3 сакавіка Аляксей Лапа павінен быў выступіць у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна з апошнім словам і чакаць рашэння суддзі. Збітаму ў жніўні АМАПам таксісту пракурор запатрабаваў пакаранне — тры гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Але ў суд Аляксей, які вінаватым сябе не лічыць, не прыйшоў. Ён перабег беларуска-літоўскую мяжу (калі менавіта, ён не паведамляе) і папрасіў палітычнага прытулку ў Літве. Гродзенец падзяліўся сваёй гісторыяй з Hrodna.life.
Аляксей Лапа — 31-гадовы часова беспрацоўны, да затрымання 11 жніўня 2020 года працаваў таксістам. У той дзень яго з сябрамі затрымалі і збілі. Пазней Лапу і аднаго з прыяцеляў абвінавацілі ў гвалце над амапаўцамі. Разбіральніцтва ішло ў судзе Кастрычніцкага раёна чатыры месяцы. Аляксей называе сябе пацярпелым, але ніяк не вінаватым.
Аб сваім рашэнні пакінуць краіну Аляксей нікому не паведамляў. Са сваякамі звязаўся толькі калі перасёк літоўскую мяжу. У размове з карэспандэнтам Hrodna.life гродзенец прызнаўся, што ўцёкі — самае адчайнае рашэнне ў яго жыцці.
«У мяне быў толькі адзін выбар — бегчы. Я з’яўляюся пацярпелым, а мне хочуць даць тры гады калоніі. Пасля таго, што адбываецца ў краіне, у мяне проста не было веры беларускаму правасуддзю. Шчыра, не хацелася з’язджаць да апошняга, але трэба было прымаць рашэнне: садзіцца ў турму або з’язджаць з краіны».
Лапа пераходзіў літоўскую мяжу ноччу. Ён разумеў, што яго могуць затрымаць яшчэ на беларускім баку і ўзяць пад варту.
«Было страшна. Не было ўпэўненасці, што змагу перабегчы ў Літву. Рызыка ў такіх сітуацыях заўсёды ёсць. Таму трэба было бегчы толькі наперад. У выніку атрымалася пералезці плот і выйсці на літоўскую тэрыторыю. Праз некалькі хвілін да мяне пад’ехала машына памежнікаў, спыталі — чаму я тут знаходжуся. Праверылі заплечнік з рэчамі і павезлі на заставу».
Пры сустрэчы з літоўскімі памежнікамі Аляксей папрасіў палітычнага прытулку. На заставе ў яго забралі рэчы і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
«Мне адразу сказалі, каб я нічога не баяўся. Ніхто выдаваць мяне беларускаму боку не збіраецца. Папрасілі напісаць сваю гісторыю і чаму прашу прытулку ў Літве. Пасля гэтага прыехаў прадстаўнік міграцыйнай службы і мяне выпусцілі».
Пакуль Аляксей знаходзіцца на каранціне на заставе літоўскіх памежнікаў і чакае вынікі тэсту на COVID-19. Пасля каранціну гродзенца павінны перавезці ў лагер для бежанцаў.
«Пасля збіцця ў жніўні ў мяне пагоршылася здароўе. Гэта быў неабгрунтаваны гвалт у дачыненні да мяне і іншых мірных грамадзян Беларусі. Такога быць не павінна. Я гатовы вярнуцца ў Беларусь, калі законы пачнуць працаваць на карысць грамадзян».
У жніўні 2020 года Аляксей звярнуўся ў Следчы камітэт з заявай: прасіў правесці праверку па факце збіцця яго супрацоўнікамі АМАПа. У студзені 2021 года прыйшоў адказ: адмовіць у завядзенні крымінальнай справы «за адсутнасцю ў дзеянні складу злачынства».
3 сакавіка Аляксей Лапа павінен быў выступіць у судзе Кастрычніцкага раёну Горадні з апошнім словам. Да суда ён рыхтаваўся і напісаў 35 старонак тэксту для апошняга слова. Hrodna.life апублікаваў яго цалкам.
«Тое, што адбылося са мной 11−12 жніўня 2020 года, гэта цяжкая траўма, як фізічная, так і маральная. З ёй складана справіцца, адбітак застанецца на ўсё жыццё. Фізічны боль, які я адчуў, я не пажадаю нікому, нават тым, чыімі непасрэднымі дзеяннямі ён быў мне прычынены. Параўнаць мае адчуванні можна з перажываннямі, якія вынеслі героі кніг, фільмамі пра Другую сусветную вайну, у якіх апісваюцца здзекі фашыстаў над ваеннапалоннымі».
У Гродне Аляксей афармляў дакументы на інваліднасць з-за траўмаў, якія атрымаў у момант затрымання. У яго было мноства пераломаў і ўдараў. У 2020 годзе Лапе правялі дзве аперацыі. У Літве ён плануе таксама прасіць аб медыцынскай дапамозе. З гродзенцам ужо звязаліся прадстаўнікі фондаў, якія аказваюць дапамогу бежанцам з Беларусі.
22 лютага пракурор запатрабаваў Аляксею пакаранне — тры гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, і папрасіў узяць яго пад варту пасля абвяшчэння прысуду. Таксама пракурор запатрабаваў канфіскацыю аўтамабіля Лапы і кампенсацыю судовых выдаткаў.
Адвакат настойваў, што Аляксея Лапу трэба апраўдаць па некалькіх прычынах. Па-першае, з-за парушэння нормаў Крымінальна-працэсуальнага закона пры завядзенні справы. Па-другое, з-за парушэння закона пры вытворчасці папярэдняга следства і недаказанасці ўдзелу Аляксея ў здзяйсненні злачынства. Па-трэцяе, з-за адсутнасці прамога намеру ў Лапы, чым характарызуецца арт. 364, і адсутнасць грамадска-неюбяспечнага дзеяння.
Да зімовых святаў застаецца крыху больш за месяц - самы час задумацца пра святочны дэкор.…
У мястэчку Радашковічы на 6 тыс. чалавек стаіць касцёл, дзе хрысцілі Янку Купалу. У Вілейцы…
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…