У цэнтры Гродна — усяго шэсць грамадскіх прыбіральняў. Але толькі тры з іх працуюць штодзённа. Кругласуткавых яшчэ менш — толькі дзве. У залежнасці ад таго, дзе вы знаходзіцеся, дабегчы да іх можна за 5−10 хвілін. На шчасце, гэта не адзіныя месцы, дзе можна «палегчыцца».
Мы падрыхтавалі матэрыял у адказ на ваш запыт. У пачатку года мы спыталі, што бесіць нашых чытачоў у Гродне. Адным з адказаў была адсутнасць грамадскіх прыбіральняў у горадзе.
Hrodna.life знайшоў на карце старога горада бясплатныя і (часам) камфортныя прыбіральні. Таксама раім, што рабіць, калі ў прыбіральню нейкай установы вас не пускаюць.
Без унітазаў і за грошы — платныя прыбіральні ў цэнтры горада
У цэнтры Гродна ёсць шэсць платных грамадскіх прыбіральняў:
- вул. Савецкая, 9 (будынак «Моладзевага цэнтра», уваход з боку вуліцы Кірава),
- вул. Чырвонаармейская (пад зямлёй ля міжнародных платформаў аўтавакзала),
- вул. Будзёнага (будынак чыгуначнага вакзала, першы паверх),
- вул. Замкавая, 21 (сувенірны кіёск на паркоўцы ля рэстарана «Бакст»),
- вул. Паліграфістаў, 2Б (міні-рынак),
- Цэнтральны (Скідзельскі) рынак (ніжняя пляцоўка).
Толькі дзве з іх працуюць кругласуткава: на чыгуначным і аўтобусным вакзалах. Прыбіральня ў «Маладзёжным» працуе штодзённа з 10.00 да 22.00, на Замкавай — выключна з пятніцы па нядзелю з 10.00 да 18.00. Прыбіральні на рынках працуюць з 8.00 да 16.00 штодзённа акрамя панядзелку.
Скарыстацца паслугамі грамадскай прыбіральні каштуе ад 60 капеек да 1 рубля. Карткай разлічыцца можна толькі ў прыбіральнях на чыгуначным вакзале і ў Моладзевым цэнтры.
Неспрыяльныя санітарныя ўмовы і адсутнасць унітазаў вымушаюць людзей пакідаць на «Google Картах» і «Яндекс Картах» з большасці адмоўныя водгукі пра грамадскія прыбіральні Гродна. Найлепш выглядае задбаная прыбіральня каля «Бакста» — там добрыя санітарныя ўмовы.
Ёсць яшчэ шэраг закрытых грамадскіх прыбіральняў. Калі па даўняй памяці вы паспрабуеце патрапіць у туалет пад Старым мостам (ля БІПу), або ў парку Жылібера, то пабачыце толькі замок на дзвярах.
Дзе-нідзе ў горадзе (у тым жа парку Жылібера або на вуліцы Замкавай ці ля Каложы) можна сустрэць біятуалеты. Іх стан і чысціня бываюць розныя, але звычайна — незадавальняючыя. Таксама біяпрыбіральні у тым жа парку могуць быць проста закрытыя — тады навокал пачынаюць з’яўляцца кучкі фекаліяў.
Бясплатна і з камфортам
У цэнтры горада ёсць больш прывабныя і бясплатныя месцы, каб «зрабіць свае справы». У офісным будынку па вул. Замкавай, 11 (дзверы злева ад кавярні «Наша кава») ёсць мужчынская і жаночая прыбіральні. Прыбіральня адкрытая ў час працы кавярні - з 9.00 да 23.00.
Можна забегчы ў Дом быту па вул. Замкавай, 4. Прыбіральня знаходзіцца на трэцім паверсе, але часам на ёй вісіць замок. Сам Дом быту працуе з 10.00 да 20.00.
