У Гродне 14 верасня паказваюць прэм’еру фільма «На другом берегу». Ён распавядае пра цяжкае жыццё беларусаў у 1925 годзе пад Польшчай. Чыноўнікі кажуць пра вялікую цікавасць да фільма. З квіткамі ж адбываюцца дзівацтвы: на прэм’еру раскуплена ўсё, а ўжо на наступны дзень — вольныя ўсе месцы. Такое адбываецца па ўсёй Беларусі. Ці можа цікавасць гледачоў размяркоўвацца так нераўнамерна? Спыталі кінакрытыка Тараса Тарналіцкага.
На прэм’еру фільма 14 верасня ў 17.00 у вялікай зале «Космасу» выкупленыя першыя тры шэрагі (кожны — па 25 месцаў) і яшчэ тры месцы ў чацвёртым шэрагу. Гэта выглядае дзіўна: кампаніі сяброў звычайна выбіраюць месцы не так. На 19.00 у той жа дзень выкупленыя шэсць месцаў. На дзевяць іншых сеансаў з 15 па 20 верасня набыта ўсяго два месцы.
У VIP-зале «Чырвонай зоркі» на 14, 15, 16 і 17 верасня прададзеныя практычна ўсе квіткі — нават на сеанс у 10.00. Але на 14.20 нядзелі і 11.00 аўторка не прададзена ні білета. А вось на 11.20 і 13.30 серады 20 верасня зноў няма ніводнага вольнага месца.
На пяць сеансаў з 14 па 17 верасня на дзённыя сеансы ў кінатэатры «Усход» не прададзена ніводнага білета.
У малую залу «Кастрычніка» на 14 верасня прадалі большую частку месцаў — 94. На наступныя шэсць сеансаў - ніводнага. На шэсць сеансаў у вялікай зале і зусім не прадалі ні білета. У moon таксама вольныя ўсе месцы.
У кіназале «Моладзевага цэнтра Гродна» з 15 па 23 верасня выкупленыя то ўсе квіткі, то палова.
Кінакрытык Тарас Тарналіцкі з папярэдняга вопыту наведвання падобных прэм’ер лічыць, што тое, што адбываецца — агульная практыка для дзяржструктур і прыклад выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу. Квіткі не купляюцца, а раздаюцца праз выканкамы, Мінкульт, кінапракаты, арганізацыі накшталт «Белай Русі». На прагляд накіроўваюць чыноўнікаў, курсантаў, бюджэтнікаў, школьнікаў, вайскоўцаў — усіх залежных ад дзяржавы людзей.
«Гэта не пра сапраўдную цікаўнасць стужкай, гэта пра разнарадку. Савецкая практыка, што трэба сабраць людзей, каб прадэманстраваць нейкі попыт. У мяне адчуванне, што гэтага попыта няма. У мяне адчуванне, што пра яго [фільм] пісалі толькі ў дзяржпрэсе. Ніхто яго не рэкламаваў. Калі ты не рэкламуеш праект, хто на яго пойдзе? Усе пойдуць на які-небудзь блокбастар», — раcказаў Тарас Hrodna.life.
Фільм трэба ўмець прадаць: знайсці яго аўдыторыю, ўкласціся ў рэкламу — у інтэрнэце і знешнюю, укладваць у гэта грошы.
«Калі табе рэкамендуюць схадзіць на кіно, дзе беларусы змагаліся з дрэннымі палякамі ў Заходняй Беларусі - ну, такое сабе. Ідэалагічнае кіно — прадукт, які трэба добра прасоўваць. У Расіі гэта яшчэ могуць рабіць і там ёсць прыклады добра зробленых ідэалагічных прац. У Беларусі з прасоўваннем усё вельмі дрэнна, толькі адміністратыўным чынам — гэта непрацоўны варыянт».
Калі б гэта была прэм’ера ўмоўнага «Чалавека-павука», не было б такой розніцы: ад поўнай да пустой залы. Калі выкупаецца цэлы шэраг, гэта значыць, што за нейкім прадпрыемствам або структурай замацоўваецца нейкая колькасць месца — і столькі яны павінны прывесці людзей, тлумачыць Тарналіцкі. Акрамя гэтага, ідэолаг кантралюе, прыйшлі людзі ці не.
Частка квіткоў на прэм’еру выдаецца бясплатна, частку — закупляюць прафсаюзы. Вядома, што студэнтаў у Мінску прымусілі купіць білет за 6 рублёў. Але запоўненасць залаў у гэтым выпадку — пытанне не грошай, а выканання ідэалагічнай місіі.
