Карыснае

Той, хто паўзе па лязе. Новы «Bladerunner» — моцны серадняк напоўнены эстэтыкай

Арыгінальны фільм «Той, хто бяжыць па лязе» Рыдлі Скота ўваходзіць у пяцёрку маіх самых любімых фільмаў. Ад сіквела я не чакаў паўтору падобнага поспеху — я ўвогуле імкнуўся ад яго нічога не чакаць, таму ў меня атрымалася пазбегнуць расчаравання і атрымаць задавальненне ад прагляду. Піша аўтар блогу Fandom.by.

Пачну з таго, што «Той, хто бяжыць па лязе 2049» спрабуе развіць, а не пераказаць ідэі арыгінала — і гэта, мабыць, галоўнае, што можна паставіць у заслугу стваральнікам фільма. У той жа час крок наперад атрымаўся вельмі стрыманым і асцярожным, а самае смешнае, другасным у дачыненні да зусім яшчэ свежага «Праметэя» Рыдлі Скота. Пасля такога фанацкія тэорыі пра адзінства светаў «Чужога» і «Беглага» не выглядаюць вар’яцкай фантазіяй. Халера, яны нават саундтрэк з ерыхонскімі трубамі адтуль скапіравалі!

Калі пасля прагляду фільма патрэсці галавой і працерці вочы ад пылу, які Дэні Вільнёў па-майстэрску ўмее напускаць сваім візуалам, то можна заўважыць, што сцэнар даволі павярхоўны, дый увогуле слабы. Многія сюжэтныя лініі ўведзены толькі як кліфхэнгеры для сіквелаў і спін-офаў. З аднаго боку, дурным фільм не назавеш і асаблівага негатыву сюжэт не выклікае, але ўсё ж за столькі гадоў і за такія грошы можна было б прыдумаць нешта больш арыгінальнае. Інакш не варта і брацца за адраджэнне гэтак значнага твора.

Для мяне галоўная праблема ўспрымання новага «Беглага» ў тым, што я не зусім выразна бачыў фільм, але выдатна бачыў рашэнні, як рэжысёрскія, гэтак і прадзюсарскія. Ведаеце, як у якой казуальнай гульні: узяць на галоўную ролю Гослінга (+20% касы за кошт моладзі), увапхнуць сюжэтную лінію Харысана Форда (+25% касы за кошт олдфагаў), музыка Ханса Цымера (+20% да атмасферы) і так аж да ўзроўню асобных эпізодаў (напрыклад, з сабакам).

Да гонару Вільнёва, у яго атрымалася звесці ўсё гэта ў адзіную карціну, але зрабіў ён гэта ў сваім фірмавым стылі — прыгожая пустата. Калі арыгінальны фільм меў шмат красамоўных дэталяў і сімвалаў, то ў новым ты бачыш толькі тое, што табе паказваюць. Зазвычай, гэта адзінокі персанаж на прыгожым фоне. За гэтым нічога не стаіць, таму замест шэдэўра мы атрымалі моцны серадняк, якому можна накінуць 1 бал за эстэтыку кадра. Але ў Вільнёва так заўсёды.

Хронаметраж — гэта другі інструмент пасля эстэтыкі, якім аўтары ціснуць на гледача. Прыгожы фільм не можа не ўразіць, калі ты глядзіш яго амаль 3 гадзіны. Нават калі табе не спадабалася, няпроста будзе прагнаць думку, што ты дакрануўся да нечага вялікага ці хоць бы значнага. Я не хачу сказаць, што прагляд быў для мяне пакутай. Зусім не, сузіранне маляўнічых краявідаў антыўтопіі і неверагодна прыгожых дзяўчын пакінулі прыемнае ўражанне. Але ўсё ж хацелася б, каб фільм глядзеўся як фільм, а не жывыя шпалеры для рабочага стала.

Я ўсё ніяк не магу зразумець, ці то гэта Вільнёву катастрафічна не шанцуе са сцэнарыстамі, ці то справа ў самым рэжысёры, але на выйсці ў яго ўвесь час атрымліваецца адно і тое ж. Добрыя сцэны ў «Тым, хто бяжыць па лязе 2049» ёсць, але ўсе яны не новыя: нешта з’яўляецца адсылкай да арыгінала, а нешта ўзята з іншых фільмаў.

Зрэшты, калі справа датычыцца адраджэння класікі, то зрабіць някепска, гэта ўжо добра, таму я рэкамендую гэты фільм да прагляду. А вось пераглядаць яго я б не стаў. Калі мне раптам захочацца зірнуць на хмурнага Гослінга ў прыгожых дэкарацыях, то ўжо лепш асвяжыць у памяці «Драйв» ці «Толькі Бог прабачыць», бо ў гэтай справе Нікалас Віндынг Рэфн застаецца найдасканальнейшым.

Пры гэтым я б не стаў спісваць Вільнёва з рахункаў — мне б вельмі хацелася ўбачыць яго «Дзюну», балазе там наймагутнейшая сюжэтная першакрыніца і, калі гэты пацешны канадзец здолее з ёй управіцца, то можа атрымацца сапраўдны шэдэўр. Хочацца ў гэта верыць.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Статус — першы крок да захавання. Інструкцыя, як унесці аб’ект у спіс спадчыны

У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…

22 лістапада 2024

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024