Люди и дела

Гродзенку будуць судзіць за БЧБ-штору. Міліцыя палічыла дэкор пікетаваннем

У снежні 2019 года на пераднавагоднім распродажы Вікторыя купіла светла-шэрыя шторы. Яна павесіла іх дома і на адну з іх змясціла чырвоную паласу. Пра гэта Вікторыя распавяла супрацоўнікам міліцыі, якія ў лютым 2021 года звярнулі ўвагу на яе акно і склалі пратакол за незаконнае пікетаванне. «Мне што, трэба было ісці ў гарвыканкам, каб я дазволіла сабе штору павесіць?» — здзіўляецца Вікторыя.

Вікторыі - 30 гадоў, паводле адукацыі яна — менеджар. Адна выхоўвае дваіх дзяцей, адзін з якіх — з інваліднасцю праз дзіцячы цэрэбральны параліч.

Штора на акне да пэўнага моманту нікому не замінала, распавяла Вікторыя Hrodna.life. Толькі аднойчы, калі паміж дамамі вывесілі бела-чырвона-белы сцяг, да яе прыходзілі супрацоўнікі МНС. Тады Вікторыя спала і не адкрыла дзверы.

Міліцыя прыйшла да яе ўпершыню 31 студзеня 2021 года. Двое невядомых у цывільным прадставіліся міліцыянтамі. «Збянтэжылася — нават пра дакументы не спытала», — распавяла дзяўчына Hrodna.life. Яны паведамілі, што суседзі паскардзіліся на шум. Вікторыя патлумачыла ім: калі яна займаецца практыкаваннямі з хворым сынам, яму бывае балюча і ён крычыць. «Госці» сыйшлі.

Хацелі забраць шторы і ліхтарыкі

На наступны дзень прыйшлі два ўчастковыя і сказалі, што міліцыя ўбачыла ў акне сцяг. Вікторыя запярэчыла, што гэта штора — для сцяга яна не адпавядае памерам і колерам. Яна спрабавала даказаць, што БЧБ — не забароненая сімволіка. Тым не менш, капітан міліцыі Валерый Куцэвіч склаў пратакол па ч. 1 арт. 23.34 КаАП (Парушэнне парадку правядзення ці арганізацыі масавых мерапрыемстваў).

У дакуменце сказана, што 1 лютага Вікторыя «ў загадзя вызначаным месцы ў кватэры <…> размясціла для ўсеагульнага разгляду і публічнай дэманстрацыі бел-чырвона-белы сцяг, тым самым правяла адзіночнае пікетаванне ў парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення масавых мерапрыемстваў <…>, публічна выказваючы свае грамадска-палітычныя погляды, накіраваныя на нязгоду з парадкам правядзення выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

Пры гэтым, у першым пратаколе напісана, што парушэнне зафіксавана 1 лютага, а датай складання пратаколу значыцца 17 студзеня. Вікторыя гэта заўважыла пазней.

Супрацоўнікі міліцыі ў той дзень спрабавалі забраць штору і бела-чырвоныя ліхтарыкі. Вікторыя настаяла, што шторы ёй патрэбныя, а ліхтарыкі выкарыстоўваюцца ў дзіцячым пакоі замест начніка. Тады ў яе забралі адзін з мабільных тэлефонаў. «Каб вы штраф потым аплацілі», — перадала Вікторыя Hrodna.life словы міліцыянта.

Міліцыянт абяцаў зрэзаць дзвярны замак

2 сакавіка супрацоўнікі міліцыі зноў прыйшлі - ужо з пратаколам паводле абноўленага КаАП. У ім запісана, што 1 лютага Вікторыя «ў загадзя вызначаным месцы <…> на рол-шторы размясціла пасярэдзіне чырвоную паласу, у выніку рол-штора стала падобнай з выгляду да бела-чырвона-белага сцяга. Гэта было зроблена для агульнага агляду і публічнай дэманстрацыі, тым самым правяла адзіночнае пікетаванне ў парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў <…>, публічна выказваючы свае грамадска-палітычныя погляды, накіраваныя на нязгоду з парадкам правядзенне выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь».

У супрацоўнікаў міліцыі была санкцыя на агляд кватэры Вікторыі. Дома былі былы муж з малодшым дзіцём, яны зачыніліся знутры. Вікторыя ў той момант праходзіла абследаванне ў паліклініцы, збіралася ў бальніцу. У гэты час супрацоўнік міліцыі казаў ёй па тэлефоне, што выкліча МНС зрэзаць замок на дзверы. У выніку па тэлефоне ён прапанаваў перанесці агляд на іншы дзень. Агляд правялі 15 сакавіка. «Запісалі, дзе што стаіць. Тэлефоны, ноўтбукі, планшэты павінны былі забраць, але ўсяго гэтага ў мяне няма», — распавяла Вікторыя Hrodna.life.

