Навучэнцы Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта пачалі дапамагаць у паліклініках горада з 2 лютага праз вялікі наплыў хворых. Студэнты, якіх даслалі «ратаваць сусвет», расказалі Hrodna.life пра сваю працу, стаўленне пацыентаў, а таксама чаму яны не адпраўляюць на ПЛР-тэсты і не ставяць дыягназ COVID-19.
У розныя паліклінікі горада накіравалі розную колькасць памочнікаў, расказала Hrodna.life адна з такіх студэнтак. Дапамагаць лекарам выпраўлялі і бюджэтнікаў, і платнікаў. Студэнтаў-замежнікаў пакінулі вучыцца.
«Змена» для навучэнцаў пераважна залежыць ад таго, калі працуе лекар, за якім студэнты замацаваныя. Звычайна яны працуюць ў паліклініцы каля трох гадзін на прыёме, пасля ўжо самастойна ідуць на выклікі.
Таццяна (імя змененае па просьбе гераіні) вучыцца на шостым курсе медыцынскага ўніверсітэта. Яе накіравалі ў адну з дзіцячых паліклінік Гродна. На прыёме, калі наплыў людзей вялікі, ёй даюць правесці агляд хворага, абраць лекаванне для дзяцей ад 10 гадоў. Тады разам з лекарам атрымліваецца агледзець адначасова дваіх пацыентаў і паскорыць прыём. На візіты студэнтам зазвычай перадаюць дзетак, старэйшых за шэсць гадоў. Маладзейшых лекар абыходзіць сам.
Не ўсе бацькі ўспрымаюць студэнтаў добра, некаторыя кажуць: «Мне патрэбны доктар». Праўда, некаторыя, хто яшчэ не ведае сваіх участковых, думаюць, што гэта і ёсць іх малады доктар.
Ад прапановы, па словах Таццяны, ніхто не адмаўляўся. «Нехта спрабаваў прасіць дакументы, чаму мы наогул абавязаныя гэта рабіць. У гэтым семестры, напрыклад, былі прадметы па спецыяльнасці, мы хацелі павучыцца. Сказалі - прыходзьце, паглядзіце, але ўсё адно вас вучыць на парах ніхто не будзе, вам абавязкова трэба хадзіць [у паліклініку]».
Як доўга будзе патрэбна такая дапамога, Таццяна таксама не ведае, але казалі - мінімум месяц. Іншая студэнтка кажа, што папярэдне казалі пра два тыдні.
Таццяна адзначыла, што вялікага «завалу» ў іх у паліклініцы няма, і, на яе думку, маглі б абысціся без іх. Хоць прызнае, што ў дарослых паліклініках сітуацыя нашмат горшая, і там дапамога патрэбна больш. Сапраўды, іншы студэнт у рэпартажы «Гродна Плюс» кажа, што на дзень у яго бывае па 30 пацыентаў.
Паліна (імя змененае) таксама працуе з дзецьмі, але ў іншай паліклініцы. «Нам казалі, што раз лекары хварэюць, мы будзем паўнавартасна замяняць прыём у кабінеце ў якасці доктара: аглядаць, прызначаць лекаванне, выдаваць лісткі непрацаздольнасці, даведкі, хадзіць на выклікі». Але і ў яе выпадку, нягледзячы на бальнічныя калег, дактары спраўляюцца самі. Студэнты абыходзяць два-тры выклікі на дзень, дадаткова глядзяць дзяцей на прыёме, бальнічныя не запаўняюць.
Да новага года Паліна ўжо праходзіла практыку ў іншай паліклініцы, тады выклікаў і хворых было нашмат больш. Магчыма, зараз меншая зона абслугоўвання, магчыма, не ўсе звяртаюцца, бо ўсім ставяць вострую рэспіраторную вірусную інфекцыю (ВРВІ). «Соплі-горла ў большасці выпадкаў бацькі могуць самі палекаваць, або проста адпраўляюць дзіця ў школу, не звяртаюцца па дапамогу. Звяртаюцца, калі тэмпература падымаецца», — кажа дзяўчына.
Праз тыдзень працы Таццяна захварэла сама, але не пайшла на бальнічны. Думкі, што яна можа некага заразіць, ёсць, але яна проста «стараецца не падыходзіць» на выкліках.
«Рукі апрацоўваю. Дзіця паслухаю, горла пагляджу, і адыйду. Мне здаецца, яны мяне хутчэй чымсьці заразяць. Проста амікрон — як звычайнае ВРВІ, таму цяжка сказаць нешта без тэсту».
Сродкі абароны дзяўчаты купляюць самі. На візіты ходзяць у штодзённым адзенні. «Ва ўніверсітэце сказалі, што нам выдадуць усё, мы прыйшлі з гэтым у паліклініку — нам далі аднаразовы халат і маску, гэта было адзін раз», — расказала Паліна.
На ПЛР ні лекары, ні студэнты хворых не адпраўляюць, «іх» лекары пераважна таксама.
«Было, што я дакладна бачыла, што трэба здаваць тэст — захварэла ўся сям’я, падобныя сімптомы. Патэлефанавала лекарцы, яна кажа, ідзі, запоўні бланк, хай прыходзяць заўтра здаюць. То бок праблемы няма», — распавяла Таццяна. Але яна мяркуе, што калі зрабіць тэсты ўсім хворым, у многіх будзе станоўчы. «Проста гэтым ніхто не займаецца — лячэнне не змяняецца, і гэтым ніхто не хоча замарочвацца». У дзяцей кавід больш праяўляецца як кішачная інфекцыя, але пры амікроне ўсё ж часцей бывае кашаль і насмарк, падзялілася Таццяна.
