Гродзенскі «тэрарыст» меў два схрона, збіраўся падарваць пяць кілаграм пластыду і ўцячы ва Украіну. Праз два дні пасля яго «ліквідацыі» дзяржСМІ распавялі версію таго, што адбылося, са слоў сілавікоў. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела ўсе (!) сюжэты дзяржаўных тэлеканалаў і аднавіла карціну падзей. Аб’яднанне BYPOL назвала сітуацыю інсцэніроўкай.
За мужчынам было сачэнне
У лютым КДБ нібыта атрымаў інфармацыю, што «беларускія палітэмігранцкія цэнтры, якія знаходзяцца пад кантролем замежных спецслужбаў» вырашылі закінуць у Беларусь прыхільніка «для здзяйснення злачынства тэрарыстычнага характару». Пасля гэтага яны звярнулі ўвагу на «Ламакіна» (такое прозвішча ў «тэрарыста» ў падробленым расійскім пашпарце). За ім пачалі сачыць.
Тэлебачанне паказала кадры здымкі мужчыны. Гэта назвалі аператыўным сачэннем. Пры гэтым мужчына часам глядзіць прама ў камеру. Здымалі яго часам з адлегласці ў некалькі дзясяткаў сантыметраў - напрыклад, пры пасадцы ў таксі або пры пакупках. Здымка ішла і зверху, калі мужчына нібыта накіроўваўся ў схрон.
Гуляў ля КДБ і аблвыканкама
Мужчына, па версіі дзяржТБ, прыехаў у Магілёў са Смаленска меркавана з 24 па 28 лютага. Там ён пражыў некалькі дзён. 1 сакавіка выехаў у Мінск, адтуль — у Гродна, дзе зняў кватэру на вул. Курчатава, 5.
Гаспадыню кватэры Алену Касцевіч і яе сына Аляксандра, які здаў кватэру, затрымалі. Да іх «больш за ўсё пытанняў», паведамілі на тэлебачанні. Аляксандр распавёў, што ў яго знялі кватэру, патэлефанаваўшы з расійскага нумара ў Viber. Мужчына выглядаў дзіўна. Суседзі не бачылі кватаранта, але чулі.
«Прыходзіў ён у 11, чую, ходзіць, усё нармальна. Ён мне не перашкаджаў зусім, ціха сябе паводзіў», — распавяла адна з суседак. Таксіст Павел Шостак, які падвозіў яго, адзначыў, што мужчына пазначыў трэці пад’езд, але выйшаў з другога. Яму здалася дзіўнай прычоска «тэрарыста». Мужчына сказаў, што прыехаў з Пецярбурга на пахаванне да цёткі.
Ламакін падоўгу і «з непрыхаванай цікавасцю» гуляў ля будынкаў КДБ і аблвыканкама, вывучаў чыгуначны вакзал, з’яўляўся ля дамоў кіраўнікоў сілавога блока. «Усе яго дзеянні казалі аб падрыхтоўцы да злачынстваў», — паведамілі на ТБ.
Пачаў збіраць бомбу і паехаў па Калашнікава
Пасля двух тыдняў шпацыраў мужчына нібыта пачаў збіраць складовыя часткі выбухоўкі. 15 сакавіка купіў бесправадны званок на 100 метраў, яшчэ адзін — правадны, пяць метраў кабеля. Імі можна прывесці ў дзеянне прыладу электрадэтанатара. 16 сакавіка на базе металапракату купіў 12 метраў арматуры, нарэзанай часткамі па 40 см, і дзве кардонныя скрынкі. Для куплі гэтых рэчаў ён хадзіў па крамах і нёс скрынкі адкрыта па вуліцы, мяркуючы па кадрах аператыўнага сачэння.
18 сакавіка Ламакін накіраваўся ў бок адной са схованак на 38-м кіламетры трасы «Гродна-Астрына». Там была схаваная торба з аўтаматам Калашнікава, патронамі да яго і баявымі гранатамі. Таксіст адвёз яго з сумкай дадому. Ламакін папрасіў яго купіць па бутэльцы гарэлкі і «Бонаквы». Пасля гэтага «тэрарыст» забраніраваў аднапакаёвую кватэру ў Гомелі з 21 па 23 сакавіка. Сілавікі палічылі, што ён плануе бегчы ва Украіну пасля здзяйснення тэракту.
Штурм кватэры і затрыманне
Таму 19 сакавіка яго вырашылі затрымаць з прыцягненнем групы «Альфа» КДБ. У кватэру зазірнулі з дапамогай тэлескапічнай камеры. За мэбляй у праходзе не было нічога відаць. Ламакін нібыта хаваўся і рыхтаваўся сустракаць сілавікоў агнём. Дзверы ён не адчыніў. Яе ўзламалі і ўбачылі, што ўваход забарыкадаваны сталом.
Першага сілавіка Ламакін сустрэў двума адзінкавымі стрэламі, чаргой і ручной гранатай. Байцы схаваліся і адышлі. Вокны вынесла выбухам. «У такім выпадку спецпадраздзяленні ва ўсім свеце могуць смела адкрываць агонь на паражэнне. Але нават у такой сітуацыі нашы хлопцы заставаліся людзьмі з тэрарыстам», — паведамілі на ТБ. Тройчы сілавікі папярэджвалі, што будуць страляць. Калі асеў пыл пасля гранаты і з’явілася бачнасць, сілавікі ўвайшлі і пачалі страляць.
