Тэкля Станішэўская: настаўніца, якая заклала падмуркі беларускай адукацыі ў Гродне

Гэты тэкст прысвечаны адразу двум асобам — першым гродзенскім беларускім настаўнікам Тэклі Станішэўскай і Аляксандру Грыкоўскаму. Мы вельмі мала ведаем пра гэтых людзей — некалькі фотаздымкаў ды сціплыя біяграфічныя факты ў некралогах. Магчыма, іх звязвалі не толькі прафесійныя, але і рамантычныя адносіны і пра іх жыццё можна было б напісаць гераічную ды трагічную аповесць. Пакуль раскажам толькі тое, што ведаем.

Вясной 1916 года, 104 гады таму, у Гродне была адчынена першая ў нашым горадзе беларуская школа. Пасля віленскай, якую заснавалі у канцы 1915 года, гродзенская была другой школай на беларускіх землях. Да прыходу немцаў царскія ўлады не дазвалялі адчыняць школы з беларускай мовай навучання. Вучыцца па-беларуску можна было толькі падпольна. Немцы ў Першую сусветную вайну не збіраліся займацца ані русіфікацыяй, ані германізацыяй беларусаў, таму ў пачатку 1916 г. дазволілі адчыняць беларускія школы.

Праваслаўны Барыса-Глебскі мужчынскі кляштар. Тут размясцілася першая беларуская школа
Адкрылася гродзенская школа ў мурах былога праваслаўнага Барыса-Глебскага мужчынскага кляштара. Да ХІХ ст. тут размяшчаўся бернардынскі жаночы манастырскі комплекс. Сёння на гэтым месцы знаходзіцца абласны драматычны тэатр. Перад прыходам немцаў большасць праваслаўных манахаў з’ехалі, засталіся толькі некалькі чалавек. Яны жылі ў велізарным будынку, які вельмі слаба атапліваўся і менавіта тут было вырашана размясціць школу.

Школа, якую заклалі Луцкевіч і Ластоўскі

Беларуская школа пачала сваю дзейнасць у сакавіку 1916 г. як пачатковая, але пазней была рэарганізавана ў пачатковую навучальную ўстанову павышанага тыпу з 4-гадовым тэрмінам навучання.

Непасрэдна справай заснавання школкі займаліся выбітныя дзеячы беларускага нацыянальнага руху Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі, сябры Беларускай школьнай камісіі, створанай у Вільні яшчэ ў кастрычніку 1915 г. Неаднаразова яны прыязджалі ў Гродна, сустракаліся з мясцовай беларускай інтэлігенцыяй. Разумеючы важнасць адукацыі, Луцкевіч і Ластоўскі займаліся і выдавецкай дзейнасцю, рыхтавалі школьныя падручнікі. Яны былі не толькі тэарэтыкамі, але і мелі практычныя навыкі выкладання, працавалі ў беларускай школе ў Вільні.

Першыя настаўнікі, пра якіх мы так мала ведаем

Першымi беларускiмi настаўнiкамi ў Гродне сталi 18-гадовая Тэкля Станiшэўская i старэйшы за яе на пяць гадоў Аляксандр Грыкоўскi, за плячыма якiх былi беларускiя вучыцельскiя курсы.

Аляксандр Грыкоўскi паходзiў з вёскi Корнiна Бельскага павету. У 1916 г. ён скончыў Свіслацкую беларускую настаўніцкую семінарыю і адразу пачаў працу ў гродзенскай школе. Менш чым праз год ён стаў дырэктарам школкі.

Аляксандр Грыкоўскі актыўна займаўся грамадскай справай. У 1918 г. ўвайшоў у склад Беларускай Рады ў Вільні, быў сябрам Беларускай сувязі нацыянальнага адраджэньня Беларусі. Апроч таго стаў першым старшынём Беларускага нацыянальнага камітэту ў Гродне. Але пражыў ён толькі 26 год, 13 лютага 1919 г. Аляксандр Грыкоўскі памёр ад хваробы, на якую пакутавала большасць прадстаўнікоў тагачаснай беларускай інтэлігенцыі - ад сухотаў. Пахаваны Грыкоўскі на гродзенскіх могілках.

