9−12 жніўня гродзенцаў-пратэстоўцаў і выпадковых мінакоў затрымлівалі з прымяненнем сілы і збівалі пасля затрымання ў ізалятары часовага ўтрымання. Гэта выклікала новую хвалю мірных пратэстаў у горадзе супраць гвалту сілавікоў. Пасля выпіскі з бальніцы ці выхаду з-пад варты пацярпелыя паехалі фіксаваць пабоі. Карэспандэнт Hrodna.life пагаварыў з тымі, хто чакаў сваёй чаргі на судова-медыцынскую экспертызу.
Агучваць лічбы забаронена
20 жніўня сваёй чаргі на экспертызу чакалі чацьвёра мужчын, іх выклікалі ў кабінеты па прозвішчах, праз паўгадзіны прыйшоў пяты. Трое распавялі свае гісторыі Hrodna.Life.
Час ад часу ў калідор выходзіла супрацоўніца экспертызы, прымала дакументы, правярала пашпарты, пыталася, ці згодныя тыя, хто звярнуўся фатаграфаваць пашкоджанні. Іншая яе калега тлумачыла людзям у калідоры, што яны робяць фота менавіта саміх пашкоджанняў «людзей, якія пацярпелі ад супрацоўнікаў АМАПа». На пытанне, ці шмат звяртаецца пацярпелых, адказала коратка: «Шмат». У каментары карэспандэнту Hrodna.life яна адмовіла: «Ніякай інфармацыі мы не даем». Трэцяя супрацоўніца экспертызы прызналася, што ім забаронена размаўляць са СМІ.
У прэс-службе Упраўлення судова-медыцынскіх экспертыз Hrodna.life адказалі, што не могуць паведаміць, колькі чалавек звярнулася да іх за аглядам збіцця. Экспертызы праводзяцца па пастановах праваахоўных органаў, і інфармацыя аб колькасці пацярпелых ёсць толькі ў Следчага камітэта.
Заяў аб траўміраванні супрацоўнікаў УУС або пашкоджанні іх маёмасці па Гродзенскай вобласці Следчы камітэт прыняў не менш за 15. Па медыцынскую дапамогу і з заявамі пра гвалт пры затрыманнях 9−12 жніўня звярнуліся больш за 100 чалавек. Гэтыя звесткі апублікавала «Гродзенская праўда» 18 жніўня. Таксама ў матэрыяле сказана, што следчыя працягваюць пошук пацярпелых. Атрымаць іншы каментар ад Следчага камітэта па тэлефоне не ўдалося.
Білі за інтэрв'ю
Гродзенцу Аляксандру Новіку 31 год. Ён працуе ў Маскве кіроўцам спецтэхнікі. У Гродна прыехаў адпачыць. Яго затрымалі 10 жніўня ў пачатку адзінаццатай вечара, каля будынка філармоніі. У ізалятары ён прабыў да 13:30 наступнага дня. Паводле яго слоў, падчас усіх допытаў у ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ) яго білі.
Адразу пасля вызвалення Аляксандр не ведаў, куды звяртацца. Пазней яму далі тэлефон адвакацкай канторы, там і патлумачылі, што рабіць. Звярнуўся ў Следчы камітэт, там узяў пастанову на правядзенне судмедэкспертызы.
«Мяне білі за тое, што я даваў інтэрвью, калі на Савецкай плошчы ставілі галасы за Ціханоўскую [стрым „Радыё Свабода“, з 27:45 хвіліны — заўв. Hrodna.life]. Білі па-жорсткаму, за тое, што назваў прозвішча чалавека з АБАЗ [аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю — заўв. Hrodna.life], які ў 2014 годзе хацеў сфабрыкаваць на мяне крымінальную справу. Як толькі не запалохвалі. Адзін нават „вагнераўцам“ прадставіўся», — распавёў ён.
«Адбыў суткі, далі штраф, забралі тэлефон, адпусцілі. Шмат каму давалі штрафы. Але некаторыя згаджаліся на тэрміны, каб не плаціць. Мне ж трэба было з’язджаць, у мяне праца ў Маскве. Звярнуўся са збіццём, з сінякамі на ягадзіцах, на нагах, спіне. Паўтары тыдні прайшло, усё яшчэ баліць».
Аляксандр распавёў, што тым вечарам яны з грамадзянскай жонкай ішлі каля філармоніі. Міма прабег нарад сілавікоў і не крануў, але варта было яму спыніцца і паглядзець, куды вядуць затрыманых — яго пачалі біць у спіну, заламваць рукі. У аўтобусе было каля 20 чалавек, пасля таго, як іх прывезлі ў ІЧУ на вуліцы Гая, аўтобусы з людзьмі прыязджалі яшчэ двойчы.
