У Гродне набіраюць папулярнасць арганізаваныя сілавыя трэніроўкі на вуліцы. Hrodna.life падрыхтаваў падборку вулічных месцаў, дзе бясплатна можна пазаймацца спортам з крутымі моцнымі хлопцамі.

Трэніроўкі на свежым паветры ідэальныя для падтрымання сябе ў добрай форме, а таксама каб зняць напружанне і развеяць назапашаную стомленасць. Яны добрыя для тых, хто не заўсёды можа наведваць фітнес-цэнтры.

«Druid crew»

Дзе: лесапарк Ласосна
Калі: кожную нядзелю ў 16:00
Як звязацца: instagram.com/druidcrew

Распавядае адзін з арганізатараў Віталь Патрон:

«Нашы трэніроўкі праходзяць у лесапарку Ласосна, што за Бальніцай хуткай медыцынскай дапамогі. Збіраемся кожную нядзелю ў 16.00, праз некаторы час будзе крыху раней.

Трэнінг — гэта сукупнасць розных відаў спорту і кірункаў. У асноўным гэта функцыянал з элементамі воркаўта, гіравога спорту, лёгкай атлетыкі, гімнастыкі, кросфіта і фітнесу. У якасці снарадаў мы выкарыстоўваем гіры, камяні, бярвенні, турнікі, брусы і ўласную вагу.

Мэта нашых заняткаў і сустрэч: фізічнае развіццё, абмен вопытам, духоўны і маральны рост. З моманту запуску нашага руху да нас далучылася нямала людзей, якія раней нідзе не перасякаліся.


«Чтобы прокачать себя, не обязательно тягать железо в зале». Гродненец рассказывает про силовые тренировки на природе


Новыя знаёмствы дазваляюць атрымаць новы зарад матывацыі, зразумець, што ты такі не адзін і варта рухацца далей. З намі можа трэніравацца любы жадаючы, усю неабходную дапамогу і кансультацыі, у залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі, мы аказваем бясплатна. Адзіны крытэр — быць добрым чалавекам".

https://www.instagram.com/p/B15c37AIbrA/

«In Any Conditions»

Дзе: лесапарк Пышкі, спартовыя пляцоўкі на Вішняўцы і пр-це Касманаўтаў
Калі: кожны дзень у 19:00
Як звязацца: instagram.com/inanyconditions_official

Распавядае лідар руху Міраслаў Раманчук:

«На стварэнне руху мяне натхнілі блогі вядомых блогераў-спартсменаў. Я стварыў вулічны рух «In Any Conditions», у перакладзе — «У любых умовах».

Сёння нас 13 прадстаўнікоў каманды, мэта якой — папулярызацыя спорту і здаровага ладу жыцця ў падрастаючага пакалення,
фарміраванне асоб і дапамога ў пошуку іх паклікання ў жыцці. Мы не павучаем, а паказваем правільны прыклад. За кароткі час мы правялі больш за дзясятак адкрытых трэніровак на свежым паветры. У асноўным займаюцца дзеці і падлеткі.

Мы займаемся пад школамі, на розных пляцоўках у горадзе, часцей за ўсё гэта лесапарк Пышкі і новая спартыўная пляцоўка на Касманаўтаў. Нядаўна мы правялі спаборніцтвы па выхадах сілай на перакладзіне.

У сярэднім з намі займаюцца 20−25 чалавек. Збіраемся звычайна ўвечары, калі ўсе прыходзяць пазаймацца пасля вучобы ці працы. Працуем з уласнай вагой на турніках і не толькі. Мы чакаем усіх".

https://www.instagram.com/p/B2UDEkuIuYL/

«Чугун Клаб»

Дзе: лесапарк Румлёва
Калі: панядзелак, серада, пятніца ў 18:30
Як звязацца: instagram.com/pavelchugai

Распавядае адзін з арганізатараў Павел Чугай:

«Мы трэніруемся за царквой Усіх Святых. Зараз у нас тыднёвы адпачынак ад трэніровак. А з панядзелка ідзем зноў у бой.

Трэніруемся тры разы на тыдзень на вуліцы — панядзелак, серада, пятніца. Час вячэрні, бо ўсе хлопцы працуюць. Звычайна пачынаем, а 18:30. На трэніроўкі прыходзяць розныя хлопцы, але ў асноўным гэта барцы, бо я сам раней займаўся барацьбой.

Нашы заняткі - на ўсе групы цягліц, разлічаны як на аматара, так і на добра падрыхтаванага спартсмена. У трэніроўках выкарыстоўваем уласную вагу, гіры і турнікі. Да нас можа прыходзіць займацца любы жадаючы".

https://www.instagram.com/p/B2XPxn4oiky/

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]