Гісторыя трупы Бранскага тэатра, якая знікла ў Гродне ў чэрвені 1941 года, атрымала нечаканы працяг. У рэдакцыю Hrodna.life напісала ўнучка акцёраў тэатра Ганна Прудко. Аказваецца, некаторыя з трупы выратаваліся падчас нямецкай акупацыі і, так склалася, пасля вайны адраджалі гродзенскі драматычны тэатр.

Што за трупа?

Трупа акцёраў Бранскага тэатра ў чэрвені 1941 года была на гастролях у Гродне. Тут іх 22 чэрвеня заспела вайна. З 70 артыстаў дадому здолелі вярнуцца толькі 11. Некаторыя патрапілі ў канцлагеры і былі расстраляныя. Лёс многіх да гэтага часу невядомы.

Хто апынуўся ў Гродне?

Гісторыю выратавання акцёраў Аляксандры Халінай і Барыса Зубакова распавядае іх унучка Ганна Прудко.

«Для маіх бабулі і дзядулі ўсё пачалося з Тэатра працоўнай моладзі (ТРАМ) у Смаленску. Гэта быў такі маладзёжны тэатр самадзейнасці, накшталт агітбрыгады «Сіняя блуза», — распавядае Ганна. — Бабуля выдатна спявала рускія рамансы, а дзядуля іграў на гітары і мандаліне.

«Синеблузники» выступалі з прапагандысцкімі вершамі, харавымі дэкламацыямі, фізкультурнымі сцэнкамі і спартыўнымі танцамі. Выязджалі на заводы, фабрыкі, у клубы, ездзілі па гарадах і сёлах. Бабуля спявала гімн «Сіняй блузы»: «мы синеблузники, мы профсоюзники».

Там бабуля і дзядуля пазнаёміліся, там пачалося іх творчае жыццё. Жылі яны спачатку ў Смаленску, а за год да вайны пераехалі ў Бранск, дзе сталі працаваць у мясцовым тэатры".

Лёс звязаў з Гродна: у 1941-м бранскія акцёры збеглі з горада, а потым вярнуліся адраджаць тэатр
Трупа Бранскага тэатра, канец 1930-х г. Аляксандры Халінай і Барысава Зубакова там яшчэ няма

Рэчы закопвалі каля будучага тэатра

Акцёры бранскага тэатра драмы імя Маякоўскага паехалі на гастролі па Беларусі ў красавіку 1941 года. У чэрвені трупа апынулася ў Гродне і выступала ў драматычным тэатры. 19 чэрвеня яны паказвалі спектакль «Чалавек з ружжом», 20-га — «Атэла», а 21-га, за дзень да нападу на СССР,
акцёры прадставілі гродзенцам прэм’ерны спектакль «Машенька» паводле п’есы Афінагенава. Ён быў заключным. Трупа пасля невялікага адпачынку планавала выязджаць з Гродна.

«У дзень пачатку вайны іх трупа была на гастролях у Гродне. Па словах бабулі - горад бамбілі, быў хаос, шок, страх і дзікая разгубленасць. Трупа кідалася па горадзе ў надзеі знайсці транспарт, каб хутчэй з’ехаць дадому. Кіраўнікі іх кінулі на волю лёсу і збеглі. З дзяцінства памятаю, як кожны раз, праязджаючы побач з будоўляй новага Драмтэатра на вуліцы Маставой на беразе Нёмана, бабуля з горыччу ўспамінала, як у дзень пачатку вайны яны закопвалі свае валізкі з рэчамі менавіта там».

«Не ўсе немцы кепскія…»

Паводле ўспамінаў бабулі Ганны, акцёры падчас гастроляў былі размеркаваны па сем’ях у Гродне. Калі пачалася бамбёжка 22 чэрвеня, трупа хавалася ў падвале аднаго з дамоў.

«Бабуля ўспамінала, як па мосце ішлі і ішлі параненыя чырвонаармейцы, а потым немцы на матацыклах і палонныя. Акцёры беглі дадому без нічога. Галодныя і напалоханыя,
звар’яцелыя ад жаху.

Памятаю гісторыю, якая ўрэзалася мне ў памяць. Калі яны ішлі па лесе, раптам іх нагнала машына з немцамі. Бабуля кінулася да дзядулі абняцца ў апошні раз. Усе вырашылі, што іх расстраляюць.

Машына спынілася, адтуль з’явіўся немец. Ён убачыў гэтых няшчасных разгубленых людзей, кінуў ім бохан хлеба і яны з’ехалі. Бабуля потым казала: «не ўсё немцы дрэнныя»".

Лёс звязаў з Гродна: у 1941-м бранскія акцёры збеглі з горада, а потым вярнуліся адраджаць тэатр
Аляксандра Халіна і Барыс Зубакоў у пасляваенныя гады ў Гродне

Мінск, Бранск, Бабруйск і зноў Гродна

Паводле ўспамінаў, далей акцёры патрапілі ў Мінск. Там яны сутыкнуліся з новымі цяжкасцямі. Кагосьці з трупы расстралялі. У Бранск вярнуліся толькі 11 чалавек.

«Паводле словаў маёй цёткі, старэйшай дачкі бабулі, усіх мужчын забралі ў лагер. Але ім удалося ўгаварыць немцаў адпусціць артыстаў. Пасля гэтага бабуля і дзядуля адправіліся ў Бранск. Цяжкі шлях дадому з Гродна ў Бранск заняў каля двух месяцаў.

Тэатр працаваў і ў гады вайны. Пры адступленні з Бранска немцы забралі з сабой трупу. Акцёрам удалося збегчы ад акупантаў у раёне Бабруйска. Яны перажылі баі за Бабруйск. Горад вызвалілі і праз нейкі час там быў арганізаваны тэатр. Тады арганізоўвалі выязныя брыгады, якія ездзілі да салдат, або па шпіталях, выступалі для параненых. Дзядуля і бабуля там працавалі да 1947 года.

Пасля трупу Бабруйскага тэатра перавялі ў Гродна. Цяпер складана сказаць, колькі менавіта акцёраў Бранскага тэатра патрапілі ў Гродна".

Лёс звязаў з Гродна: у 1941-м бранскія акцёры збеглі з горада, а потым вярнуліся адраджаць тэатр
Афіша драматычнага тэатра ў Гродна, канец 1940-х гг. з архіву Ганны Прудко

Бабуля грала ў тэатры, унучка яго фатаграфуе

«Сёння мая сям’я ніяк не звязаная з тэатрам. Мама — музыкант, старэйшая сястра — выкладчык фартэпіяна, сястра-двайнятка — таксама атрымала музычную адукацыю. Я па прафесіі настаўнік фартэпіяна, а па пакліканні фатограф.

Але і мяне лёс падвёў да тэатра з нечаканага боку. Я часта прыходжу ў тэатр лялек (былы драматычны), у той самы будынак, дзе служылі мае бабуля і дзядуля, а мая мама вырасла там за кулісамі. Сёння я з велізарным задавальненнем фатаграфую для трупы прэм’еры, цікавыя спектаклі і тэатральныя падзеі".

Лёс звязаў з Гродна: у 1941-м бранскія акцёры збеглі з горада, а потым вярнуліся адраджаць тэатр
Аляксандра Халіна і Барыс Зубакоў у пасляваенныя гады ў Гродне


Аляксандра Халіна грала ў Гродзенскім драматычным тэатры да 1955 года. Потым выкладала акцёрскае майстэрства ў культасветвучылішчы. Яе муж Барыс Зубакоў граў у тэатры да 1975 года, да самай смерці.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]