Сяргей Курыленка — заслужаны артыст Беларусі, акцёр і рэжысёр драматычнага тэатра ў Гродне, даўно стаў адной з найбольш пазнавальных фігур у тэатральнай суполцы горада і нават яе брэндам. З нагоды пастаўленага ім чарговага спектаклю, мы ўзгадалі, як распытвалі артыста пра станаўленне творчага лёсу і шляхі ў тэатральным мастацтве.
Іграў Дурэмара, Цёркіна і… на балалайцы
Пазнаёміцца з тэатрам і паспрабаваць сябе на падмостках Сяргею Курыленку давялося яшчэ ў школьныя гады. Бацька аднаго з аднакласнікаў захапляўся тэатрам і рабіў пастаноўкі са школьнымі таварышамі сына. «Цэлы клас удзельнічаў ў спектаклах, — успамінае Сяргей зараз. — Я тады вельмі любіў адмоўныя ролі. У „Залатым ключыку“ з асалодай іграў Дурэмара».
У выпускным, дзясятым класе дасталася яму і пазітыўная роля — Васіль Цёркін у яго выкананні трапна цэліўся са сцэны ў самалёт вінтоўкай, што пазычалі для спектакля ў кабінеце ваеннай падрыхтоўкі.На конкурсах «Ало, мы шукаем таленты» клас заўжды браў прызавыя месцы. Унёсак у перамогі прыносіў і Сяргей. Дзеля агульнай справы мог сыграць не толькі на сцэне, але і… на балалайцы.
Адкуль бярэцца пазнавальнасць
Пазней творчыя схільнасці і камандны дух ледзь не сыгралі з будучым акторам злы жарт. У час службы ў войску Сяргей любіў на страявой падрыхтоўцы пакрычаць песні за цэлы ўзвод: «Рваў глотку зімой на марозе — неразумны быў».Праблему з голасам заўважылі педагогі пры паступленні ў тэатральны інстытут, але тады ўдалося адгаварыцца прастудай і «прыкрыцца» медыцынскай даведкай. А вось наступны скразняк прывёў да поўнай страты голасу, лекаванне каторага заняло доўгі час.Прыгадваючы тую пару, Сяргей з удзячнасцю распавядае пра дапамогу ўрача-фаніятара Маргарыты Грыгор’евай, што дапамагла аднавіць голас. Амаль штодзённыя працэдуры спрыялі наладжванню сяброўскіх стасункаў. Сяргей расказвае, што заўсёды запрашаў урача на студэнцкія спектаклі, а потым на аборону дыплома.Яшчэ раз лёс звёў Сяргея Курыленку з лекаркай, што выратавала яго голас, ужо ў Гродне, праз некалькі гадоў пасля выпуску з інстытута. Фаніятар прыязджала ў тэатр для прафілактычнага абследвання акцёраў, бо праблемы з голасам у іх прафесіі не рэдкасць. Сяргей расказвае пра гэту сустрэчу не інакш, як пра анекдот, бо лекарка яго не пазнала, чым вельмі збянтэжыла. Памятаючы пра доўгі перыяд знаёмства і сяброўскія адносіны, ён спадзяваўся на больш цёплую сустрэчу. Аднак усё змянілася, як толькі акцёр адкрыў рот, каб паказаць спецыялісту горла. «Сяргей!» — усклікнула лекарка, адразу ўзгадаўшы былога пацыента.Былое армейскае ліхацтва пакінула Курыленку не толькі пазнавальны голас, але і ўнікальныя звязкі. Яго, такім чынам, ні з кім не зблытаеш. Проста — пазнае акцёра кожны па сваіх прыкметах.
