Паступова пачалі з'яўляцца ўсё новыя і новыя патрабаванні да таксі. Калісьці можна было карыстацца таксометрам польскай вытворчасці, пазней ён апынуўся па-за законам. Патрабавалі беларускі, які каштаваў значна даражэй.
У пачатку 2000-х таксістаў абавязалі ўсталяваць плафоны адзінага ўзору. На аўтамабілях таксі «Бертэль» тады былі ўсталяваныя вялікія плафоны папярок усяго даху: машыну было відаць здалёк. Але іх забаранілі.
Чаму яны апынуліся пад забаронай - невядома, але сярод таксістаў папулярныя два варыянты. Першы падобны да легенды: маўляў, здалёк цяжка было зразумець, таксі гэта ці міліцыя. Кажуць, адбылося гэта пасля таго, як нейкі вялікі міліцэйскі начальнік, нападпітку, спыніў на дарозе таксі з упэўненасцю, што едуць "свае". Планаваў бясплатна дабрацца да дома, але таксіст запатрабаваў грошай.
Паводле іншай версіі, гэта былі інтрыгі канкурэнтаў. Нібыта, у дырэктара іншай фірмы сваяк працаваў у ДАІ на высокай пасадзе і папрасіў падняць гэтае пытанне. Усё для таго, каб машыны канкурэнта не так вылучаліся.
Пазней з'явіліся і іншыя патрабаванні. У 2000-х улады ўсур'ёз загаварылі пра тое, што ўсе аўтамабілі таксі ў Беларусі павінны быць толькі жоўтага колеру. Але гэтая ідэя настолькі не спадабалася таксістам, што ў выніку вырашылі спыніцца толькі на абавязковых палосах жоўтага колеру па баках аўтамабіля. Гэтую норму ўвялі ў 2003 годзе.