Людзі і справы

Бар, кавярня і музей. Як адна сям’я стварыла ў Гродне тры класныя месцы

Існуе устойлівы міф, што Гродня — гэта трамплін для ад’езду актыўных людзей у Мінск ці Варшаву. Сям’я Парулісаў і Анікевічаў абвяргае стэрэатып: у Гродне можна жыць, захоўваць родную гісторыю і зарабляць грошы, піша budzma.by.

Патрыярх сям'і Януш Паруліс больш вядомы гродзенцам і турыстам як уладальнік прыватнага музея на Лермантава. Нефармальная моладзь выдатна знаёмая з барам «Корица» (ранейшы «Куфэрак») на Віленскай. Побач, варта толькі падняцца па лесвіцы, — кавярня «Цікава».

Усё гэта — плён працы адной сям'і, якая цягам апошніх 70 гадоў некалькі разоў рабіла рашучы выбар: застацца, жыць і працаваць — тут.

Януш Паруліс

Януш Паруліс: «Дзед стукнуў кулаком па стале: «Мы застаёмся тут!»

«Гэтую калекцыю я збіраў, напэўна, з шасці гадоў, — распавядае Януш Паруліс. — Дзед збіраў, а пасля мяне прывучыў цягнуць што дзе валяецца. І сабралася… Але гэта не толькі я нацягаў. Дамы нашых сваякоў знеслі, суседскія таксама, шмат хто ў Польшчу з’ехаў — вось і пазаставалася. Таму гэта таксама сямейны архіў і рэлікварый».

Прабіраемся вузкімі калідорамі старой камяніцы прыватнага музея, які больш нагадвае лабірынт. Варта быць уважлівым і асцярожным, каб чагосьці не разбіць, бо сцен проста не відаць з-пад панцыру габеленаў, карцін, кніг, барэльефаў, гораў старога шкла, музычных інструментаў і фотаздымкаў… Нібыта ў ракавіне слімака, тут спіраллю скруцілася і захавалася ўся гісторыя горада, яго людзей, будынкаў, прывідаў і легендаў.

У музеі Паруліса
«Маё прозвішча… — пан Януш хавае ўсмешку ў бараду. — Я думаў, што я ліцвін, а пасля выявілася, што прозвішча Паруліс — грэцкае. Каля Гожы быў старажытны кірмаш і волак на шляху „з варагаў у грэкі“, там сустракаўся Захад і Усход… Магчыма, адтуль. А яшчэ я адразу пасля школы здаў дакументы ў мараходную школу, люблю чырвонае віно і спецыі — грэцкія гены! (смяецца). Зрэшты, выхаваны я ў польскай культуры».

У музей часцяком завітваюць турысты: тут пабывала «ўся Расія» (Варкута, Тагіл, Мурманск, Хабараўск…), Ізраіль, Нарвегія, Люксембург, Канада, Германія і іншыя. Пры гэтым, супраца з турыстычнымі агенцыямі не асабліва ладзіцца: за апошні месяц завітала ўсяго 17 чалавек. У выніку ўсе выдаткі пакрываюцца з пенсіі Паруліса-старэйшага.

У музеі Паруліса
«Пасля вайны мой бацька хацеў з’ехаць у Польшчу, але дзед стукнуў кулаком па стале: „Дачку не аддам, сам едзь! Мы застаёмся тут!“ — успамінае пан Януш. — Калі зараз унукі схочуць з’ехаць — напэўна таксама стукну па стале» (смяецца).

Паводле пана Януша, важна, каб у горадзе заставаліся карэнныя гродзенцы, для якіх гісторыя і дух Гродна — свае, родныя. Сам ён мог жыць у Швейцарыі, было запрашэнне ад цёткі, але пакуль ехаў — спыніўся ў Германіі, каб… два месяцы разбіраць Берлінскі мур (ішоў 1989 ці 1990 год), а пасля вярнуўся ў Гродна.

Тамаш Анікеіч

Тамаш Анікеіч: «Я ледзьве з крэсла не ўпаў: бар маёй мары прадаецца!»

«Мы з дзядкам любілі гуляць, калі я малы быў, — распавядае Тамаш Анікеіч, унук пана Януша. — Калі яшчэ працаваў піўзавод, бралі там піва праз акенца. Дзядэк браў адразу два куфлі: пакуль налівалі другі, першы быў ужо пусты. А мне даставалася пенка. Пасля заходзілі ў бар „Віленскі“ і ў „Куфэрак“ (пазней „Корица“). Я там увесь час бачыў нефармалаў, мноства прыгожых дзяўчат, крутыя матацыклы і музыкаў на вуліцы — гэта ўражвала. Так гэтае месца стала месцам мары».

Сёння Тамашу 27 гадоў, ён уладальнік бара «Корица». Перад гэтым былі спробы вучыцца ў Польшчы, праца на запраўцы і аўтамыйні, мэблевай фабрыцы і фуры дальнабойшчыка. Усё гэта было да пачатку 2017 года, пакуль жонка Кася не выраніла фразу: «Ведаеш, „Корица“ прадаецца».

У бары «Корица»
«Я ледзьве з крэсла не ўпаў! Гэта ж бар маёй мары! — працягвае Тамаш. — Некалі ў нас было такое нефармальнае месца — „ДК Грэка“ — якое пасля знеслі, дык мы там з сябрамі марылі, маўляў, добра было б мець свой бар, з чырвонай канапай… Такія магчымасці нельга губляць. У лютым 2017-га мы з маці сустрэліся з уладальнікамі і аформілі паперы».

Паводле Тамаша, папярэднія ўладальнікі моцна запусцілі бар, які на той момант страціў сваю атмасферу і стаў звычайным месцам «выпіць-закусіць». Праз паўтара года старая нефармальная «тусоўка», якая дзвіжавала ў «ДК Грэка», перацякла сюды — у самае сэрца старога горада, на Віленскую, 6.

«Большасць сяброў паставілася з разуменнем, — тлумачыць Тамаш, — яны ўжо разумелі: гэта мая праца, я не магу ўсім „ставіць“. У выніку я бачу іх амаль штодня — тут усе свае. А справе бармена я дагэтуль працягваю вучыцца, эксперыментаваць. Нешта падглядаў, нешта мне падказвалі. Наогул, стаць за бар, уключыць любімую музыку — гэта столькі эмоцыяў і адрэналіну! Дарэчы, дзядэк на піва сюды таксама часам заходзіць…»

Нягледзячы на складанасці ў заканадаўстве, Тамаш перакананы, што працаваць на сябе заўжды карысней і правільней, чым на кагосьці. Чаму? Бо кожны, хто сапраўды працуе на ўласную справу, галодным не застанецца. Галадаеш тады, калі не працуеш, усё проста. Гэта прыватны выбар чалавека і максімум асабістай адказнасці.

«Якое ў нас начное жыццё? Ды ніякага! Пусты горад! — разважае Тамаш. — Пасля 11−12 нічога ж няма, „дзвіжу“ няма, а яшчэ няма культуры піцця. Шмат хто заходзіць і пытае танную гарэлку. Кажам — няма. Круцяць носам і выходзяць… То бок у чалавека задача — „накідацца“ за 10 рублёў, не зважаючы на якасць алкаголю, музыку, атмасферу, і далей пайсці па сваіх п’яных справах. Усё!»

Інтэр'еры бара "Корица"

Сёння на сценах бара — сапраўдная партрэтная галерэя: ад Озі Озбарна да Алеся Дзянісава. Там-сям замалёўкі з коміксаў у стылі Таранціна і Гая Рычы, прыглушанае святло, фактура з чырвонай цэглы, і ўсё гэта ў сутарэннях канца ХІХ стагоддзя.

«Раней я ніколі не піў кавы, цяпер „падсеў“, — працягвае дырэктар „Корицы“. — У далейшых планах яшчэ адно месца, таксама ў цэнтры, але ўжо нешта накшталт кавярні. Вялікая барная стойка, большая, чым тут, каб мне хапала месца падсесці і пагутарыць з кожным наведнікам. Я люблю людзей, камунікацыю, старых і новых сяброў. А ў куце — абавязкова мяккая чырвоная канапа!»

Юстына Анікеіч

Юстына Анікеіч: «Палякі кажуць: «Мы прыехалі як да сябе!»

«У нашай кавярні людзі зрэдку сядзяць з тэлефонамі, таму што чытаюць папяровыя кніжкі, — распавядае Юстына. — Гэта фактычна жывы буккросінг: нехта прачытаў, прынёс, паклаў, іншы ўзяў. Часам просяць набыць, а я кажу: «Вазьміце пачытаць, а пасля прыносьце, а можа, кавы хочаце?» Застаюцца, чытаюць, слухаюць добрую музыку».

Кавярня «Цікава» знаходзіцца літаральна над «Корицей». Бар унізе, у сутарэннях, кавярня — зверху, як «верхні» і «ніжні» сусветы ў грэцкіх міфах. Нагару наведнікі падымаюцца, каб выпіць кавы пасля моцнага алкаголю, а з кавярні спускаюцца ўніз, каб расслабіцца за півам ці парай шотаў.

У кавярні «ЦіКава»
Юстыне Анікеіч 23 гады, яна паспела адвучыцца ў Польшчы, пасля працавала ў «Корице» за барам, а ўрэшце сям’я выкупіла «Цікаву», і дзяўчына пачала гаспадарыць тут. У сучасныя інтэр'еры ўдала ўпісаліся… экспанаты з музея «дзядка» — Януша Паруліса. Старыя гадзіннікі, фотаапараты, шурпатыя рамкі ад карцінаў, кавамолка, скрыначкі ад тытуню і цыгараў даваеннага часу — артэфакты атрымалі другое жыццё ў цалкам сучаснай моладзевай кавярні.

«Тут, на жаль, пакуль няшмат турыстаў, а вось у «Корице» — так, — працягвае Юстына. — Калі сюды прыязджае ўмоўны паляк, які хоча ўвечары паесці, выпіць, паслухаць рок, шлях яму акурат да Тамаша. Да нас — на каву. Мы з братам добра размаўляем па-польску, таму госці з Польшчы зазвычай проста зачараваныя: «Прыехалі як да сябе!»

У «Цікаве», нягледзячы на зусім невялічкае памяшканне, праходзяць акустычныя гітарныя канцэрты. А яшчэ гэта ці не адзіная кавярня ў старым горадзе, у якой кампанія можа пагуляць у нарды: за дошкай збіраюцца як кампаніі з усходу (студэнты, турысты), так і мясцовыя беларусы. Зусім нядаўна Юстына пачала не толькі паіць гасцей кавай, але і частаваць сэндвічамі: рух працягваецца, усё развіваецца.

Патрыцыя Анікеіч

Патрыцыя Анікеіч: «Бачыць адно аднаго не сваякамі, а партнёрамі»

«На жаль, пакуль мы не можам выносіць сталы на двор ні з „Цікавы“, ні з „Корицы“, — паціскае плячыма Патрыцыя Янушаўна. — Будынак з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю, ёсць шэраг абмежаванняў. Нельга-нельга-нельга… Гэта пакуль не еўрапейскае заканадаўства. Але працаваць трэба з тым, што ёсць».

Пані Патрыцыя — маці Тамаша і Юстыны, дачка Януша Паруліса. Яна дапамагае дзецям з бухгалтэрыяй, бо даўно ўжо аказвае бухгалтарскія паслугі. Адначасова падказвае, падтрымлівае, не забываючы пры гэтым, што дзеці выраслі і гэта ўжо іхны бізнес. Паводле пані Патрыцыі, калі сямейны бізнес пачынаецца ў сталым узросце — паміж дарослымі бацькамі і дарослымі дзецьмі, — ён мае прайсці свае этапы:

«Вельмі важны этап — гэта навучыцца бачыць адно аднаго па-за сям’ёй, вызначыць, які ты як партнёр і работнік, а не сваяк. Тамаш у нечым разбіраецца лепш, чым я. Калі я разумею гэта, то саступаю, узроставая іерархія адыходзіць убок. Сямейны бізнес — гэта добра. І гэта сям’ю ўмацоўвае, інакш мы б разышліся і жылі кожны сам сабе, бачыліся б адно на Раство… А так усе тут, бачымся і працуем разам штодня».


У Заходняй Еўропе лічыцца нормай, калі фірма існуе, скажам, з 1586 года, на кепскі канец — з 1877-га. Гэта гісторыя сямейных бізнесаў, якія ў нашым рэгіёне былі перарваныя шматлікімі зменамі ўлады і дабітыя ўладай савецкай. Хочацца верыць, што важнымі цаглінкамі квітнеючай і заможнай Беларусі стануць акурат такія кланы актыўных і працавітых людзей, якія штодня працуюць на тое, каб ім, іхным дзецям і ўсім навокал жыць ТУТ было добра, камфортна і выгадна.

Тады і з’язджаць за мяжу не будзе ніякага рэзону.


На имидж современной компании влияет очень много факторов. Это касается и дизайна. Если вам нужны эксперты офисного озеленения, вам следует обратиться в компанию Бутик «Etoile Flora. Décor Boutique». Качественно выполненный фитодизайн — это прекрасная возможность подчеркнуть стиль и индивидуальность вашей компании.


Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024