«У аўтобусе ў адкрытую казалі: „Мы любога заб’ём, але вам горад не аддадзім“. Калі мяне біў той, хто прадставіўся „вагнераўцам“, казаў: „Мне заплацілі грошы, я любога тут магу забіць“. У яго форма была не амапаўская, а кшталту ваеннай, колеру хакі, і пацёртая майка ваеннага камуфляжу, — распавёў Аляксандр. — У пракуратуры даваў паказанні - пыталіся, ці запомніў я яго вочы. Я цалкам яго запомніў, апазнаю! Назваў там і прозвішча опера, які мяне дапытваў і запалохваў, што пасадзяць на доўгі тэрмін, тыпу я хацеў ўзброены напад нейкі зрабіць. Казаў: „Можа табе наркотыкі падкінуць, каб ты сеў надоўга“». Па словах Аляксандра, усім затрыманым давалі пад подпіс аднолькавыя дакументы: удзельнічалі ў мітынгах, крычалі лозунгі.
Ішоў дадому праз парк
Віталю 68 гадоў, ён пенсіянер. Сваё прозвішча Hrodna.Life ён назваць адмовіўся. 10 жніўня яго, а 22:30 спынілі ў парку Жылібера, збілі і адпусцілі.
«Мяне не затрымлівалі. Проста ўдарылі некалькі разоў. Вечарам ішоў дадому праз парк Жылібера. У загароды былі людзі, вялі дыскусію з гэтымі „чорнымі“ таварышамі. Я падышоў паглядзець, што за агароджа, спыніўся, нікуды не бег, проста слухаў. Падбеглі людзі ў чорным, у шлемах: раз, два, у плечы, па нагах, пацягнулі. Білі ў сцягно, ніжэй спіны. Я кажу: „Што вы робіце? Я іду дадому“. Нічога не тлумачылі, але адпусцілі, не затрымалі. Гэта жахліва, шок».
Віталь паехаў у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі 17 жніўня, бо чорныя сляды на целе не праходзілі, зняў пабоі. Потым яго выклікалі ў Следчы камітэт і накіравалі на экспертызу. Ці пісаць заяву ў праваахоўныя органы, ён пакуль не вырашыў.
Рука, лапатка, плячо
Вадзіму Кікуну 32 гады, ён ўстанаўлівае нацяжныя столі. У чарзе на экспертызу Вадзім выглядаў найбольш пацярпелым — сінякі на твары не прайшлі.
Вадзім сказаў, што яго збілі 9 жніўня на кальцы каля філармоніі. Крыніца Hrodna.life, якая была там і бачыла Вадзіма, распавяла, што гэта было 10 жніўня. Па словах мужчыны, ён ішоў з вуліцы Суворава ад знаёмага. Вадзім жыве ў цэнтры, і адзіны шлях быў праз Стары мост.
«Бачыў ачапленне, транспарт не ходзіць. Потым убачыў - натоўп з Савецкай. Рэзка на кальцо з усіх бакоў з’ехаліся аўтазакі, машыны, „чорныя“ павыляталі, пачалі без разбору ўсіх лупцаваць. Павярнуўся сыходзіць, хуткім крокам, і мяне нехта збоку ўдарыў, нават не бачыў, хто, чым — палкай прыляцела ў твар, прытомнасць страціў. Яшчэ рука, плячо, лапатка сіняя. Ачуняў, мяне пачалі падымаць, жанчына трымала галаву, лекар хуткай — за руку».
Вадзіма адвезлі ў абласную бальніцу, у лор-аддзяленне: быў зламаны нос, пераломы ў правай частцы твару, паводле яго слоў, была пашкоджана сценка вокавага яблыка. «У лор-аддзяленні адзін ляжаў, але казалі, што аддзяленне сківічна-тваравай хірургіі ўсё забіта пацярпелымі ад АМАПа», — распавёў ён. Мужчыну выпісалі 19 жніўня. Накіраванне на экспертызу даў следчы.
«Эксперт са Следчага камітэта прыходзіў у бальніцу, забраў тэлефон нібыта для праверкі геалакацыі, узяў узоры тканкі з-пад пазногцяў. Абяцаў, што тэлефон прынясуць праз два-тры дні, я застаўся зусім без сувязі са сваякамі. Забраў тэлефон толькі 19 жніўня, як тлумачыў следчы, яго павінны былі праверыць наконт сувязі з каардынатарамі мітынгаў, праверыць, выпадковы чалавек ці не. Калі забіраў, тэлефон быў запячатаны».
Вадзім кажа, што раней у такія сітуацыі не трапляў, быў далёкі ад палітыкі, але зараз стаў бліжэй. Спачатку не хацеў пісаць заявы ў Следчы камітэт, потым усё ж перадумаў.
Чытайце таксама: