Стрыт-арт у выглядзе рознакаляровай мазаікі на месцы разбураных плітак ходніка заўважылі многія: «Не ведаем, хто гэта зрабіў, але плітку заўважылі». Эксперты ад урбаністыкі называюць з’яву тактычным урбанизмом, а гараджане радасна ўздыхаюць: «Дачакаліся!». Карэспандэнтка Hrodna.life даведалася ў гродзенцаў і экспертаў, што значаць для горада падобныя практыкі.
Адна з рознакаляровых плітак знаходзіцца каля кавярні-рэстарана «Нёман» на Савецкай плошчы. Работнік кавярні Аляксандр Янчы кажа: «Плітку заўважыў, а хто рабіў - не бачыў». З навінавых паблікаў ён даведаўся, што прыклад такога «рамонту» ў Гродне не адзіны. Аляксандр лічыць, што гэта крэатыўна і выдатна.
Гродзенка Ганна Арлюк, архітэктарка, экспертка сацыяльнага хакантона «Урбаністыка» і адна з заснавальніц урбаністычнай ініцыятывы «Good city» лічыць, што такая творчасць на вуліцах заўсёды добра ўплывае на развіццё гарадскога асяроддзя і культуры: «Прыгожы ўзор пад нагамі адцягвае ад штодзённай манатоннасці гарадскога жыцця».
Чытайце таксама: Арт-куток, моладзевая прастора і Гараднічанка па плошчы Леніна. Гродзенка прапануе зрабіць цэнтр зручным для гараджан
На вуліцы Карла Маркса арт-латка адрозніваецца ад іншых. Тут на месцы пашкоджанай пліткі выкладзеныя выявы крыжа і вочы.
Кацярыне Кучаровай 41 год. Яна ў захапленні ад мазаікі на ходніку: «Былі б матэрыялы, сама з задавальненнем паспрабавала б „залатаць“ праселыя месцы на дарожках».
Раней падобныя стрыт-арт элементы яна бачыла ва Украіне, але на сценах. Тады Кацярыне гэта вельмі спадабалася, і яна хацела, каб падобнае з’явілася і ў Гродне. «Дачакалася!» — кажа Кацярына.
Адна з арт-плітак з люстэркам знаходзіцца насупраць Фарнага касцёла. Вольга Ватура, убачыўшы гэтую плітку, кажа: «Рада, што ходнік прынамсі наогул заладзілі».
Вольга адзначыла, што яна не з Гродна, і было б добра адрамантаваць яшчэ і дарогі з ходнікамі, напрыклад, у вёсцы Галавачы, а не толькі ў цэнтры горада.
«„Латкі“, што з’явіліся на вуліцах нашага горада — гэта як прыкласці пластыр да хворага месца, — кажа пра стрыт-арт пад нагамі архітэктарка Ганна Арлюк. — Адцягнуць увагу ад такой „болю“, як ямы на дарогах».
Ганна Арлюк расказала, што падобную практыку па «рэанімацыі» ходніка можна аднесці да сучаснай урбаністыкі.
Тактычным урбанізмам называюць набор практык хуткай і з малымі выдаткамі змены гарадскога асяроддзя. Галоўная перавага тактычнага ўрбанізму — уцягнутасць жыхароў у жыццё горада. Мяркуюць, што ініцыятыва з боку грамадства дапаможа наладзіць кантакты з горадабудаўніком і разам вырашаць невялікія праблемы ў жыцці горада.
Тактычны ўрбанізм трансфармуе гарадскую прастору праз пачатак дыялогу. Гэта не спосаб рашэння праблемы, а дэманстрацыя імкнення да паляпшэння гарадской прасторы. Магчымасць паказаць, як у будучыні можна зрабіць прастору больш прывабнай.
Адзін з прыкладаў тактычнага ўрбанізму — змена вуліцы Таймс-сквер у Нью-Ёрку. Тут было шмат дарожна-транспартных здарэнняў, і дэпартамент транспарту прапанаваў грамадзянам самім падумаць, як вырашыць гэтую праблему. Гараджане забарыкадавалі Брадвей, расставіўшы складныя крэслы. Пасля гэтага рух наладзілася і аварый стала значна менш. Пасля гэтай ініцыятывы ў 2009 годзе вуліцу зрабілі пешаходнай.
Чытайце таксама: Кажуць: «дрэвы», а саджаюць «пруткі». Чаму Гродна дагэтуль не патанае ў парках, і навошта нам схема азелянення
Аўтара гродзенскага стрыт-арту ўжо параўноўвалі з французскім «Хірургам ходнікаў» і англійскім Бэнксі.
Хірург ходнікаў — мастак па мянушцы Эмемем з Ліёна. Ён запаўняе мазаікай разбураныя месцы ходнікаў. Ён лечыць раны гарадскіх вуліц з 2016 года.
Бэнксі - англійскі андэграўндны мастак стрыт-арту. Сапраўднае імя і паходжанне Бэнксі невядомыя. Міжнароднае прызнанне атрымаў дзякуючы сатырыченаму вулічнаму мастацтву і графіці.
«Зараз мы назіраем новую для нашага горада стрыт-арт падзею. Яна ўжо ўзрушыла ўвагу грамадскасці, а ў будучыні можа папоўніць і спіс матэрыяльнай спадчыны горада, — кажа Ганна Арлюк. — Можна сказаць, што ў нас з’явіўся свой Бэнксі. Значыць — горад жыве».
Чытайце таксама:
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…