Сотні гродзенцаў 29 мая прыйшлі на Савецкую плошчу, каб сустрэцца з блогерам Сяргеем Ціханоўскім і падтрымаць вылучэнне яго жонкі ў прэзідэнты Беларусі.
Яшчэ да прыезду Ціханоўскага ў Гродна па телеграм-каналах разышлася інфармацыя, што разам з ім прыедзе яго жонка Святлана — прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі. Але замест жонкі блогер прывёз яе кардонныя фігуры.
«Гродна — гэта першы горад у Беларусі, куды мы прывезлі выяву Святланы. А калі сур’ёзна, то мы і Лукашэнку на вуліцах не бачым. Кандыдаты на этапе збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі рэдка дзесьці бываюць. Ёсць прадстаўнікі, якія могуць біяграфію расказаць.
Агітаваць і праграму распавядаць цяпер нельга. Фатаграфаваць? Пакуль гэтую функцыю я выконваю».
Блогер адзначыў, што жонку яго на пікетах пакуль не варта чакаць. Каманда «Страна для жизни» рыхтуе прэс-канферэнцыю з яе ўдзелам.
«Цяпер мы збіраем подпісы. Учора былі ў Гомелі, там было каля 5000, прыкладна столькі ж было і ў Мінску. У Магілёве крыху менш, ну і ў райцэнтрах таксама менш. Калі мы прыязджаем, менш за тысячу подпісаў мы не збіралі».
У Гродне на сустрэчу з Ціханоўскім прыйшло некалькі сотняў чалавек. У рэгіёне зарэгістравалі самую маленькую ініцыятыўную групу Ціханоўскай — 5 чалавек.
«Столькі людзей на ўсю вобласць і мы нікому не плацім грошы за подпісы. А калі нехта так кажа, то гэта хлусьня. Гэтыя людзі колькі могуць, столькі і збіраюць. Раз тут менш за ўсё чалавек у ініцыятыўнай групе, значыць сюды будзем часцей прыязджаць і сустракацца з людзьмі, каб яны маглі паставіць подпіс за сумленныя выбары без Лукашэнкі».
Каля 20.00 Сяргея Ціханоўскага затрымала міліцыя.
Выбары прэзідэнта Беларусі пройдуць 9 жніўня. На дадзеным этапе кампаніі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы 14 кандыдатаў. Hrodna.life пагутарыў з гродзенцамі і спытаў пра іх стаўленне да маючых адбыцца выбараў.
Чытайце таксама:
«Мы хотим перемен». Гродненцы стояли под дождем, чтобы подписаться за Тихановскую
«Пришло время ЧЕ?» В Гродно Сергей Черечень рассказал, с чем идет на выборы