя і нумар тэлефона, а таксама ўказаць дату і час, калі неабходна вас разбудзіць. Пры жаданні можна нават указаць пол чалавека, пасля званка якога вы хацелі б прачнуцца.

Праект узнік у чэрвені і сёння аб’ядноўвае ўжо больш за дзве тысячы чалавек. «Мы дапамагаем соням, совам і іншым асобам прачнуцца ад незнаёмага прыемнага голасу», — так пазіцыянуюць сябе яго заснавальнікі.

Фота: Elizabeth Lies, unsplash.com

Вярнуць людзям жывыя зносіны

Андрэй Габіс, стваральнік суполкі, тлумачыць, чаму вырашыў стварыць праект «Разбудзі мяне»:

«Апошнім часам я стаў заўважаць, як наша цудоўная моладзь тоне ў штодзённай руціне. Відаць, сёння жывыя зносіны ўжо не стаяць у прыярытыце, а маюць месца толькі пасля сацыяльных сетак. Гэта абсурд. Сусветная павуціна з кожнай секундай забірае ў чалавека яго натуральныя якасці, робячы з яго робата.

Я паразважаў і зразумеў, што не дрэнна было б прачынацца ад незвычайна прыгожага голасу, які дапаможа абудзіцца і пачаць рабіць свае справы.

Наша супольнасць спрабуе вярнуць людзям жывыя зносіны".

І будзільнік, і магчымасць пазнаёміцца

Штодзень у суполцы публікуецца 10−20 просьбаў разбудзіць ад розных людзей. У асобныя дні бывае нават каля 40 заявак. Час абуджэння ўказваюць абсалютна розны. Нехта просіць разбудзіць, а чацвёртай раніцы, нехта — у 20.00.

Што матывуе людзей звяртацца з просьбай аб абуджэнні? Паводле апытання ўдзельнікаў суполкі, многія насамрэч баяцца праспаць важную падзею ці адказнае мерапрыемства. Некаторыя пішуць з цікавасці: ці праўда нехта пазвоніць і разбудзіць. Іншыя адзначаюць, што прачынацца значна весялей і прыемней, калі невядомы чалавек жадае табе добрай раніцы. Хто-ніхто прызнаецца, што гэта добрая магчымасць пазнаёміцца.

Фота: petrard, unsplash.com

Зарадзіць настроем на ўвесь дзень

Удзельніца суполкі Ірына расказвае, што звярталася з просьбай, каб яе разбудзілі, толькі адзін раз. Да гэтага суткі не спала, а таму баялася праспаць работу. Разбудзілі Ірыну чатыры хлопцы. Але найлепшыя ўражанні пакінуў самы першы, зарадзіў добрым настроем на ўвесь дзень. Цяпер ён будзіць дзяўчыну штодзённа. Ірына прызнаецца, што хутка адбудзецца іх сустрэча.

Будзяць ахвотных самі падпісчыкі суполкі. Праўда, зрэдку сустракаюцца водгукі аб тым, што ніхто не разбудзіў, няглядзячы на просьбу. Але большасць удзельнікаў з радасцю дзеліцца сваімі ўражаннямі ад таго, што іх просьба не засталася без адказу. Многія плануюць карыстацца паслугамі суполкі і надалей.

Палепшыць настрой сабе і іншым

Дарэчы, любы ахвотны можа не толькі пакінуць просьбу аб абуджэнні, але і сам абудзіць іншага. Заявак многа — толькі выбірай. А пасля тэлефануй у прызначаны час.

Навошта? Многія ўдзельнікі суполкі адзначаюць, што дзеля таго, каб зрабіць прыемна іншаму ды каб палепшыць настрой і сабе самому.

Андрэй дзеліцца сваім вопытам абуджэння незнаёмых людзей:

«Будзіў тры разы. У першы раз быў сустрэты стандартным і сухім адказам на тым канцы проваду. Кшталту, прачнулася, дзякуй.

У другі раз спыталі, адкуль у мяне гэты нумар і хто мне яго даў. Сказаў, што знайшоў у суполцы, але адказ, відаць, не задаволіў. Я пажадаў добрага дня і павесіў трубку. Аднак у выніку прыйшлося дадаць той нумар у чорны спіс.

Пасля гэтага на два тыдні кінуў ідэю са званкамі. Ды і справы меў цікавейшыя і важнейшыя. Але на днях зноў ад няма чаго рабіць наведаў суполку. Вырашыў пазбавіцца ад суму напярэдадні камандзіроўкі, абраў чалавека і, гатуючы сняданак, пазваніў. Вельмі прыемная дзяўчына адказала пазітыўна. Адразу ўспрыняла мой жарт-прабуджэнне. І гэтым палепшыла і маю раніцу".

Будзяць нават у прамым эфіры

На днях у суполцы правялі цікавы эксперымент: некалькі чалавек разбудзілі ў прамым эфіры «Радыё Гродна».

Адміністратары суполкі ў вк «Разбудзі мяне • Гродна» не збіраюцца спыняцца на дасягнутым. Штодзень вядуць працу па напаўненні суполкі кантэнтам. Плануюць развіваць праект і новымі эксперыментальнымі спосабамі, пра якія абяцаюць расказваць у публікацыях старонкі.

Што ж да мяне — па-мойму, гэта нядрэнны варыянт пачаць дзень пазітыўна.

Фота: David Mao, unsplash.com

Падзяліцца
Меткі: інтэрнэт

Апошнія запісы

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024