«Хоць адпачнеш на ІЧУ»

Вікторыя ўспрымае справа як запалохванне і псіхалагічны ціск. З прычыны стрэсу ў яе пагоршылася здароўе: стала часцей выяўляцца тахікардыя. У лістападзе яна лячыла ў стацыянары трывожны разлад, «стала лягчэй». А пасля першага візіту супрацоўнікаў міліцыі некаторы час Вікторыя выклікала хуткую дапамогу штодзень.

«Калі моцны стрэс, у мяне ўсё — сэрца калоціцца, мяне прыязджаюць калоць. Потым я ляжу на ложку і гуляю ў тэлефоне — для мяне няма нічога больш расслабляльнага, а ў мяне пульс 126 [удараў у хвіліну, норма для жанчын — 90. — Заўвага Hrodna.life]. І так па пару гадзін трымае», — распавяла дзяўчына Hrodna.life.

Больш за ўсё Вікторыя пераймаецца за дзяцей. Малодшаму ў траўні 2021 года споўніцца чатыры гады. Ён яшчэ не ходзіць, поўзае, выглядае на два гады праз ДЦП. Старэйшаму у траўні будзе дзевяць. Па словах Вікторыі, з-за гіперактыўнасці маму настойліва прасілі перавесці яго на хатняе навучанне. Вікторыя гэта таксама звязвае з пагаршэннем адносін з дырэктарам пасля выбараў, калі яна была незалежным назіральнікам.

— Сястра кажа: ды чаго ты турбуешся. Калі цябе пасадзяць, хоць адпачнеш на ІЧУ, — жартуе Вікторыя. — <…> А у мяне дзіця-інвалід маленькае. Перажываю, каб яны не давялі мяне да чагосьці страшнага. <…> Мае дзеці будуць нікому не патрэбныя.

«Штодзень узровень абсурду нарастаў»

Вікторыя сутыкнулася з дзеяннямі сілавікоў яшчэ да складаньня пратаколу. Дзяўчына кажа, што яны з сястрой проста хацелі прагаласаваць за рэальнага кандыдата. Але тых, да каго яны схіляліся, не зарэгістравалі ці пасадзілі.

Таму яна пайшла назіральнікам на адзін з трох участкаў для галасавання ў гімназіі № 4. Члены камісіі ўцякалі, калі ім задавалі пытанні, дзверы ўчастка для галасавання заляплялі, вокны завешвалі. «Кожны дзень узровень абсурду нарастаў», — кажа дзяўчына.

Седзячы на тэрыторыі школы, незалежныя назіральнікі зафіксавалі завышаную камісіяй яўку і тысячы людзей з белымі бранзалетамі - сімвал таго, што выбаршчыкі супраць дзейнай улады, распавяла Вікторыя Hrodna.life. Пасля завяршэння галасавання выбаршчыкі сабраліся каля школы і сталі чакаць вынікаў выбараў. Да школы пад’ехаў АМАП — прыйшлося ўцякаць або павольна сыходзіць. Тэрыторыю школы зачынілі. Пратаколы вывесілі 9 жніўня ў 23.00 — адзін з трох быў зусім не падпісаны, на другім не хапала аднаго подпіса. 11 жніўня пратаколы віселі на тэрыторыі школы з усімі подпісамі.

Вікторыя на мірнай акцыі. Фота: прадастаўлена гераіняй

Вікторыю не прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці, але яе сястру затрымлівалі за ўдзел у акцыі двойчы — у кастрычніку і ў снежні. Пасля некалькіх сутак у ІЧУ да суда яе адпускалі са штрафамі. Вікторыі даводзілася ездзіць па РАУС, шукаць сястру, рыхтаваць ёй перадачы. З АМАПам давялося сустрэцца ля дзіцячай бальніцы 6 верасня і ў дзень інаўгурацыі прэзідэнта 23 верасня.

На 22 сакавіка Вікторыю выклікалі ў суд Кастрычніцкага раёна Гродна. Паводле КаАП у новай рэдакцыі ёй пагражае штраф да ста базавых велічынь (2900 рублёў), грамадскія працы або адміністрацыйны арышт.

Атрымаць каментар у прэс-службе УУС Гродзенскага аблвыканкама Hrodna.life не ўдалося.

Гномік ў акне таксама можа расхваляваць міліцыю

Гродзенец Юрый Яраш у пачатку лютага атрымаў позву ў суд праз фігурку гнома на падваконні. Прыкладна ў той жа час, вынікаючы з логікі міліцыі і судоў, актывіст Яўген Дудкін спрабаваў удакладніць ва ўладаў, ці можна сушыць белыя і чырвоныя рэчы на балконе. Яму адказалі, што гарвыканкам не рэгламентуе пытанні вядзення хатняй гаспадаркі асобных грамадзян.

Абноўлена 22 сакавіка. У суд 22 сакавіка Вікторыю папрасілі прынесці тую самую штору. Дзяўчына паказала, што шторы выгарэла — яна не новая і не падобная на сцяг. У справе абвясцілі перапынак да 12.00 24 сакавіка для выкліку сведкі - міліцыянта, які складаў пратакол.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024