Напярэдадні чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі ў цэнтры Гродна адкрылі новы гандлёва-гасцінічны комплекс. Яго за тры гады перабудаваў з закінутага аварыйнага будынка бізнесмен Станіслаў Сямашка.

Будаваць у цэнтры складана

У новым аб’екце ў бліжэйшы час адкрыецца рэстаран «Барашка» і апартгатэль на 23 нумары. Бізнесмен адзначае, што да снежня яго комплекс будзе функцыянаваць цалкам.

«Аб'ект знаходзіцца ў гістарычнай частцы горада і рэканструяваць і будаваць тут значна складаней, чым на Дзевятоўцы і Альшанцы, — кажа Станіслаў Сямашка. — Розніца — неба і зямля. У гістарычным цэнтры трэба выканаць усе патрабаванні ад Міністэрства культуры, прайсці ўзгадненні з Акадэміяй навук, правесці археалагічны нагляд. Але калі ісці, з цяжкасцю і перашкодамі, то штосьці атрымліваецца. Раю і маладым заняцца падобнымі справамі. Галоўнае працаваць і дамагацца сваёй мэты. Я сёння шчаслівы, што дамагліся мэты. Мы вялі аб’ект: няхай і складаны, але ён будзе вельмі вясёленькі».

"Аб'ект будзе вельмі вясёленькі". Сямашка адкрыў у цэнтры Гродна свой палац
Станіслаў Сямашка паказвае мясцовым чыноўнікам, як ён правёў рэканструкцыю
Бізнесмен адзначае, што гродзенцы добразычліва настроены да яго новага аб’екта. Паводле яго слоў, падчас рэканструкцыі гараджане падыходзілі і паціскалі яму руку — дзякавалі за тое, што ён узяўся за «заброшку» ў цэнтры Гродна.


Дом па вуліцы Калючынскай, 23 быў пабудаваны да 1885 года. Тады гэта быў адзін з самых вялікіх будынкаў у горадзе. У ім размяшчаліся яўрэйскія школы. У савецкі час у доме быў інтэрнат, потым кватэры, якія адсялілі ў сярэдзіне 2000-х. Дом прастойваў каля 10 гадоў, пакуль ў 2016 году яго не набыў Станіслаў Сямашка.

Бізнесмен атрымаў дазвол на праектаванне гасцінічнага комплексу, зрабіў праектную дакументацыю, якую ўзгаднілі на мясцовым і рэспубліканскім узроўнях. У канцы лютага 2017 года пачаліся работы ў паскораным рэжыме: планавалася, што да канца года гасцініцу здадуць. Але ў канцы кастрычніка 2017 года Сямашка звярнуўся ў гарвыканкам для карэкціроўкі праекта. Тады стала вядома, што гасцініца не будзе займаць увесь будынак. У выніку ў 2018 годзе на трох паверхах размясціліся апартаменты, а на першым паверсе рэстаран каўказскай кухні.

Ужо прыглядаецца да новых аб’ектаў

Станіслаў Сямашка ўжо прыглядаецца да чарговага аб’екту ў цэнтры Гродна — дому купца Мураўёва, які знаходзіцца па суседстве і закінуты ўжо больш за 20 гадоў.

«Калі пытанні з домам Мураўёва вырашацца, то я гатовы яго ўзяць. Я гэта ўжо заяўляў уладам. Зараз мы знаходзімся на стадыі перамоваў», — дадаў Сямашка.

[irp posts="90 046″ name="Ад Skoda да Bentley: на чым ездзяць вядомыя гродзенцы"]

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт [email protected]