У сям'і Наташы і Максіма Кабзанавых сёлета будуць вялікія перамены. Яны чакаюць нараджэння другога дзіцяці і распачынаюць уласны бізнес — таксама звязаны з дзецьмі. Яны лічаць, што гораду неабходна адмысловая дзіцячая цырульня, а можа нават і дзіцячы цэнтр прыгажосці.
«У Гродне шмат цырульняў. Не толькі для мужчын ці жанчын, але нават для котак ці сабак, — разважае Наташа, — а вось спецыяльных салонаў для дзяцей пакуль няма». Гэта і натхніла сям’ю на рэалізацыю ідэі.
Пра ўласную справу Кабзанавы падумвалі ўжо даўно, але не маглі вызначыцца з полем дзейнасці. Пакуль не падрасла ўласная дачка і яе сябры — дзеці знаёмых. З размоваў бацькоў пра надзённыя праблемы ўсплыла тэма складанасці з падстрыганнем дзецяй.
«Можа стацца, што майстар бярэ малога кліента, але не гарантуе, што падстрыжэ яго да канца. Калі малое пачне капрызіць ці плакаць, прыходзіцца сыходзіць недастрыжанымі. Майстра чакаюць іншыя кліенты, супакойваць ці бавіць малога не кожны захоча», — расказвае Наташа. З пункту гледжання маладых бацькоў, неабходнасць дзіцячай цырульні была відавочнай.
І гэта — першая гісторыя.
Другую, значна больш кароткую, распавёў Максім: «Аднойчы мы ўбачылі ў інтэрнэце артыкул пра падобны замежны праект. І неяк адразу стала ясна, што нам гэта таксама цікава».
«Зробім?» — звярнуўся да Наташы. — «Зробім!» — падтрымала яна. На наступны дзень ужо выбіралі памяшканне пад цырульню.
«А ўсё тое, што Наташа расказвала, гэта таксама праўда. Але дадумвалася і аналізавалася яно пазней. Рашэнне было спантанным, і мой уласны досвед паказвае, што так прымаюцца найлепшыя рашэнні», — кажа Максім.
Памяшканне вырашылі аформіць так, каб дзіця трапляла ў знаёмую абстаноўку. Нават крэслы для малых кліентаў падабралі адмысловыя. Адно — у выглядзе матацыкла, што гудзе амаль як сапраўдны і маргае фарамі, другое — у форме коціка. Перад вачыма малых усталявалі экраны, дзе будуць ісці мульцікі. «Пастараемся сабраць калекцыю самых папулярных мультфільмаў і ўключаць той, які падабаецца дзіцяці»
Паводле Наташы, у такіх абставінах візіт да цырульніка не будзе ўспрымацца як стрэс. Акрамя стрыжкі ў дзіцячай цырульні плануюць рабіць пляценне касічак і святочныя дзявочыя прычоскі, а таксама дзіцячы манікюр і аквагрым.
У планах Кабзанавы маюць і далейшае развіццё бізнесу. «Калі паслугі будуць запатрабаванымі, то будзем развіваць праект. Хацелася б стварыць нават дзіцячы цэнтр прыгажосці. Каб цырульнікі і стылісты вучылі малых быць прыгожымі, былі б заняткі па этыкеце і многа што яшчэ», — расказвае пра мары Наташа.
Калі ж глядзець у больш блізкую перспектыву, то найперш трэба вырашыць іншую задачу. «Існуе стэрэатып, што для цырульніка стрыгчы дзяцей — апошняя справа. Маўляў, тут няма магчымасці для прафесійнага росту і ўдасканальвання», — расказвае Максім. Аднак ён лічыць, што насамрэч гэта не так: «Ёсць мода і на дзіцячыя стрыжі. У маім дзяцінстве стрыглі на затылку вострым мысікам і насілі доўгія грыўкі, зараз запатрабавана фігурнае выстрыганне ці іракезы. І дзеці, і бацькі хочуць падкрэсліць індывідуальнасць, хочуць, каб майстар падыйшоў да малога кліента персанальга, а не стрыг «пад адзін грэбень».
Што да цэнаў, то яны будуць прыкладна такімі ж, як для дарослых — у сярэднім дыяпазоне. «Звычайна бацькі гатовы заплаціць за прыгожыя рэчы ці цацкі для дзяцей. А калі ў новай цырульні малым спадабаецца, то гэта будзе варта аплаты», — мяркуе Наташа.
«Складана для таго, хто баіцца і нічога не робіць. А хто не баіцца і працуе — таму не складана», — кажа Максім. Спачатку ён распытаў знаёмых бізнесменаў, пачытаў дакументы, каб вызначыцца са спецыфікай арганізацыі справы. Далей трэба было прайсці фармальныя працэдуры — рэгістрацыю ў аблвыканкаме, падатковай інспекцыі, фондзе сацабароны. Для цырульні яшчэ і ўзгадніць патрабаванні з санстанцыяй.
Пасля папяровых пытанняў прышоў час прыкласці да справы рукі. Большую частку працы ў памяшканні вырашылі рабіць самастойна. Максім узгадаў колішні досвед працы на будоўлі і заняўся рамонтам: «Працуецца тут з задавальненнем, бо раблю тое, што сам выбраў. Прыемна, калі можаш сваімі рукамі рэалізоўваць задуманае. Як па мне, такое баўленне часу не менш прыемнае за рыбалку», — жартуе ён.
Адкрыць цырульню яны з Наташай плануюць у канцы кастрычніка. Пакуль у якасці тэст-кліента новую прастору апрабоўвае сын сяброў.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…