Акцёр аднаго тэатра
Увесь час ад выпуска з інстытута Сяргей Курыленка працуе ў Гродзенскім драматычным тэатры. Спачатку, як усе маладыя, думаў з часам змяніць і лёс і горад, але жыццё скалалася інакш.Артыст аб гэтым не шкадуе, хаця прызнае, што для акцёраў цікава і карысна мяняць раз пораз і тэатральныя пляцоўкі, і рэжысёраў. Са словаў Сяргея, добрым прыкладам можа быць Польшча, дзе пры тэатрах ёсць службовае жытло. Акцёр прыязджае і можа жыць пэўны час, пакуль працуе з тэатрам. Такім чынам вырашаюцца найбольш вострыя бытавыя праблемы і артыст рэальна атрымлівае права на выбар тэатра, творчы пошук і годнае жыццё. Нашым акцёрам прыходзіцца больш думаць пра хлеб надзённы і дах над галавой, бо вырашаць бытавыя пытанні прыходзіцца самастойна, без вялікага разліку на патрымку зверху.
Паміж правіламі і эксперыментамі
«Як артыст, — кажа Сяргей, — я гатовы да эксперыменту». Увесь час хадзіць пратаптанымі сцежкамі нецікава. Сяргей прызнае, што рабіць па-новаму, хадзіць «па калена ў брудзе ці снезе, калі побач ёсць гатовая сцежка — цяжка». І ў сабе і ў іншых артыстаў ён часам адчувае гэты ўнутраны супраціў новаму, аднак іншага шляху для творчага развіцця ў прафесіі не існуе. «Чым больш розных сцежак ведаеш, чым больш варыянтаў дасягнення мэты маеш, тым ты багацейшы і цікавейшы як артыст».
Акцёр і рэжысёр
Разважанні наконт новых шляхоў творчай рэалізацыі аднойчы прывялі Сяргея Курыленку да высновы, што настаў час пашырыць і сваю працу. Так акрамя акцёрскай прафесіі ён авалодаў і рэжысёрскай. «У пэўны момант я ўсвядоміў, што бачу на сцэне крышку больш, чым іншыя, захацелася гэтым падзяліцца». А яшчэ менавіта з рэжысёрскай пазіцыі лепш бачны новыя сцежкі для акцёраў і ёсць права іх калегам прапаноўваць. «Як рэжысёр, ты мусіш павесці за сабой, мусіш зрабіць так, каб табе паверылі. З іншага боку, трэба разумець, што і адказнасць павышаецца ў разы — калі прапануеш артысту ісці незнаёмай дарогай, то трэба быць пэўным у тым куды вядзеш, ці не стане эксперымент небяспечнай дарогай у нікуды».Тут, кажа Сяргей, важна разумець, куды вядзеш. Але нават веданне жаданага выніку не выключае пошуку на шляху да мэты. Тыя самыя «сцежкі» нельга выбраць і абдумаць загадзя — іх кожнаму акцёру прыходзіцца намацваць самастойна. «Як рэжысёр я прапаную артыстам сачыняць разам». Бываюць у такіх сітуацыях і моманты несупадзення акцёра з рэжысёрам. Але тут, кажа Сяргей, акцёру прыходзіцца падпарадкавацца. Інакш, калі кожны пойдзе сваім шляхам, на сцэне нічога добрага не атрымаецца — героі «не сустрэнуцца» ні паміж сабой, ні з гледачамі.
…і педагог таксама
Папулярнасці Сяргея Курыленкі ў горадзе спрыяла не толькі акцёрская і рэжысёрская дзейнасць, але і вялікая праца ў якасці педагога. Яго заняткі па акцёрскім майстэрстве памятае не адно пакаленне ліцэістаў і студэнтаў, з удзячнасцю ўзгадваюць пра яго дапамогу і артысты тэатра гумару «Канкан». Пытанне «навошта» ў працы з маладымі людзьмі, большасць з каторых не збіралася звязваць прафесійную дзейнасць з тэатрам, Сяргей сабе не задае. Ён лічыць, што гэтыя намаганні не сыдуць як вада ў пясок.