Пры штурме падазраванага паранілі. Яму аказалі першую дапамогу і вырашылі эвакуіраваць у бліжэйшую бальніцу. Ламакіна вынеслі з дому і пагрузілі ў машыну. Па дарозе ён памёр. Больш ніхто не пацярпеў.
Бліжэйшых суседзяў у кватэрах не было. Падыходы да дома перакрылі. Абмежавалі рух транспарту. Суседзі чулі грукат. Кватэра ад выбуху разбурылася. Паўсюль — сляды ад аскепкаў і кулявыя адтуліны ад стрэлаў. У ёй выявілі АК-74, дзве крамы з патронамі да яго і гранату Ф-1, 26 адрэзкаў арматуры і дзвярныя званкі, каб зрабіць выбухоўку. У тэлефоне мужчыны — фота і відэа кіраўнікоў КДБ, чыноўнікаў і геалакацыі іх месцаў пражывання, каардынаты схрона каля ракі Бярвенка. Там знайшлі пяць кілаграм пластыду і электронны ўзрывальнік.
Пластыд — выбухоўка армейскага прызначэння, не ўжываецца ў прамысловасці. З ім спецыяльна вучаць абыходзіцца. Па магутнасці яна як траціл, але можа прымаць любую форму. З пластыду можна ствараць самаробныя боепрыпасы, якія па характарыстыках адпавядаюць армейскім узорам. Максімальная паражальная далёкасць пяці кілаграм — 500 метраў. Радыус суцэльнага паражэння — 70−100 метраў.
Ламакін быў добра падрыхтаваны і ведаў характарыстыкі рэчыва.
Паказалі цела забітага
Мужчына ведаў пра метады канспірацыі, але ўжываў іх няўмела, адзначылі сілавікі. Насіў парык, але ўвесь час папраўляў яго, наносіў грым, але рабіў гэта няўмела, насіў акуляры без дыёптрый. Таму формы яго твару выглядалі ненатуральна. Выкарыстоўваў «аператыўны гардэроб» — апранаў дзве курткі, змяняючы іх месцамі. Куртка была на памер большай.
У мужчыны знайшлі падроблены пашпарт на імя Аляксея Мікалаевіча Ламакіна. Пашпарт на самай справе належаў Уладзіміру Ламакіну. Ён быў згублены ў 2012 годзе і прызнаны несапраўдным. Старонку пашпарта з анкетнымі дадзенымі змянілі, адклеіўшы лямінаванага пласт.
Па тэлебачанні паказалі цела забітага. Цяпер следчыя высвятляюць сапраўдную асобу «тэрарыста». У беларускіх базах яго няма. Звесткі дактыласкапіі перадалі ў ФСБ Расіі. Таксама высвятляюць, адкуль прыбыла зброя і выбухоўка. Мяркуюць, што ў яго ёсць саўдзельнікі. Распачатая крымінальная справа паводле арт. 289 КК «Акт тэрарызму». Дапыталі 14 чалавек, пяцёра з іх — у ізалятары.
Суседзі
Дзяржтэлебачанне апытала некалькіх суседзяў. Адзін з іх назваў уладальніка кватэры і старшыню кааператыва «БНФаўцам». Яны хвалілі сілавікоў і Лукашэнку, прапаноўвалі дзяжурным ля пад’езда сілавікам крэселка.
«Адкуль яны вось прыязджаюць, адкуль, дзе вайна, яны ўцякаюць ад вайны, іх пагоняць, пагоняць абавязкова, гэтых нацыстаў на Украіне, якія бягуць сюды, на нашы тэрыторыі рабіць гэтыя тэракты. Страшна — магло тут усё і падарвацца, калі пабольш дазволіць, сволачам гэтым. Нічога, пераможам мы іх усё роўна, выганім гэтых амерыканскіх, здраднікі гэтыя, прадаюць Радзіму сваю», — паведаміла адна суседка.
КДБ: тэракт планавалі збеглыя і СБУ
Асноўная версія КДБ — «спроба арганізацыі збеглымі экстрэмістамі тэракту па ўказанні і падтрымцы замежных спецслужбаў, каб дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне і пасеяць паніку ў грамадстве».
Не выключаецца арганізацыя злачынства з боку СБУ для дэманстрацыі ўразлівасці сістэмы нацбяспекі Беларусі.
У КДБ адзначылі, што гродзенскі тэрарыст — не апошні выкрыты.
BYPOL: інсцэніроўка да Дня Волі
BYPOL атрымаў інфармацыю, што «тэрарыста» не існавала, а яго забойства — пастаноўка. Нібыта ўжыў баявую гранату і «загінуў» падчас штурму 41-гадовы дзейны супрацоўнік КДБ Захараў Аляксей Мікалаевіч. Ён ураджэнец Гарадка Віцебскай вобласці. Мужчына праходзіць службу ў аператыўна-пошукавым аддзеле УКДБ па Віцебскай вобласці.
«Інсцэніроўка праведзеная напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка з мэтай застрашвання беларусаў, якія працягваюць змагацца з рэжымам, а таксама для ўзняцця аўтарытэту т.зв. КДБ перад дыктатарам», — паведамілі ў BYPOL.
Чытайце таксама: