Хто гатовы адмовіцца ад аднаразовых пакетаў на карысць стылёвых торбачак шматразовага выкарыстання? У нас да вас важная справа! Мы зрабілі першую партыю торбачак, каб прапанаваць іх для тэставання чытачам Hrodna.life, а пасля — усім ахвотным.
Справа стала за малым — як назваць новыя торбачкі? Па-руску падобныя мяшэчкі называюць «фрутовками». А ў беларускай мове пакуль няма адпаведнага слова. Яно і зразумела — шматразовых торбачак таксама пакуль амаль не было.
Мы схадзілі з торбачкамі ў краму — гэта аказалася вельмі зручна. Яны празрыстыя, касірам добра бачна, што ўнутры. Ліпкая чэкавая стужка добра трымаецца на тканіне, але і здымаецца таксама лёгка. У торбачку зручна браць любыя прадукты, што прадаюцца на вагу — садавіну, гародніну ці печыва.
Нашы торбачкі ўжо пабылі яблыкоўкамі, памідораўкамі, цытрынаўкамі, кабачкоўкамі і шмат чым яшчэ.
Першымі торбачкі атрымалі ўдзельніцы майстар-класа па вязанні авосек-шопераў. Яны ўжо падзяліліся з намі ўражаннямі ад выкарыстання:
«Вырашыла для сябе, што гэта будзе торбачка для цукерак — „цукеркаўка“, — напісала ў лісце да рэдакцыі Надзея Багдзевіч. — Падчас пакупкі ацаніла несумнеўныя перавагі торбачкі - зручна, стылёва, прыгожа, займае мала месца. Пакласці ў яе можна ўсё, што заўгодна, яна аказалася вельмі ёмкай. Маіх любімых цукерак там змясцілася паўкілаграма і яшчэ месца засталося. Прадавец на касе трохі здзівілася, запытала, ці гэта мая торбачка. Перакладаць у аднаразовы пакет не прапаноўвала. А потым мы яшчэ хадзілі з торбачкамі па гуркі і памідоры».
«З такой торбачкі ўся садавіна смачнейшая!» — напісала Аліна Філіпчык. Яна скарыстала торбачку для пакупкі персікаў і абрыкосаў.
То як жа назваць торбачкі? Яблыкоўкі, цытрынаўкі, гуркоўкі ці цукеркаўкі? Якая назва вам больш падабаецца? Для якіх пакупак вы б ёй скарысталіся?
Да слова, урад таксама азадачыўся праблемаю аднаразовай упакоўкі. Пластыкавыя пакеты прапануюць замяніць на папяровыя. Але ў гэтага рашэння ёсць свае мінусы. «Гэта не экалагічнае рашэнне, — мяркуе аўтарка Зяленага партала Наста Захарэвіч. — Эколагі даўно кажуць, што замена аднаразовага пластыку на аднаразовую паперу — не выйсце, а магчыма, нават пагаршэнне сітуацыі. Пластык хаця б можна выкарыстаць некалькі разоў, а папяровы пакет пасля першага ж выкарыстання пойдзе ў сметніцу». Найбольш удалым выйсцем з сітуацыі спецыялісты лічаць менавіта шматразовыя пакеты.
Мы з імі згодныя і прапануем вам далучацца да выкарыстання нашых торбачак у якасці яблыковак, цытрынавак, памідоравак і цукеравак. Прапануйце для іх назвы ў каментарах — каб было з чаго выбіраць. Першыя 20 каментатараў атрымаюць торбачку ў падарунак ад Hrodna.life. «Афіцыйную» назву для торбачкі выбярэм галасаваннем.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…