Вялікая група турыстаў з розных гарадоў Польшчы прыехала ў Гродна 29 снежня: не толькі каб пазнаёміцца з Беларуссю, але і каб незвычайна для сябе сустрэць Новы год. Чаму палякі выбралі замест Заходняй Еўропы або цёплых краін наш Гродна? Даведваўся Hrodna.life.
Сустракаць Новы год у Гродна прыехала група 46 турыстаў. Група вельмі разнастайная — ад моладзі да пенсіянераў. Госці з Польшчы за 4 днi плануюць наведаць і іншыя месцы Гродзенскай вобласці - Васілішкі і Ліду, бо амаль усе прыехалі па візе. Афармляючы дакументы, турысты не ведалі, ці падоўжыць Лукашэнка бязвізавы рэжым, таму не сталі рызыкаваць. Толькі чатыры асобы, што далучыліся ў апошні момант, прыехалі па бявізву і таму не могуць наведаць радзіму Чэслава Немэна ці Лідскі замак. У Гродне група спынілася ў двух месцах: бюджэтным гатэлі і адным з хостэлаў.
— Прыехаць у Гродна і сустрэць тут 2018 год прапанаваў мой сябар, я не адмовілася і паехала. Я хачу тут убачыць Дзеда Мароза і Снягурку, мы іх замовілі на навагоднюю ноч. Таксама хочацца даведацца якая ж Беларусь насамрэч. Акрамя свята цікава паглядзець і сам горад: архітэктуру, славутасці. Для мяне важна ўбачыць від над вашай гродзенскай ракой, бо я натхнёная раманам Ажэшкі «Над Нёманам».
— Бязвізавы рэжым гэта добра, але мы прыехалі з візай, бо калі афармлялі дакументы на паездку, то ў пасольстве яшчэ не ведалі, ці падоўжыць Лукашэнка дзеянне свайго ўказу. Вырашылі не чакаць і зрабілі візы. Наша паездка прадугледжвае не толькі знаёмства з прыгожым Гродна, у планах наведаць Ліду, Васілішкі і іншыя месцы.
Ехалі сюды, каб убачыць Дзеда Мароза і Снягурку, а таксама горы снегу, бо ў нас у Польшчы яго няма. Вядома, хочам убачыць у Беларусі прыгожых дзяўчат. Сябры, якія ўлетку пабывалі ў Гродне, распавядалі, што ехаць сюды варта.
— Беларусь для нас загадкавая краіна, хоць і жывем побач. Таму мы адважыліся прыехаць сюды. Як аказалася, гэта нармальная і адкрытая краіна, дзе можна жыць.
Новы год будзем сустракаць у Гродне ў кафэ H2O, там жа сустрэнемся са Снягуркай і Дзедам Марозам, а таксама паслухаем віншаванне Аляксандра Лукашэнкі. Мы чулі пра такую традыцыю беларусаў: слухаць прэзідэнта за некалькі хвілін да прыходу новага года.
— У Беларусі ў часы Савецкага саюза я быў, бо мой бацька нарадзіўся ў мястэчку Ракаў. Так што ў некаторых гарадах шмат гадоў таму мне давялося пабываць. У Гродне я ўпершыню, горад спадабаўся, ды і я чакаў, што так будзе. Горад чысты і адрэстаўраваны, ёсць на што паглядзець.
Правільна, што Беларусь адкрываецца для турыстаў, сюды варта ехаць. Мы будзем тут сустракаць новы год, бо ў гэтым годзе вырашылі асвойваць ўсходнія землі. Напрыклад, 2017 год сустракалі ў Марока. А летась аб’ездзілі 18 краін, шмат каталіся па Малдове і Украіне.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…