Спадчына

«Тэкст пра тое, як мы жывем». Віктар Марціновіч прэзентаваў у Гродне «Возера радасці»

Віктар Марціновіч называе «Возера радасці» сваім самым шчырым і дарослым тэкстам. Ён — пра сучасную Беларусь і тое, што ў краіне адбываецца. 20 лістапада ў чорнай залі «ДОМа 46» пісьменнік расказаў, калі пачнуць здымаць экранізацыю «Возера» і чаму кніга можа быць падручнікам па сучаснай беларускай мове.

Кніга як падручнік па мове

Як акрэслівае Марціновіч, «Возера радасці» гэта «road movie, маршрут якога пралягае праз Мінск, Тарасава, Вільню і нават Месяц. Летапіс пакалення, што згубілася ў складцы паміж ліквідацыяй ВЛКСМ і яго ўрачыстым адраджэннем. Кніга пра непазбежнасць сталення, а таксама пра тое, якія нечалавечыя намаганні трэба прыкласці, каб застацца чалавекам».

Раман выйшаў у ліпені 2016 года і названы па адной з лакацый на Месяцы. Пераклад рускамоўнай кнігі за сем месяцаў зрабіў Віталь Рыжкоў. Для параўнання: «Сфагнум» ён пераклаў усяго за паўтары месяцы. Кнігу рэдагаваў Сяргей Сматрычэнка, які ачысціў беларускую мову ад паланізмаў. Віктар Марціновіч кажа, што «Возера радасці» можа быць падручнікам па беларускай мове. «Перачытваючы, хацелася ўзяць у рукі слоўнік», — прызнаецца аўтар.

Экранізацыю пачнуць здымаць каля Ашмян

Кніга выйшла адначасова ў Беларусі і ў Расіі. У Беларусі яна каштуе ў тры разы танней, бо аўтар адмовіўся ад ганарара ў выдавецтве. Кажа, што зрабіў гэта, каб беларускія творы і творы на беларускай мове былі даступнымі і распаўсюджваліся.

Увесну экранізаваць кнігу пачне нямецкі рэжысёр беларускага паходжання. Здымкі першай часкі біяграфіі галоўнай гераіні Ясі пройдуць блізка каля роднага горада Віктара — Ашмян.

Раман пра пакаленне бездапаможных

Аўтар кажа, што хацеў распавесці пра жыццё дзяўчыны з заможнай сям'і, але гэта тут не самае галоўнае. Паводле аўтара, «Возера радасці» — раман пра пакаленне, якое навучана бездапаможнасці. Мы разумеем, што лепш «не дзёргацца», бо за гэта б’юць па галаве. Б’юць па галаве і галоўную гераіню Ясю. За ўхіленне ад размеркавання, за змаганне з бацькам.

— «Возера радасці» — кніга пра жыццё ў Беларусі ў 2016 годзе і 20 гадоў перад гэтым. «Мова» была папярэджаннем той будучыні, якой я не хацеў. Праз яе я хацеў перадухіліць пэўныя рэчы ў сучаснасці. «Возера радасці» я пісаў пра сучаснасць, каб будучыня, якую па рамане лёгка прадбачыць, ніколі не настала, — параўноўвае аўтар дзве кнігі.

Віктар Марціновіч падзяліўся нечаканым для яго адкрыццём:

— Гэта першая кніга, якую чытаюць людзі значна старэйшыя за мяне. Яны штосьці з гэтага чэрпаюць. Значыць, яны бачаць ва мне штосьці разумеючага чалавека, — кажа Віктар.

«Чыноўнік хоча, каб жаданні накіроўвалі ў выканкам, а не на дрэва»

На кожнай прэзентацыі аўтар чытаў новы ўрывак. Для Гродна ён абраў урывак пра спілаванне дрэва. Незвычайнага дрэва.

— Калі паміраў апошні ў родзе мужчына, ён знаходзіў вялікі дуб і зрубаў яго галіны. Такім чынам рабіў яго сімвалам свайго роду, які памірае. Дрэва засыхала і рабілася помнікам, — расказвае аўтар.

— У беларускай паганскай традыцыі да такога дрэва прыходзілі людзі і прыносілі свае жаданні. Зараз гэтыя дубы ўвесь час ссякаюць. Гэта помнік, навошта? Паступова я зразумеў логіку ссяканняў. Рэч не ў праваслаўснай ці іншай культуры, а ў псіхалогіі чыноўніка — чалавека, які хоча валодаць усім. Ён хоча, каб памкненні і патаемныя жаданні людзі накіроўвалі ў выканкам, а не на дрэва. Такая ж думка прыходзіць чыноўніку з рамана, і ён яго ўласнаруч спілоўвае.

Топ-5 кніг ад Віктара Марціновіча

Настаў час пытанняў з залы. Гродзенцаў цікавілі стан сучаснай літаратуры, тонкасці раману і як успрымаюць беларускіх пісьменнікаў замежнікі. Па просьбе гродзенцаў Марціновіч назваў пяць кніг, якія варта прачытаць. Сярод іх — «Пялёсткі» Уладзіміра Дубоўкі, «Цынікі» Анатоля Марыенгофа, «Літаратурны прывід» Джона Мітчэла, «Шантарам» Грэгары Дэвіда Робертса і «Шум часу» Джуліана Барнса.

Асобна папрасілі назваць цікавых сучасных аўтараў з Беларусі. Марціновіч назваў «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» Уладзіміра Некляева, «Ніякай літасці Валянціне Г.» Альгерда Бахарэвіча, «Хвілінка» Ігара Бабкова і «Спачатку была цемра» Барыса Пятровіча.

Пасля прэзентацыі можна было набыць кнігу і атрымаць аўтограф аўтара.

Прэзентацыя ў Гродне — апошняя ў Беларусі. 1 снежня аўтар на шэсць месяцаў з’едзе ў Швейцарыю, дзе па кантракце з Літаратурным домам Цюрыха будзе пісаць новы раман. У пачатку года яго чакае вялікае літаратурнае турнэ па Швейцарыі, Нямеччыне і Аўстрыі.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024