Найперш такі досвед дапамагае развіццю творчай фантазіі праз «сачыненне» эцюдаў. А уменне «сачыняць» навучыць і творча падыходзіць да ўласнага жыцця — не чакаць, як складзецца, а самому «сачыніць», шукаць выйсці, а не спадзявацца на міласць лёсу.
Не менш важна, мяркуе Сяргей, што людзі, спрабаваўшы сябе ў якасці акцёра-аматара, пасля інакш глядзяць і прафесійныя спектаклі. Вынікам гэтай працы ён, следам за знакамітым Юозасам Мільцінісам, лічыць падрыхтоўку «выдатных гледачоў».
«Добры глядач — гэта ўсё для тэатра»
«Добры глядач — гэта ўсё для тэатра, — працягвае разважаць Сяргей, — без яго тэатра ўвогуле не існуе». Працаваць для гледача, што прыходзіць у тэатр толькі час ад часу, для артыстаў менш прадуктыўна і менш цікава. «Выпадковыя» гледачы прыходзяць у тэатр, як у кіно — даведацца новую гісторыю — і ў гэтым Сяргей бачыць сучасную праблему.
«Людзі зараз выхоўваюцца серыяламі, дзе ўсё прагаворваецца, але нічога не адбываецца. Акцёрам нават эмоцыі там іграць не заўсёды трэба». Прыкладна такога ж чакаюць зараз і ад тэатра, а калі драматургія хоць троху больш складаная за ўмоўна-серыальную, гэта ўжо выклікае неразуменне, а то і непрыняцце. Але ж тэатр, упэўнены Курыленка, пачынаецца там, дзе можна іграць без слоў: «Тэкст павінен дапамагаць іграць, а не падмяняць ігру сабою».
Галоўным жа прызначэннем тэатра, як і «высокай» літаратуры ці іншага мастацтва, ён, выбачаючыся «за высакапарнасць», называе развіццё душы і ўменне назіраць тыя ўнутраныя змены, што адбываюцца з ёй пад уплывам знешніх абставін.
«Гледача трэба выхоўваць, — упэўнены Сяргей, — і добра, калі ёсць побач з падлеткам у школе ці ў сям'і старэйшы чалавек з «досведам тэатральнага гледача». З боку тэатра адной з удалых спробаў такой «адукацыі» ён ўзгадвае «тэатральныя ўніверсітэты» — сустрэчы-абмеркаванні, што адбываліся адразу пасля спектакляў.Жывая камунікацыя з героямі дапамагала маладым гледачам інакш ставіцца да тэатра, разумець, што адбываецца на сцэне, усвядоміць, што важны не толькі шэраг падзей, але і ўнутраныя змены, якія адбываюцца з героямі на іх фоне.
«Жыць трэба заўсёды»
Да ўласнага дня нараджэння, кажа Сяргей Курыленка, ніякага асобага стаўлення няма. Адзначаецца гэта дата ў вузкім коле сям'і і найбліжэшых сяброў. Калі на дзень нараджэння выпадае спектакль — то да святкавання далучаюцца і сябры па сцэне.
Што тычыцца развагаў з нагоды сталасці і ўзросту, то імі Сяргей падзяліўся ў адной з апошніх сваіх рэжысёрскіх прац «Девичник над вечным покоем»: «Я хацеў давесці, што жыць трэба заўсёды, хаця і ведаеш напэўна, чым усё скончыцца, што «ўсё ў зямлю ляжа, усё прахам стане».Пытанне жыцця, паводле Сяргея Куріленкі, у тым, каб жыць кожную секунду. Няма розніцы, дзе робіцца выбар — закахаўся чалавек ці абраў прафесію — гэтаму трэба аддавацца напоўніцу. Калі даў Бог яшчэ хоць адзін дзень, то трэба і яго скарыстаць з толкам. Нават адзін дзень кахання гэта лепш, чым цэлы дзень шкадавання аб страце шанца і здарадзе сабе.