Падобны лёс напаткаў і Тэклю Станішэўскую. Менавіта яна была першай настаўніцай у беларускай гродзенскай школцы. Аляксандр Грыкоўскі прыйшоў пасля. Маладая настаўніца нарадзілася ў Вільні ў 1898 г. і зусім нічога не ведаем пра яе дзяцінства. Але Тэкля Станішэўская да беларускага руху далучылася яшчэ дома: яна была сябрам беларускай музычна-драматычнай дружыны, iграла ў беларускiм тэатры.

Дзяліліся апошнім кавалкам хлеба, цярпелі ад голаду і холаду

У час, калі Тэкля Станішэўская працавала ў гродзенскай школе, там дзейнічалі тры класы. У газеце «Беларуская думка» пісалася «Праца Тэклі Станішэўскай у Горадні была безупыннай барацьбой за беларускае адраджэнне і за беларускую школу… Маладым беларускім адраджэнцам-вучыцялём прыходзілася кожны крок здабываць упорнай, доўгай і сыстэматычнай працаю». Дзякуючы Тэклі Станішэўскай і Аляксандру Грыкоўскаму — післася далей у газеце — быў закладзены даволі моцны падмурак беларускай адукацыі ў Гродне.

Дзяцей у школе было шмат. Вайна прывяла да таго, што ў гарадах аказалася вялікая колькасць бяздомных сірат, іх забіралі ў прытулак, які таксама знаходзіўся пры манастыры. Гэтыя самыя дзеці наведвалі і школу. Немцы крыху падтрымлівалі школу харчамі ды дровамі, але большасць падтрымкі ішла ад беларускага грамадства Вільні і Гродна.

Настаўнікі дзяліся з дзецьмі апошнім кавалкам хлеба, разам з імі цярпелі ад голаду і холаду. Вельмі цяжка было з падручнікамі і любой навучальнай літаратурай. І два гады працы ў такіх умовах падарвалі здароўе Тэклі Станішэўскай.

З’ехала ў Вільню: лячылася і працавала

Улетку 1918 года Тэкля Станішэўская прыехала ў Вільню і ўжо болей не варочалася ў Гродна. У Вільні яна лячылася ад сухот і працавала, колькі магла, у беларускім прытулку «Золак» і ў беларускай кнігарні. У сакавіку 1919 года яна злягла ў літоўскай клініцы.

У сераду 21 траўня Тэкля Станішэўская памерла. Было гэта праз два месяцы пасля смерці і пахавання Аляксандра Грыкоўскага ў Гродне. 23 мая Тэкля Станішэўская была пахавана на могілках у Росе побач са сваім бацькам. У аўторак 26 мая 1919 года, у палову сёмага раніцы, у віленскім касцёле святога Яна адбылася жалобная імша за душу беларускай настаўніцы.

Адшукаць надмагілле

Дзейнасць беларускай школы працягвалася, нягледзячы на матэрыяльныя праблемы і пастаянныя змены памяшканняў. Яна існавала да 1927 года. Яшчэ ў пачатку 1920-х на будынку былога Барыса-Глебскага кляштара лунаў бела-чырвона-белы нацыянальны сцяг.

На старых гродзенскіх могілках нядаўна беларускія патрыёты паставілі сімвалічны помнік Аляксандру Грыкоўскаму. Добра было б адшукаць надмагілле Тэклі Станішэўскай на віленскіх Росах і прывесці яе помнік у парадак або паставіць новы. Першая гродзенская беларуская настаўніца заслужыла таго, каб ляжаць побач з Кастусём Каліноўскім.


Чытайце таксама:

Зоська Верас: жанчына, якая стварала беларускае Гродна

Марыя Гажыч: мастачка, якая памяняла выставы ў Сан-Францыска на кляштар у Гродне

Саламея Дэшнер: жанчына, якая стварыла гродзенскі тэатр

Зоф’я Налкоўская: фемінісцкая зорка, якая ў Гродне спрачалася з Пілсудскім і захаплялася Старым замкам

Ад відэльца да гарадскога гадзінніка. Што прывезла ў Гродна Бона Сфорца

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024