Горад

«Усё Гродна перагароджана, нам застаўся толькі наш двор». Гродзенцы сталі сябраваць раёнамі

7 кастрычніка на Вішнявец «у госці» да тутэйшых жыхароў прыехалі гараджане з розных частак Гродна, са сцягамі сваіх раённых супольнасцяў. Былі свечкі, самаробныя прысмакі, спевы, бегалі дзеці. Сустрэча доўжылася каля дзвюх гадзін, сабралася блізу 80 чалавек. Суседзі збіраюцца ўжо больш за месяц, каб пастасавацца, падтрымаць адзін аднаго, бо рабіць гэта ў горадзе не дазваляюць улады.

— Раней такога сяброўства і яднання сярод двароў не было, не было адзінай мэты. Зараз мы любім адзін аднаго, паважаем, рады, што ў нас такія суседзі, — кажа мясцовая дзяўчына Алена.

«Знаёміцца пачалі, калі нас пачалі выганяць з вуліц горада, дзе мы не можам ні хадзіць, ні гуляць, — тлумачыць яна. — Усё Гродна перагароджана, увесь цэнтр, плошча, дзе мы сустракаліся, дзе гулялі нашы дзеці. Нам засталося адно месца — дзе мы жывем, наш двор».

З канца жніўня мікрараёны Гродна, як і іншых гарадоў, сталі яднацца ў раённыя чаты ў Telegram, іх жыхары — сустракацца вечарамі, піць гарбату з тэрмасаў, знаёміцца і абмяркоўваць апошнія навіны. У такіх сустрэч зазвычай няма адзінага арганізатара, людзі дамаўляюцца між сабой і праз невялікія чаты. Сустрэчы бываюць розныя: дварамі, суседнімі вуліцамі і міжраённыя, як гэтая.

Адзінства і меры бяспекі

Суседзі на Вішняўцы сустракаюцца больш за месяц. Часцей — дваром, суседнімі вуліцамі. 7 кастрычніка зладзілі сустрэчу-знаёмства з жыхарамі іншых мікрараёнаў. У Гродне гэта не першая «міжраённая» вечарына. Напрыклад, днём раней Дзевятоўка збірала гасцей у тым самым дворыку, дзе жыхары на суботніку адрамантавалі стол і лавы і намалявалі на сталешніцы «Пагоню».

Звонку вечарына выглядала як нечый дзень народзінаў: шмат людзей, дзеці, свечкі і гірлянды, на ўбраных сцягамі і нават дыванамі лавах — крамнае печыва, хатнія пачастункі, садавіна, бела-чырвона-белая пасціла і цукеркі. Людзі хорам спявалі тое, што ведала большасць з беларускіх песняў, а на развітанне выгукалі «Верым, можам, пераможам». Незнаёмыя знаёміліся і гутарылі, як сябры.

Фота: чытачы Hrodna.life
Фота: чытачы Hrodna.life

«Калі нас так многа, нічога не страшна. Мы нічога кепскага не робім, не марнуем лавы — папілі чай, пагаварылі і разышліся, усе давольныя, вясёлыя. Раней усе ішлі па сваіх справах, ранкам на працу, вечарам дадому, і ніхто не ведаў, у якім пад’ездзе хто жыве і што гэта за сусед. Зараз, калі мы выходзім усе разам, пачалі знаёміцца. Мы будзем рабіць так і далей», — упэўнена Алена.

«Мы разам, нас не трэба дзяліць — бела-чырвона-белыя, чырвона-зялёныя, мы адзіны народ. Мы паважаем усіх». У самой дзяўчыны ў руках — чырвона-зялёныя стужкі.

На ўбраных сцягамі і нават дыванамі лавах — прысмакі, садавіна

Іншы ўдзельнік сустрэчы, Дзіма, прызнаўся, што яму страшна прыходзіць. Вячоркі з суседзямі ён наведвае без тэлефона — «каб не было непрыемнасцяў». «Гэта мера перасцярогі, — кажа ён. — Любы чалавек можа падысці і запатрабаваць тэлефон. Былі прэцэдэнты — не ў дварах, а ў горадзе — спынялі і правяралі тэлефон. Хоць ідзем сустракацца з сябрамі, з суседзямі, усведамляю рызыку штодзень».

Таксама дзеля бяспекі з суседскай вечарыны стараюцца разыходзяцца не па адным: «Адзін двор — і разам сышлі».

Самае важнае — маральная падтрымка

Суседзі збіраюцца разам некалькі разоў на тыдзень, часам спяваюць, водзяць карагоды. Далучаюцца новыя людзі. Заўсёды ёсць гарбата ў тэрмасах, печыва. Бацькі прыходзяць з дзецьмі.

Дзіма жыве ў сваім раёне ўжо пяць гадоў, але знаёмых тут раней не меў.

«Вельмі было забаўна, калі збіраліся першы раз. У першых чатах была куча, як кажуць, ціхароў, і было некалькі спробаў стварыць „чысты“ чат. Як усё пачыналася — нават не мог уявіць, што будзе так». Спачатку суседзі нават хадзілі па дварах, свяцілі ліхтарамі, прыцягвалі ўвагу, каб людзі выходзілі з дамоў - збіралі ўсіх ахвотных.

Акрамя вечарын з гарбатай, суседзі з вуліцы Кабяка і Вішняўца гулялі ў футбол на стадыёне. «Адна каманда была ў аранжавых майках, другая — усе астатнія, — са смехам успамінаюць мужчыны. — Мяняліся брамамі, была вялікая група падтрымкі». Кажуць, што збольшага гуляць ніхто не ўмеў, але было весела, і ногі баляць дасюль. Таксама суседзі хадзілі разам у лес на шашлыкі. «Мяне радуе, што ні разу за ўсе сустрэчы не было ніякага алкаголю. Можа, проста збіраюцца людзі з іншымі прыярытэтамі», — разважае Дзіма.

Для яго самае важнае на такіх сустрэчах — маральная падтрымка: «Тое, што адбываецца зараз у краіне, бязмежжа, — гэта насамрэч цяжка, можа пачацца дэпрэсія». Перажываць гэта з суседзямі лягчэй, чым сам-на-сам.

За сустрэчамі сочаць

За самарганізаваным святам гродзенцаў назіралі міліцыянты: машына 101 прыехала на суседнюю стаянку незадоўга да заканчэння суседскай вечарыны.

Такая сустрэча тым вечарам была і на Каліноўскага. Абвесткі пра яе вешалі на пад’ездах навакольных дамоў. Амаль адразу пасля таго як пачалі збірацца людзі, з’явіліся міліцыянты. Яны перапісалі дадзеныя ў пары чалавек і сышлі. Людзі пыталі, ці не ўвялі ў краіне ваеннае становішча.

У прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама растлумачылі, што ўвагу на такія сустрэчы міліцыя звяртае. «Калі яны маюць характар, які супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь, міліцыя прымае пэўныя меры». Да гэтага адносяць выпадкі, калі сустрэчы маюць характар несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў, парушаецца парадак, устаноўлены законам, адбываецца дробнае хуліганства, патлумачыў прэс-сакратар УУС Яўген Дудко. «Калі людзі збіраюцца з сем’ямі і п’юць гарбату, гэта не парушэнне заканадаўства».

Чытайце таксама:

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024