Студэнт гістфака Аляксандр Перагудаў, вядомы сваімі графічнымі дызайнерскімі праектамі, выклаў у Facebook другую частку праекта “Сустрэча стагоддзяў”. Гэта выстава фотамантажоў, дзе спалучаныя сучасныя здымкі Гродна і выявы канца XIX – пачатку XX стагоддзяў.
“Першая частка праекта, якая выйшла ў 2014 годзе, далёка не поўнасцю раскрыла тэму страчанай спадчаны, – піша Аляксандр. – Будынкі, якія калісьці ўпрыгожвалі вуліцы, плошчы Гродна і былі маўклівымі сведкамі многіх падзей з гісторыі горада, зараз страчаныя ў часе. Вір стагоддзяў не заставіў ім шанцаў захавацца – горад перабудоваўся і змяняў свой твар”.
Аўтар кажа, што праект “Сустрэча стагоддзяў” дае мажлівасць літаральна стаць падарожнікамі ў часе і прайсціся па вуліцах даўняга Гродна.














