У пошуках лепшага жыцця тысячы людзей выязджалі з беларускіх зямель больш за сто год таму. У кожнага з іх непаўторная гісторыя, прыгоды і абставіны. Але кожны і кожная захавалі каштоўныя ўспаміны не толькі пра дарогу і далейшае жыццё, але і пра тое, як жылі яшчэ ў «старой краіне».

Як знайшлі гісторыі

Медыя PALATNO праверыла базу дадзеных Музея іміграцыі Ellis Island, таго самага вострава, куды прыязджалі імігранты, каб пасля абавязковых працэдур пачаць амерыканскае жыццё. У базе няма магчымасці адфільтраваць гісторыі па краіне «Беларусь», таму што прыезджыя звычайна пазначалі, што паходзяць з Расіі або Польшчы. Таму журналісты шукалі ўраджэнцаў тэрыторыі, якая цяпер з’яўляецца Беларуссю, па горадзе, што называлі родным.

Гісторыі задакументавалі супрацоўнікі музея ў канцы ХХ стагоддзя, і гэтыя аўдыёзапісы захаваныя. PALATNO пераклала гісторыі на беларускую мову і выпусціла першы сезон з васьмі серый — а гэта восем пакручастых лёсаў і восем вобразаў беларускай зямлі, якія захавалі ў сэрцах і памяці героі і гераіні.

Пра што расказваюць героі падкаста

Гераіня Разалін Брэснік-Пэры падзялілася, што, як даведалася пра ад’езд, пачала капаць тунэль у пакоі, таму што ён у яе дзіцячым уяўленні абавязкова выходзіў бы якраз туды, дзе сям’я будзе ў новай краіне. А бабуля зможа праз тунэль глядзець на родных. Ірвінгу Маркману давялося служыць у бальшавіцкім войску, а дарога ў новую краіну заняла чатыры гады.

Молі Столер з Пінска прыгадвала, як у час Першай сусветнай вайны хварэла на тыф, і маці хавала пад яе падушкай яйкі ад вайскоўцаў; саму дзяўчыну ледзь не забілі з-за вяроўкі; а два долары, што маці дала ў дарогу, яна адправіла назад ужо з Нью-Ёрка. Луіс Бунін са Слуцка не змог давучыцца ў школе: дырэктар проста ўцёк, калі пачала набліжацца лінія фронту. Адзін яго брат выехаў раней і даслаў грошы на білет і дарогу. Калі Луіс уладкаваўся ў Штатах, вырашыў дапамагчы выехаць другому брату, але той у перапісцы агітаваў за прафсаюзы, а пасля сувязь перарвалася.

Чытайце таксама: За акіян! Як гродзенцы ехалі ў эміграцыю ў пачатку ХХ ст.

Эдна Зарэцкая-Бродзі прыгадвае бацькоўскі дом у Петрыкаве з вітражамі і булінг за тое, што «была яўрэйкай». Пол Дойч дзіцем паехаў з сям’ёй у Амерыку, а пасля вярнуўся з маці і братамі праз дзесяць год з веданнем толькі англійскай мовы. Прыгадвае вайскоўцаў, што хадзілі па дамах пасля Кастрычніцкага перавароту і не маглі паверыць, што ў агародзе раслі памідоры, а таксама як удалося ўцячы ад салдат і дабрацца да Штатаў, дзе чакаў бацька.

Роўз з Карэлічаў паспела павучыцца ў савецкай, польскай і амерыканскай школах. Дзяўчынка малілася, каб трапіць у Амерыку, дзе ўжо жыў бацька. Але калі яны з маці дабраліся ў новую краіну, муж з жонкай разышліся. Роўз і яе маці давялося наладжваць жыццё самастойна, і гэта атрымалася, сама гераіня называе іх абедзвюх феміністкамі. Абрам Левіт прыгадвае, як у дзяцінстве складана было гуляць без цёплага адзення зімой, а маці, калі збіралася гандляваць на рынку, брала гаршчок з вуголлем, каб не замёрзнуць. У Амерыцы Абрам стаў вядомым мастаком, даследаваў дагістарычнае мастацтва, а будучую жонку сустрэў у Цэнтральным парку Нью-Ёрка.

PALATNO абяцае працягнуць выпуск гісторый, наступны сезон плануе запусціць у другой палове года.

Эпізоды першага сезона

1. Дзесяць дзён праз акіян, каб трапіць у Амерыку з Беларусі

2. Служыў бальшавікам ад рэвалюцыі — кінуў усё і з’ехаў у Нью-Ёрк

3. Як з Беларусі пераязджалі ў Амерыку сто гадоў таму

4. Хлопец уцёк з пасляваеннага Слуцка ў Амерыку

5. 14-гадовая дзяўчынка адна пераплыла праз акіян за новым жыццём

6. З Клецка ў Нью-Ёрк — і назад. Як вярнуцца на радзіму чужынцам

7. З Наваградка ў Кліўленд: гісторыя Роўз, якая перажыла вайну і камуністаў

8. Забіў рускую частку сябе і стаў амерыканскім мастаком