Бацька сказаў, што адвядзе сына ў садок, але звёз у Злучаныя Штаты. Цяпер маці спрабуе вярнуць дзіця ў Беларусь. Гэта не сюжэт мыльнай оперы. Гэта — рэаліі жыцця гродзенкі Таццяны Грэгары, яе ўжо былога мужа-амерыканца Брэнта Грэгары і іх агульнага шасцігадовага сына Леа.
Брэнт спачатку хаваў ад Таццяны месца жыхарства дзіцяці, а потым, паводле яе слоў, паабяцаў вярнуць сына ў абмен на развод. Але калі беларускі суд развёў пару і вызначыў месца пражывання дзіцяці разам з маці, бацька падаў у амерыканскі суд заяву з просьбай разгледзець пытанне апекі. Гэта магчыма, таму што дзіця Таццяны і Брэнта з нараджэння мае падвойнае грамадзянства.
Таццяна паляцела ў ЗША і падала сустрэчны пазоў на легалізацыю рашэння беларускага суда. Амерыканскі суд вынесе рашэнне 5 ліпеня. Таццяна напісала аб сітуацыі ў фэйсбук-групе «Беларусы ЗША. Разам лягчэй» з просьбай аб дапамозе і спагадзе. Яе публікацыя сабрала больш за 200 каментароў.
У Гродне Таццяну і Брэнта ведаюць многія. Таццяна — лінгвіст, перакладчык, кандыдат навук, выкладае англійскую мову ва ўніверсітэце. Брэнт жыў у Гродне каля сямі гадоў і працаваў у IT-кампаніі Instinctools. У 2019 ён завёў YouTube-канал, дзе расказваў пра сваё жыццё ў Беларусі. «Большасць амерыканцаў нават не ведалі пра такую краіну», — распавёў ён тады Hrodna.life. Ідэяй канала было зблізіць дзве краіны.
«Я атрымліваю асалоду ад жыцця тут, — казаў у той час Брэнт. — Тэмп жыцця ў Гродне павольней, чым у ЗША, таму ў мяне менш стрэсу. У сваіх відэа я паказваю рэчы з паўсядзённага жыцця, у тым ліку з працы: цікавыя, займальныя або дзіўныя з амерыканскага пункту гледжання. Я ўпэўнены, што ў кожнай краіне ёсць станоўчыя і адмоўныя бакі. У маёй краіне ёсць і тое, і іншае. Таму я хачу шчыра паказаць Беларусь і яе людзей».
Тады ж Брэнт сказаў журналісту Hrodna.life, што свае відэа для YouTube ён прысвячае сыну: «Лічу, што мой сын Леа аб’ядноўвае ў сабе лепшае з абедзвюх краін, і я прысвячаю яму сваю працу на гэтым канале». Цяпер канал Брэнта выдалены.
На старонцы Брэнта ў Facebook ёсць кранальныя фатаграфіі з Таццянай у год вяселля. Пара знята на фоне замка ў Нясвіжы. Яны стаяць, цесна прыціснуўшыся адзін да аднаго. Рука Таццяны на грудзях Брэнта. На безыменным пальцы дзяўчыны — заручальны пярсцёнак. У год нараджэння сына Брэнт пасціў фота смешнага чырванатварага немаўляці ў пялюшках. На застаўцы яго асабістай старонкі да гэтага часу гродзенскі краявід. Праўда, ён не абнаўляе старонку каля года. На пытанні журналіста Hrodna.life у мэсэнджэры ён не адказаў.
Чытайте яшчэ: «У нас очень раскаленная ситуация в обществе». Американец из Гродно рассказал про выборы в США
Аб тым, як Брэнт Грэгары паводзіць сябе ў гэтай сітуацыі, вядома толькі са слоў Таццяны. Яна кажа, што бацька «выкраў» дзіця без яе ведама і згоды, а на судзе ў ЗША спрабаваў давесці, што дзіця народжанае па-за шлюбам і што маці яго сына «знікла без вестак».
«На судзе мой былы муж хлусіў не чырванеючы, на чым свет стаіць паліваючы брудам як краіну, так і людзей, хлусіў, што яго затрымлівалі (такога і блізка не было, ён на мітынгі не хадзіў і казаў, што яго гэта не тычыцца заўсёды) і што ў судзе ў нас рашэнне купляецца за $ 100 і г. д. Я ў роспачы, суд відавочна перадузята да мяне ставіцца. Суд праходзіць у невялікім горадзе West Lafayette, дакладней у суседнім Lafayette, у West Lafayette нават суда свайго няма, тут усе адзін аднаго ведаюць, былы муж і яго бацькі мясцовыя, а я чужая і змагаюся адна супраць усіх», — напісала Таццяна ў Facebook.
