Город

Па Нёмане з «Вольгай Соламавай». Як вінтажны цеплаход катаў гродзенцаў на дачы, у Друскенікі і проста па рацэ

Гродзенскі цеплаход «Вольга Соламава» ўжо стаў экспанатам нашага горада-музея. Карабель хадзіў па рацэ 70 гадоў. Але лета 2021 стала апошнім сезонам водных прагулак на Нёмане — з-за вельмі нізкага ўзроўню вады ў рацэ цеплаход перабраўся на Аўгустоўскі канал. Якім быў цеплаход раней? Чытайце ў архіўным матэрыяле Hrodna.life.

Раней вазіў гараджан на лецішчы

Цеплаход «Вольга Соламава» у 70-я гады ХХ стагоддзя. Фота: Наталля Дораш

«Плыць на ім [цеплаходзе „Вольга Соламава“ — заўв. Hrodna.life], асабліва супраць плыні, было адно задавальненне. Памятаю, сяджу я, юная дзяўчына, на верхняй палубе, вясновы ветрык валасы цяробіць, на беразе салаўі заліваюцца ў густых зарасніках чаромхі, переглядваюся з незнаёмым маладым чалавекам, сэрца замірае ад прадчування шчаслівай летняй пары», — расказвае аб паездцы на цеплаходзе гродзенская фатографка Наталля Дораш.

Гэтыя ўспаміны — з 70-х. Тады «Вольга Соламава» хадзіла па Нёмане маршрутам Гродна-Коматава і назад. «Цеплаход рабіў прыпынак каля нашых лецішчаў, — распавядае Наталля. — Зручна было на ім плыць з сабакам, якога ў аўтобус не бралі. Выдатнае было падарожжа».

Пакатацца на цеплаходзе летам 2021 года можна тройчы на тыдзень:

  • у сераду і пятніцу прагулка пачынаецца ў 18.00;
  • у нядзелю — у 12.00.

Цеплаход адпраўляецца ў рэйс, калі прададзена не менш за 34 квіткі. Кошт квітка — 10 рублёў. Дзеці да пяці гадоў у суправаджэнні дарослых праходзяць бясплатна.

Чытайце таксама: Чатыры «Нёманы», пяць «Гроднаў» і адна «Ліда». Гісторыі караблёў з гродзенскімі назвамі

Перадаюць ад пакалення да пакалення

Гараджане памятаюць і больш далёкія паездкі на цеплаходзе. З Гродна ён хадзіў да Друскенік. Шлях туды займаў чатыры гадзіны. Назад, супраць плыні, — шэсць. Гродзенка Наталля Храброва кажа, што гэтыя паездкі былі стомнымі, а маці Наталлі Пракопік успамінае, што здзяйснялі рачныя прагулкі ў Друскенікі «папіць кавы».

«Гэты цеплаходзік — нязменны атрыбут Гродна майго дзяцінства [60-я гады ХХ стагоддзя, — заўв. Hrodna.life]», — кажа мастацтвазнаўца Марына Загідуліна. — Яшчэ з дзіцячым садком на ім плавала". Марына распавяла, што ў іх сям'і традыцыя катання на цеплаходзе «Вольга Соламава» перадаецца з пакалення ў пакаленне. Фатаграфій з цеплаходам з 60-х у Марыны не захавалася: «Гэта сёння ўсе сябе фоткаюць». Але фатаграфія малодшага сына з аднакласнікамі і настаўніцай на цеплаходзе недзе ў сямейным архіве ёсць. «Пераемнасць пакаленняў. А цеплаходзік ўсё ходзіць».

Гродзенскія цеплаходы «Вольга Соламава» і «Віктар Усаў», 1975 год. Пасля распаду Саюза цеплаход «Віктар Усаў» прадалі ў Літву. Там караблю правялі капрамонт і далі іншае імя. Доўгі час ён катаў турыстаў у Друскеніках. Крыніца фота: oldgrodno.by

Па гучнасці спаборнічаў з бардамі

«Калі мы праводзілі „Зялёнку“ [фестываль бардаўскай песні „Зялёны гран-пры“, — заўв. Hrodna.life] яшчэ на Крэйдавых гарах, гэтая плывучая дыскатэка швартавалася насупраць і пачыналіся спаборніцтвы — хто каго перакрычыць», — успамінае прыгоды з цеплаходам Павал Салаўёў, паэт, музыка і адзін з арганізатараў фестывалю. Гэта ўспаміны з другой паловы 2010-х.

У 2016 годзе «Вольга Соламава» выглядала так. І замак на фоне быў яшчэ па-сапраўднаму Старым. Фота: uritsk.livejournal.com

Імя далі «па просьбах працоўных»

Імя Вольгі Соламавай, сакратаркі Гродзенскага падпольнага гаркама камсамола, прысвоілі караблю Пастановай № 54 Гродзенскага выканкама дэпутатаў працоўных і бюро Гродзенскага гаркама КПБ 5 красавіка 1966 года. Вядома, «улічваючы шматлікія пажаданні працоўных горада Гродна». Да гэтага часу цеплаход хадзіў па Нёмане пад нумарам ПТ-0171 і назвай «Мінск». Яго спусціла на ваду ў 1952 годзе. Капітальны рамонт цеплаход прайшоў у 2006.

Імя падпольшчыцы, дакладней, прозвішча, хутчэй за ўсё зменена, лічыць краязнаўца Андрэй Бароўскі. «Я займаўся генеалагічнымі пошукамі [у вёсцы Лаша, адкуль родам Вольга Соламава, — заўв. Hrodna.life]. Глядзеў гаспадарчыя кнігі ў сельсавеце. Соламавых там не было. Былі толькі Салама або Салома, з націскам на апошні склад».

Чытайце таксама:

Форма прозвішча «Соламава» верагодней за ўсё з’явілася пасля партыйнай вучобы ў Маскве, куды Вольгу накіравалі перад закідваннем на партызанскую працу, лічыць Бароўскі. Такое ж прозвішча насіў пасля вайны і брат загінулай падпольшчыцы, Міхаіл Соламаў. У Гродне ён працаваў інспектарам гарадскога аддзела народнай адукацыі і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры.

Куды не патрапіць гродзенскі цеплаход

Далёкія рэйсы па Нёмане перасталі прыносіць прыбытак параходству яшчэ з сярэдзіны 60-х. Пацясніла рачны транспарт актыўнае будаўніцтва аўтамабільных дарог.

Начальнік Нёманскага эксплуатацыйнага ўчастка Рудакоў пісаў у 1964 годзе кіраўніцтву вобласці з просьбай пакінуць прыгарадныя пасажырскія рэйсы толькі на перыяд з траўня па верасень. «Праз развіццё аўтобусных перавозак прыток пасажыраў на раку ўвесь час падае, асабліва ў вясновыя і восеньскія месяцы. Толькі летам, дзякуючы турыстам і людзям, праца крыху ажыўляецца… Праз такую малую загружанасць Нёманскі эксплуатацыйны ўчастак нясе страты. У 1964 г. страты ад работы пасажырскага цеплахода на лініі Гродна-Друскенікі склалі каля 5 тыс. руб.»

З 2008-га перашкодай рачному суднаходству стала Гродзенская ГРЭС. Суднаходны шлюз там не прадугледжаны — вышэй па Нёмане цеплаход прайсці не можа. Некалькі гадоў таму «Вольга Соламава» катала гараджан і турыстаў да Аўгустоўскага канала. Цяпер такіх рэйсаў не прапануюць. Але гадзінная прагулка па Нёмане ўсё яшчэ магчымая [інфармацыя актуальная на лета 2021 — Hrodna.life].

Правы бераг Нёмана з борта цеплахода «Вольга Соламава»

Чытайце таксама:

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024