Гродзенцы з БЧБ-татуіроўкамі з трывогай чакаюць законапраекта «Аб змяненні законаў па процідзеянні экстрэмізму». Генеральная пракуратура заяўляла пра падрыхтоўку да прызнання сцяга экстрэмісцкім, а Савет Рэспублікі анансаваў павелічэнне штрафаў за бела-чырвона-белы сцяг на балконе з 1 сакавіка 2021 года. «Уяўляю, як трапляю ў СІЗА або ІЧУ, канваіры бачаць маю татуіроўку і выразаюць яе па-жывому без анестэзіі», — кажа гродзенка з выбітым бела-чырвона-белым сцягам на плячы. Рэпарцёрка Hrodna.life паразмаўляла з уладальнікамі татуіровак і юрыстам пра перспектывы новага закона.
«Баімся, што адарвуць руку разам з тату»
Уладальнікі бел-чырвона-белых татуіровак рэагуюць на заявы пракуратуры аб падрыхтоўцы да прызнання гістарычнага сцяга экстрэмісцкім па-рознаму.
«Я набіла БЧБ-татуіроўку ў 2018 годзе, калі гэты сцяг выклікаў хутчэй настальгію і вісеў у партыйных офісах, а не лунаў на плошчах. Бел-чырвона-белы ўвасабляў для мяне нейкую іншую, альтэрнатыўную Беларусь, якая існавала тады паралельна. Я набіла тату, каб зафіксаваць сваю любоў да маёй Беларусі, і не планавала і не планую мяняць свае погляды. Калі мяне накрывае страх, я ўяўляю, як трапляю ў СІЗА або ІЧУ, дзе трэба распранацца дагала і тройчы прысядаць, а канваіры бачаць маю татуіроўку і выразаюць яе па-жывому без анестэзіі», — падзялілася з карэспандэнткай Hrodna.life Ірына (імя зменена па просьбе гераіні). У яе выява сцяга — на плячы.
«Калі забарона закране спалучэнне колераў, то што тады рабіць з традыцыйным беларускім арнаментам? У мяне ў сябра шыкоўная тату „Пагоня“, якую ён зрабіў пяць гадоў таму. Калі быў у войску, усе захапляліся, камандзір хацеў такую ж зрабіць. А цяпер мы рэальна баімся, што калі яго затрымаюць, то могуць адарваць руку разам з тату», — распавяла Hrodna.life іншая гродзенка.
Юрыстка: пакуль усё вырашае суд
«Бел-чырвона-белую сімволіку ў Беларусі выкарыстоўвалі нацысты падчас Другой сусветнай вайны», — сцвярджае дзяржаўная прапаганда. У лістападзе Аляксандр Лукашэнка адкрыта назваў такую сімволіку фашысцкай, паабяцаў прыбраць яе з грамадства, «убіваючы людзям у галовы, што гэта нельга рабіць».
«У нас ужо ёсць артыкул 17.10 КаАП [Прапаганда і (або) публічнае дэманстраванне, выраб і (або) распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі - заўв. Hrodna.life]. Калі чалавека затрымаюць за адзіночны пікет, або нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, у яго будзе тату з бела-чырвона-белай сімволікай, і справа будзе разглядацца ў судзе, тады ўсё будзе вырашаць суддзя. Гэта можа быць абцяжваючай акалічнасцю. Але па законе зараз хаваць тату не трэба», — распавяла Hrodna.life юрыстка Таццяна Рабкоўская.
Нават татуіроўкі са свастыкай зводзіць пакуль не прымушаюць, але дэманстраваць іх не варта. «Пакуль за дэманстрацыю і распаўсюджванне нацысцкай сімволікі існуе адзіны адміністрацыйная артыкул. Калі тату не дэманструюць, то зараз не пакараюць. У адваротным выпадку будуць арыштоўваць кожны раз, калі свастыка будзе з’яўляцца на ўсеагульны агляд», — удакладніла Hrodna.life юрыстка.
Набіць яшчэ адну ці бегчы з краіны?
У гродзенца Сяргея Мікуліча выява бел-чырвона-белага сцяга выбіта на перадплеччы. На пытанне, што ён збіраецца рабіць з татуіроўкай, калі сцяг прызнаюць экстрэмісцкім, ён адказаў, што наб’е яшчэ адно тату. Страху неадэкватнага стаўлення з боку міліцыі ў яго няма: «Мы ж выходзім на вуліцу цяпер і пасля выбараў».
Іншы гродзенец, з бела-чырвона-белай татуіроўкай на шыі, хвалюецца за сябе больш. Што будзе рабіць з тату, калі выкарыстанне сцяга забароняць, ён пакуль не ведае, і лічыць, што вырашаць рана.
«Бегчы з краіны? Я люблю яе, і хацелася б тут і памерці. Хаваць? Напэўна, самы просты варыянт. Але зноў жа, чаму я павінен хаваць тое, што мае да нашай гісторыі больш дачынення, чым чырвона-зялёны сцяг? Зводзіць? Таксама не варыянт. Але ўсё ж такі час пакажа», — разважае ён.
Саму забарону сімволікі ён лічыць абсурднай, бо колеры маюць даўнія карані ў беларускай культуры, а нацыянальныя сцягі выкарыстоўвалі нацысцкія ўлады ў многіх краінах. «Як казалі ў Старажытным Рыме, чым бліжэй крах імперыі, тым больш шалёныя законы. Як правільна паступаць, я не ведаю. Але я дакладна ведаю, што збіваць пад чырвона-зялёным сцягам і спрабаваць забараніць БЧБ — гэта чарговае дно абсурду. Народ ужо даўно ўсё сам разумее».
Хлопец узгадвае, што сапраўды страшна яму было адразу пасля выбараў. «Калі ты разумееш, што цябе могуць проста так схапіць, калі ідзеш па вуліцы з працы. Даводзілася сустракаць і весці дзяўчыну дадому». Пазней страх сышоў.
Татуіроўкі, сімвалы і закон
Ці з’яўляецца які-небудзь матэрыял экстрэмісцкім, цяпер вырашае суд. Поўны спіс матэрыялаў, ужо прызнаных у Беларусі экстрэмісцкімі, апублікаваны на сайце Міністэрства інфармацыі. Ёсць таксама спіс сімволікі і атрыбутыкі з 10 пазіцый, прызнанай у Беларусі нацысцкай і забароненай да дэманстрацыі.
«Калі бел-чырвона-белы сцяг прызнаюць экстрэмісцкім (хочацца спадзявацца, што да гэтага не дойдзе, але мы жывем у новых рэаліях, на жаль), я думаю, што ў законе (КК або КаАП) прапішуць адказнасць за дэманстрацыю падобнай татуіроўкі (на фота ў сацсетках або ў жыцці). Артыкул 17.10 КаАП проста дапоўняць адказнасцю для тых, у каго ёсць падобнае тату, і тых салонаў і майстроў, якія будуць іх рабіць, — разважае юрыстка Таццяна Рабкоўская. — Прынамсі, хаваць пад адзеннем ці заклейваць яе сапраўды прыйдзецца. Ужо цяпер ёсць факты, калі за фота са сцягам або на фоне сцяга, зробленыя 5−10 гадоў таму і выяўленыя ў тэлефонах у пастах затрыманых пасля 9 жніўня, да гэтых людзей ужывалася адказнасць у выглядзе штрафу».
У 2016 годзе СМІ ўжо паведамлялі аб падрыхтоўцы законапраекта аб узмацненні адказнасці за публічную дэманстрацыю нацысцкай сімволікі. МУС прапаноўвала дапоўніць артыкул 17.10 КаАП асобна нормай аб адказнасці за выраб або публічнае дэманстраванне татуіроўкі з выявай нацысцкай сімволікі. Гэтыя змены ў артыкуле не з’явіліся.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ў студзені 2021 заявіла, што ў абноўленым КаАП будзе прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за размяшчэнне сімволікі, адрознай ад дзяржаўнай. «За сцяг на балконе, напрыклад, штраф: да 580 BYN для фізічных асоб, да 1740 BYN для юрыдычных асоб», — анансаваў тады Telegram-канал «Пул Першага». Змены ў КаАП уступяць у сілу з 1 сакавіка 2021 года.
Зварот «больш за сотні» супраць ста тысяч: ліставанне з уладамі
Генеральная пракуратура рыхтуе пакет дакументаў аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім, паведамляў тэлеканал «Беларусь 1» 29 студзеня. Пракуратура спаслалася на зварот «больш за сотні грамадзян Беларусі», занепакоеных тым, што падчас Другой сусветнай вайны гэты сцяг «стаў сімвалам зверстваў на беларускай зямлі».
Петыцыя супраць прызнання сцяга экстрэмісцкім з’явілася ў той жа вечар. За тыдзень яна сабрала больш за 103 тысяч подпісаў. Падпісанты патрабавалі спыніць пераслед за гістарычны сцяг і прызнаць яго гісторыка-культурнай спадчынай. 5 лютага петыцыю накіравалі ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Генеральную пракуратуру і Міністэрства ўнутраных спраў.
10 лютага прэс-служба Генпракуратуры ў адказ на «паступленне шматлікіх зваротаў грамадзян па пытаннях аднясення бел-чырвона-белага сцяга да экстрэмісцкай сімволікі» ўдакладніла, што прызнанне матэрыялаў экстрэмісцкімі ажыццяўляецца судом у адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».
12 лютага адказ на петыцыю прыйшоў з Міністэрства культуры. Там не ўбачылі падстаў для ўключэння бела-чырвона-белага сцяга ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Мінкульт удакладніў, што пытанні абмежавання выкарыстання сімволікі не ўваходзяць у яго паўнамоцтвы.
Публічны зваротак у абарону сцяга стварылі таксама беларускія гісторыкі. На момант публікацыі матэрыялу пад ім падпісаліся больш за 880 чалавек. Зварот таксама накіруюць уладам.
Супраць прызнання бела-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім выказаўся нават дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вадзім Лакіза. Гэта адзіны гісторык у складзе Рэспубліканскай экспертнай камісіі па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці або адсутнасці ў ёй прыкмет экстрэмізму, створанай у пачатку лютага. «Бела-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся калабарантамі — гэта прызнаюць усе. Гэты сцяг быў дзяржаўным у Рэспубліцы Беларусь — гэта таксама важны факт. Сцяг не вінаваты ў тым, хто яго выкарыстоўваў. А выкарыстоўвалі канкрэтныя людзі», — сказаў Лакіза. Ён удакладніў, што дакументаў аб афіцыйным дазволе германскімі акупацыйнымі ўладамі выкарыстання бела-чырвона-белых сцягоў калабарацыйнымі арганізацыямі не было выяўлена. Па яго словах, экспертная камісія з моманту стварэння яшчэ ні разу не збіралася.
13 лютага ў Telegram-канале беларускіх юрыстаў апублікавалі ліст з пракуратуры. У ім сказана, што Генпракуратура накіравала законапраект «Аб змене законаў па пытаннях процідзеяння экстрэмізму» ў парламент, улічыўшы меркаванні грамадзян аб недапушчальнасці прызнання БЧБ-сцяга экстрэмісцкім. Гэта значыць, што пракуратура не звярнулася ў суд, і можна разлічваць на заключэнне экспертнай камісіі, дэбаты, грамадскае абмеркаванне, тлумачыў ТУТ.БАЙ юрыст. Пацвердзіць або абвергнуць сапраўднасць апублікаванага дакумента ў Генпракуратуры журналістам пакуль не ўдалося.