Яшчэ варыянт — крама «Баторыя». Там ёсць прыбіральня паміж кафетэрыем і крамай. Але і яна часам бывае зачыненай — ключ даюць у кафетэрыі кліентам. Крама працуе з 8.00 да 22.00 у буднія і з 9.00 да 22.00 у выхадныя.
Заўсёды адчынена прыбіральня на першым паверсе гандлёвага дому «Нёман». Шукайце яе па стрэлачках з надпісам WC або проста ідзіце да канца па калідоры паміж крамамі OZ і «Твое». Плюс у тым, што там фактычна цэлых тры прыбіральні - акрамя мужчынскай і жаночай ёсць яшчэ асобная для людзей з інваліднасцю. Гандлёвы дом адчынены з 10.00 да 20.00 з пятніцы па суботу, а ў нядзелю — з 10.00 да 19.00.
Некалькі год таму адрамантавалі прыбіральню ў дворыку Фарнага касцёла: каб туды патрапіць, трэба прайсці праз вялікую чорную металічную браму паміж касцёлам і аптэкай-музеем. Калі яна зачынена, трэба зайсці ў касцёл праз галоўны ўваход, прайсці праз яго, трымаючыся левага боку, і выйсці праз бакавы ўваход у двор. Прыбіральня пазначана зялёным колерам. Адкрытая яна ў час працы касцёла — прыкладна з 7.00 да 20.00.
Скарыстацца прыбіральняй можна і ў час працы кафедральнага сабора на вул. Ажэшкі. Туалет знаходзіцца за царквой — асобны «домік» сярод клумбаў. Калі ён раптам зачынены, побач стаіць біятуалет.
Адкрыта для наведнікаў прыбіральня ў кругласуткавым «Еўраопце» на вул. Ціміразева. Яна знаходзіцца злева ад уваходу з боку вуліцы Ажэшкі і 1 Мая. На дзвяры напісана «Санузел», стан звычайна вельмі жудасны.
Бяспройгрышны варыянт — кавярні ці рэстарацыі. У цэнтры горада іх безліч, але не ў кожнай вам дадуць скарыстацца прыбіральняй, спасылаючыся, што прыбіральні толькі для кліентаў. Такія адказы можна парыраваць заканадаўчымі актамі.
Чаму законна карыстацца прыбіральняй у любой установе
Згодна з пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 1 лістапада 2011 года, калі грамадскія прыбіральні адсутнічаюць, грамадзян абавязаны пускаць у службовыя прыбіральні. Падмацаваць сваю пазіцыю можна чарговай пастановай таго ж Міністэрства № 102 ад 12 кастрычніка 2015 года. Там значыцца, што доступ грамадзян у службовыя прыбіральні, у выпадку, калі не ўладкаваныя грамадскія, павінен быць дазволены на запраўках, аб’ектах грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, у крамах.
Калі вам кажуць, што прыбіральні няма, можаце спасылацца на дэкрэт прэзідэнта № 7 ад 23 лістапада 2017 года «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Згодна з ім усе гаспадарчыя аб’екты павінны быць абсталяваныя прыбіральнямі як для работнікаў, так і для наведвальнікаў.
Кажучы простымі словамі, калі вам захацелася «па справах», паводле закону вас павінны пусціць нават у прыбіральню гарвыканкама.
Што будзе, калі пайсці «за кут» ці «у кусцікі»
«У кусцікі» хадзі не раім, бо гэта дробнае хуліганства, згодна арт. 19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Калі вас затрымаюць, то гэта можа вам каштаваць ад 2 да 30 базавых. А калі не пашанцуе, то прыйдзецца займацца грамадскімі работамі або адседзець адміністрацыйны арышт.
Што будзе, калі пайсці «за кут» ці «ў кусцікі»
«У кусцікі» хадзі не раім, бо гэта дробнае хуліганства, згодна арт. 19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Калі вас затрымаюць, то гэта можа вам каштаваць ад 2 да 30 базавых. А калі не пашанцуе, то прыйдзецца займацца грамадскімі работамі або адседзець адміністрацыйны арышт.