У каментарах пад допісам Таццяны выказаліся беларускі і беларусы, якія даўно жывуць у ЗША і ведаюць судовую практыку краіны.
«У суд па такой справе трэба ісці з адвакатам, — піша Вераніка Старавойтава. — У вас interstate case… У Амерыцы звычайна прысуджаюць 50/50 custody [апеку — Hrodna.life]. Адабраць цалкам права ў аднаго з бацькоў і аддаць solo custody іншаму складана».
«Ніводны амерыканскі суд не прызнае рашэнне суда Беларусі, — лічыць Ларыса Каро, — Дзіця застанецца тут з бацькам».
«Трэба як мінімум іншы бок выслухаць», — адзначае Генадзь Хазін. Ён адзначае, што суд ЗША будзе разглядаць справу «без прыняцьця да ўвагі рашэньня т.зв. „беларускага суда“». «Ну і асабіста ад сябе — везці дзіця ў Беларусь у цяперашнім часе — злачынства супраць дзіцяці. Таму калі Вы маеце намер туды вярнуцца, то я за бацьку», — піша Генадзь.
«Калі дзіця — грамадзянін Амерыкі, то яго не аддадуць назаўжды ў іншую краіну, — мяркуе Аліна Баршчэўская. — Я разумею, вам вельмі цяжка, але я думаю, у Амерыцы дзіцяці не будзе дрэнна і магчыма ў бліжэйшы час вы таксама зможаце пераехаць да яго».
Генры Геогр Лега піша: «Я б на месцы бацькі таксама зрабіў бы ўсё, каб дзіця не жыло ў Беларусі. Як ужо сказалі вышэй, лепш знайсці спосаб застацца тут. Я больш за ўпэўнены, суд пакіне дзіця ў ЗША. Але ўсё роўна я вам шчыра спачуваю. Сітуацыя сапраўды не простая».
«На жаль, амерыканскі муж пакіне дзіця жыць у ЗША. Ну — так тут уладкована, — піша Наталля Латышава. — Вам трэба зараз шукаць добрага іміграцыйнага адваката і грошы, каб легалізавацца ў ЗША».
«Не зразумела, чаго вы жадаеце ў канцы, застацца жыць у ЗША і дапамагаць гадаваць грамадзяніна гэтай вялікай краіны… ці адсудзіць сына ў законнага бацькі і павезці на выхаванне ў мафіёзную краіну з калгасна-мафіёзнай групоўкай ва ўладзе і гадаваць сваё дзіця да тых часоў, пакуль ён не зможа самастойна пакінуць гэтае балота?- піша Ігар Янскі.- Дзе вы будзеце браць грошы на выхаванне і ўтрыманне сябе і сына? Як усе … на картцы? Гадую сваю дзяўчынку ў ЗША, адзін, жадаю вашаму мужу таго ж і вам усяго самага, чаго пажадаеце. А вашаму сыну жадаю патрапіць у добрую школу і вучыцца».
«Тут меркаванне і пачуцці сына ніхто не агучваў. Адны істэрыкі і эмоцыі „выкраў, падмануў“, як бы гэта хтосьці чужы, а не бацька. „Сыну патрэбная мама ў 6 гадоў“, а бацька не патрэбен, ага» — піша Андрэй Юрчанка.
«Правільна зрабіў, — падтрымлівае яго Зміцер Смалевіч. — Хоць адзін бацька будзе шчаслівы. Нарадзіў для сябе — так многія жанчыны робяць».
«А вы падумалі аб дзіцяці? Думаеце, яму добра будзе жыць у Беларусі? Яму гэта трэба? Упэўнены на 100% ён вам за гэта дзякуй не скажа! — піша Руслан Слабоднік.
Таццяне раяць таксама «не губляць веры ў справядлівасць», «хлусіць не саромеючыся, як хлусіць муж» і нават «пераехаць у ЗША, выйсці замуж і жыць побач з дзіцем» і нават прад’явіць суду «чорта з табакеркі» у выглядзе факта здрады ці хатняга гвалту.
Якім у выніку будзе рашэньне судзьдзі, стане вядома 5 ліпеня. Усе замерлі ў чаканні і трымаюць пальчыкі на крыж. Хто за тату, хто за маму. Але ўсе думаюць, што за дзіця.
Чытайце яшчэ: «Калі жаніліся, ніхто не думаў пра развод». Былому мужу Алены ўсё можна, а ёй пагражалі паставіць дзяцей на ўлік
«За год дзеці атрымалі ад таты 5 рублёў на траіх». Гісторыя Вікторыі, у якой яна засталася з дзецьмі і крэдытам і год змагалася за аліменты
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…