У спёку Марта сядзіць дома і п’е шмат вады. На двор яе не выцягнуць. Яна выходзіць толькі рана раніцай — пабегаць у цені. Пасля шпацыру Марта кладзецца на плітку ў калідоры і не хоча ўставаць. Марта — сабака пароды вест-хайленд-уайт-тэр'ер. Наталля, гаспадыня Марты, прыдумала свае спосабы дапамогі ўлюбёнцы: «Паліваем ёй жывот прахалоднай вадой, каб не было так горача. Калі не хоча піць ваду, дадаем у міску трохі кефіру, які яна любіць».
Якія яшчэ лайфхакі выкарыстоўваюць гродзенцы, каб дапамагчы хатнім гадаванцам, і што ў выпадку спёкі раіць рабіць ветэрынар, даведалася карэспандэнтка Hrodna.life.
Сабака Браен ходзіць на шпацыр з гаспадыняй Анастасіяй. «Браен — мужчына трывалы. Нават у спёку сыходзіць з вуліцы не хоча», — кажа Анастасія. На шпацырах у гарачыню ён п’е ваду кожныя 3−5 хвілін. Для гэтага ў Анастасіі на руцэ заўсёды ёсць бутэлька з вадой.
Ветэрынар Ілля Гуліда кажа, што шпацыры ў летні час лепш перанесці на раннюю раніцу ці позні вечар, калі на вуліцы не так горача. «Вы ж не будзеце трымаць парасон над сабакам». Браць ваду для сабакі з сабой — добрае рашэнне.
«У сабак цеплаабмен звязаны з дыханнем. Астуджэнне адбываецца праз язык. Потавых залоз на целе ў сабакі мала».
Ілля Гуліда — ветэрынарны ўрач. Скончыў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт (ГГАУ). Практыкуе з 2012 года. Працаваў у ветэрынарных клініках Мінска і Гродна. Апошнія два гады вядзе прыватную практыку.
Тэмпература ў сабак можа падымацца да 45 градусаў і вышэй. Калі жывёла перагрэлася, астуджаць яе трэба паступова. Для гэтага — акуратна паліваць прахалоднай вадой. Збіваць тэмпературу максімум да 39,5−39 градусаў. Ад вялікіх перападаў жывёле можа стаць горш.
У такіх выпадках абавязкова трэба паказаць сабаку ветэрынара. «Працяглыя перагрэвы адбіваюцца на сардэчна-сасудзістай і нярвовай сістэмах, на функцыі нырак. Наступствы цеплавога ўдару могуць праявіцца нават на чацвёртыя ці пятыя суткі пасля перагрэву», — кажа Ілля Гуліда.
Чытайце таксама: Защитный крем, легкая одежда и много воды. Как гродненцы спасаются от жары, когда температура бьёт рекорды
Пароды з пляскатымі мордамі, такія як мопсы, французскія бульдогі, чыхуахуа, а таксама цяжарныя і ўзроставыя сабакі знаходзяцца ў групе рызыкі сердэчнасудзінных захворванняў. Іх у спёку трэба даглядаць асабліва ўважліва.
Кот Граф дрэнна пераносіць спёку — пастаянна шукае па кватэры цень. У прахалоднае надвор’е ён любіць выцягнуцца на канапе і лавіць сонечныя промні.
«Падчас спёкі яго любімае месца — ламінат у калідоры або кілімок ў ваннай. Там халаднавата. І ён п’е шмат вады», — кажа Крысціна, гаспадыня Графа.
«З коткамі прасцей [чым з сабакамі], іх не выводзяць на вуліцу і цеплавыя ўдары бываюць нашмат радзей. Коткі вельмі хітрыя. Яны знойдуць дома прахалоднае месца. Я ў сваёй практыцы з цеплавымі ўдарамі ў котак не сутыкаўся ніколі», — кажа Ілля.
Большая небяспека ў спёку — адкрытыя вокны. Коткі выскокваюць не праз спёку, а проста праз цікаўнасць, напрыклад, за птушкамі. Проста ў спёку вокны адчыненыя часцей і падстаў для «гульняў» на падваконні ў котак больш.
Ілля рэкамендуе, каб жывёла доўга не знаходзілася на прамым сонечным святле: «Не зачыняйце жывёлу ў аўтамабілі. Нават за 15 хвілін паветра ў машыне можа моцна нагрэцца».
«Уколаў і таблетак ад перагрэву для жывёл няма, — кажа Ілля Гуліда. — Таму трэба выконваць меры засцярогі, каб абараніць жывёлу ад перагрэву. Пажадана знізіць тэмпературу ў памяшканні, дзе знаходзіцца жывёла. У гэтым дапаможа кандыцыянер або вентылятар. Калі такой магчымасці няма, можна пакласці змочаны вадой кашлаты ручнік на падлогу.
Таксама ў сабакі ці ката павінен быць неабмежаваны доступ да свежай прахалоднай вады.
Не варта перакормліваць жывелу. Ежа ў гарачы час павінна быць лёгкай".
«Ні ў якім выпадку не даваць самастойна жывёле гарачкапаніжальныя прэпараты, якія збіваюць тэмпературу ў людзей», — папярэджвае ветурач Ілля Гуліда.
Чытайце таксама:
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…