Без тэсту, як дазволіла Мінздароўя, дыягназ «кавід» яны і «іх» лекары таксама не ставяць.
«Бачыш — соплі, тэмпература, і проста лекуеш тое, што ты бачыш, маці дыягназ абсалютна нецікавы. Калі якая спытае, можа, гэта кавід, я пытаю — вам важна гэта ведаць, хочаце тэст? І палова кажа — не. Калі лячэнне не змяняецца, навошта катаваць дзіця палкамі ў нос», — кажа Таццяна.
Паліна распавяла, што ў яе пацыентаў былі класічныя сімптомы рэсператорных захворванняў. «На маіх выкліках не было настолькі цяжкіх станаў, каб я падумала пра адпраўку пацыента на ПЛР», — распавяла Паліна. Часцей за ўсё яе пацыенты проста просяць адляжацца пару дзён дома. «З аднакратным павышэннем тэмпературы, якое адразу збіваецца — хіба няма сэнсу адпраўляць на ПЛР, нагружаць лабараторыю».
Давучвацца студэнтам варта самастойна ў вольны ад працы час, расказалі ва ўніверсітэце Sputnik.by. Узровень ведаў яны пазней пацвердзяць праз тэставанне.
Па словах Таццяны, усё вырашалася сумбурна. «Нас забралі проста з пары». Некаторыя выкладчыкі сказалі падыходзіць — індывідуальна ці групамі, калі будуць пытанні па прапушчаных тэмах.
«Агулам крыўдна: два гады мы былі на дыстанцыйным навучанні - у прынцыпе ўзровень атрымання ведаў крыху ніжэйшы. Спадзяваліся, што шосты курс правядзем поўнавартасна, займаючыся на кафедрах з выкладчыкамі. Гэты працэс пачаўся, але нас зноў здымаюць — ратаваць свет, хоць па факце, мы там не вельмі і патрэбныя», — падзялілася Паліна.
Яна адзначыла, што як практыка такая праца добрая, але хацелася б больш паглыбіцца ў вучобу і не разглядаць столькі выпадкаў рэсператорна-вірусных інфекцый, а вывучаць і іншыя захворванні, у тым ліку ў стацыянары.
У Гродне ў дзіцячых паліклініках працуе каля 30 студэнтаў, расказаў «Гродна Плюс» дэкан педыятрычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Андрэй Гурын. Сярод іншых — каля 150−200 чалавек з лячэбнага факультэта дапамагаюць у дарослых паліклініках. Студэнты медыка-псіхафізічнага і медыка-дыягнастычнага факультэтаў аказваюць дапамогу больш у кол-цэнтрах і з дастаўкай рэцэптаў. На дапамогу ў паліклінікі накіравалі студэнтаў 6 і нават 5 курсаў.
Студэнтаў гродзенскага медуніверсітэта родам з Брэстскай вобласці накіравалі на дапамогу туды. З 7 лютага да дапамогі лекарам паключылі і студэнтаў Гродзенскага медыцынскага каледжа. Паводле загаду Міністра аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, з 1 лютага ў паліклініках Беларусі студэнты маюць права выпісваць рэцэпты, а таксама афармляць бальнічныя лісткі.
Студэнтаў збіраюцца за такую працу «заахвоціць», удакладнілі ў рэпартажы «Гродна Плюс». Акрамя таго, паліклінічную і педыятрычную практыку ў лячэбнага факультэта плануюць скараціць ці мінімізаваць, каб летам студэнты змаглі больш адпачыць.
Пра грашовае заахвочванне за працу ў Гродне абедзьве суразмоўніцы Hrodna.life не чулі. Таццяна кажа, што прынцыпова дапамагаць і так ніхто не супраць, але крыўдна, што іх даслалі «не спытаўшы, не аплаціўшы, проста як бясплатную працоўную сілу». «Хоць бы 100 рублёў якіх. Ты жа ў прынцыпе ходзіш, як на працу, цэлы працоўны дзень».
«Нам сказалі - магчыма, мы вельмі пастараемся замолвіць славечка, каб гэтую працу залічылі ў практычныя навыкі на дзяржіспытах», — дадала Паліна.
У пятую, «амікронную» хвалю афіцыйная статыстыка ад Мінздароўя пераваліла за дзве тысячы хворых за суткі 28 студзеня — 2221 новых выпадкаў, 17 памерлых з пацверджаным дыягназам. Пасля быў трохдзённы рост, памяншэнне і зноў рост. 10 лютага ў Беларусі паведамілі чарговы антырэкорд за час пандэміі - 8463 новых выпадкаў за суткі, памерла 14 пацыентаў з каранавірусам. Міністэрства аховы здароўя не ўдакладняе, ці ўключаюць у гэтую статыстыку дыягназы, пастаўленыя без ПЛР.
Читайте также: Поликлиники Гродно впервые работали в выходные. Что там происходило, и какая ситуация сейчас
Гродзенка Ганна Таркоўская амаль круглы год збірае травы, а пасля пляце з іх вянкі. За…
Гродзенскі форум існуе больш за 20 гадоў і абнаўляецца дагэтуль. Людзі ўсё яшчэ шукаюць там…
У Гродне працуе рэстаран «Беласток», а ў польскім Беластоку – бар Grodno. У 1974 годзе…
Гродзенскія кантралёры - самыя суровыя, а пасажыры - самыя дружныя. Квіток можна на выхадзе з…
Раніцай гродзенка Людміла Юрахно як звычайна пайшла на працу, але дадому вярнулася толькі праз паўгода.…
Гродзенцы скардзяцца, што шмат якія ўстановы ў горадзе выглядаюць аднолькава. Напрыклад, некаторых расчаравалі рэндары інтэр'ераў…