Месяц таму гродзенец Руслан Яроцкі вярнуўся з добраахвотнай місіі з Афрыкі. Два тыдні мужчына са сваiм сябрам дапамагаў там мясцоваму насельніцтву ў праваслаўным прытулку св.Варнавы ў вёсцы Джамбiнi ў Кеніі. Цяпер ён кажа, што хоча паехаць туды яшчэ раз.
Руслан — вернік храма св.Лукi ў Гродзенскай абласной бальніцы. Па адукацыі ён рэлігіязнаўца і часам выкладае тэалогію і іншыя прадметы. Таксама валанцёрыць ў місыйным аддзеле Лаўрышаўскага манастыра. Адправіцца на місію ў Афрыку — даўняя мара Руслана.
«Жаданне наведаць Афрыку было заўсёды. Але спрыяльныя фінансавыя абставіны склаліся толькі ў гэтым годзе. На нейкім этапе жаданне адправіцца ў Афрыку стала непераадольным. Я паехаў у Лаўрышаўскі манастыр да ігумена Еўсевія спытаць парады. Ён блаславіў і сказаў, што справа патрэбная. 2,5 месяцы я збіраў грошы, а потым з сябрам па бізнесу Дзмітрыем мы адправіліся на два тыдні ў Кенію».
Складана даставіць гуманітарную дапамогу
Руслан распавядае, што любы можа паехаць у Кенію, папярэдне адкрыўшы візу, якая каштуе 50 долараў. Квіткі туды і назад — каля 600−800 долараў. Кенія — дарагая краіна, кожны прыезджы павінен мець грошы на пражыванне і харчаванне.
«Я ездзіў як праваслаўны хрысціянін, які хоча дапамагчы праваслаўным афрыканцам. Не як святар, магчыма як місіянер. Гродзенцы дапамаглі нам сабраць грошы на ежу, рэчы для школы. Мы везлі з сабой 150 кг канцылярскіх тавараў. У Кенію складана даставіць гуманітарную дапамогу, таму мы збіралі грошы і куплялі там оптам крупы і іншае, а пасля ўсё адвозілі ў прытулак і тым, хто мае патрэбу».
Пасля Кеніі Беларусь — вельмі шчаслівая краіна
Праваслаўная Царква ў Кеніі - адна з самых дынамічых у Афрыцы. Каля 300 парафій, шмат школ і прытулкаў, ёсць свая семінарыя і тэхнічны каледж. Усё гэта дзякуючы працы Мітрапаліта кенійскага Макарыя. Руслан кажа, што гэта вельмі дзейная асоба, можна сказаць, легендарная для гэтай краіны.
«Мітрапаліт вельмі добры чалавек і можа размаўляць на рускай мове, ён шмат робiць для Кеніі. Шчыра скажу, у Афрыку было страшна ехаць, бо не было адчування бяспекі. Але мы ж усе памром, пытанне толькі дзе, калі і пры якіх абставінах. Дзеці там хворыя СНІДам і іншымі хваробамі, гэта выпрабаванне на трываласць.
Пасля Кеніі Беларусь вельмі шчаслівая краіна. У нас ёсць праблемы, але ад голаду людзі не паміраюць. У нас ёсць такое паняцце як «бяспека», там яно адсутнічае. Велізарная колькасць хворых людзей, адсутнасць элементарнай медыцынскай дапамогі, голад, праблема з вадой. У нас у Беларусі рай зямны ў параўнанні з тым, як выжываюць там людзі".
«Трэба ехаць, трэба дапамагаць»
На працягу двух тыдняў Руслан са сваім сябрам займаліся дабрачыннасцю — дапамагалі ў праваслаўным прытулку, дзе знаходзіцца каля 170 дзяцей, многія з іх цяжкія хворыя.
«Мы куплялі прадукты для дзяцей. Будавалі куратнік, каб можна было трымаць курэй і мець дадатак да беднага рацыёну дзяцей. Потым мы наведалі шэсць месцаў, дзе працуюць праваслаўныя святары ў вельмі складаных умовах, прывезлі ім дапамогу, прадукты. Камунікавалі, выслухоўвалі патрэбы.
Пасля вяртання я зразумеў, што трэба ехаць яшчэ дапамагаць афрыканцам. Магчыма, адпраўлюся ў пачатку наступнага года. Навошта? Каб яшчэ раз убачыць сяброў, дапамагчы, падбадзёрыць. Усё гэта мае там вялізны сэнс. Не хацелася б, каб гэтая паездка апынулася ўсяго толькі «экстрэмальным турызмам». Дзеці яны ўсюды дзеці, трэба ехаць, трэба дапамагаць. Па меры сіл і магчымасцяў, вядома".
Цяпер Руслан збірае ахвяраванні на харчаванне і лекі, якія ён павязе ў чарговай паездцы. Звязацца з Русланам можна па нумары +375 (33) 3 348 052 або па пошце [email protected].