«Міністэрства культуры любіць справаздачыцца пра колькасць рэалізаваных квіткоў ці колькасць наведвальнікаў. Але ніхто ніколі не кажа, колькі зарабіла прадпрыемства на гэтым», — адзначае Тарас.
У Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце прэм’еру фільма ўнеслі ў праграму святкавання Дня народнага адзінства. На фільм запрашалі супрацоўнікаў «Гродна Азот».
«Аднымі з першых фільм паглядзяць навучэнцы школ і гімназій Гродна», — напісала «Гродзенская праўда» пра прэм’еру. Невядома, ці добраахвотна пайшлі дзеці на фільм. На фота дзяржгазеты бачныя вольныя месцы, хоць яны ўсе выкупленыя.
Таксама пра «загон» школьнікаў на фільм паведамлялі ў Магілёве, а студэнтаў — у Мінску.
«Інфармацыю пра фільм і магчымасці яго паглядзець мы накіравалі ва ўсе арганізацыі рэгіёну: у навучальныя ўстановы, установы аховы здароўя, культуры, сацыяльнай абароны, на прадпрыемствы», — паведаміў Леанід Гошка, кіраўнік «Гроднааблкінавідэапракату».
Ён сказаў, што цікавасць да «гістарычнай драмы» вялізная. Маўляў, раскупленыя квіткі не толькі на ўсе прэм’ерныя сеансы 14 верасня, але і на наступныя дні. Вялікую зацікаўленасць праяўляюць калектывы школ, каледжаў, ВНУ, піша БЕЛТА.
UPD 15 верасня. У Іўі прэм’еру наведалі ганаровы жыхар горада, ідэолаг прадпрыемства і сакратар БРСМ.
Кінапаказ наведалі гродзенскія медыкі: работнікі Гродзенскай універсітэцкай клінікі, абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, дзіцячай цэнтральнай гарадской клінічнай паліклінікі горада Гродна, гарадской паліклінікі № 5 горада Гродна, Іўеўскай ЦРБ і іншых арганізацый аховы здароўя вобласці.
Таксама на прэм’еру адправілі сілавікоў, чыноўнікаў і супрацоўнікаў «Гродна Азот» — апошнім дапамог прафсаюз.
«На другом берегу» пакажа і прыватны кінатэатр mooon ў ТРК Triniti.
Раней прыватныя кінатэатры не бралі такія ідэалагічныя фільмы ў пракат — у іх была распрацавана свая сетка паказаў. Пасля 2020 года яна знікла: з’явіліся праблемы з пракатам, кантэнтам — ён амаль увесь пірацкі. «Каб паказаць пэўную лаяльнасць, каб да цябе не было пытанняў, гэтыя кінатэатры і бяруць фільмы ў пракатную сетку», — тлумачыць Тарас.
Такая ўвага да прэм’еры «На другом берегу» не звязаная з абурэннем Вольгі Бондаравай правалам расійскага прапагандысцкага фільма «Свидетель». «Калі б гэта прыйшло зверху — маўляў, трэба падтрымаць расійскі мілітыразм — безумоўна, прыйшлі б. <…> Гэта значыць, што ўсім пляваць на гэты фільм — у тым ліку, уладам».
Чытайце таксама:
«На другом берегу» расказвае пра Беларусь у 1925 годзе пасля Рыжскай дамовы, калі заходняя частка Беларусі адышла Польшчы. «У Заходняй Беларусі ўжо чатыры гады адбываюцца хваляванні, ідзе партызанская вайна, працуюць агенты савецкай разведкі. А спробы мясцовых жыхароў адстаяць хоць бы ўласную веру і царкву сканчаюцца жорсткім прыгнётам», — пішуць пра фільм.
Галоўны герой — беларус Павел Смоліч, які жыве недалёка ад мяжы з БССР. Ён перажывае смерць блізкага і сустрэчу з савецкай разведчыцай Лесяй Рубцовай, якая «карэнным чынам пераварочвае ўсё яго жыццё».
Рэйтынг фільма на «Кинопоиске» пакуль фармуецца. Рэжысёр фільма — Андрэй Хрулёў. Ацэнка яго фільмаў і серыялаў на «Кинопоиске» — ад 4,3 да 6,7.
Тарас лічыць, што «На другом берегу» — фільм невысокіх мастацкіх якасцяў і называе яго «мёртванароджаным кіно». «Ведаючы, як працуе „Беларусфільм“ і Міністэрства культуры, я нічога добрага не чакаю. Гэта пройдзе на нейкім афіцыёзе: збяруць чынавенства, палітычных актывістаў, прапагандыстаў. <…> Калі квіткі [на наступны дзень] не выкупленыя — гэта сведчыць пра тое, што, як заўжды, у „Беларусьфільма“ і Міністэрства культуры нічога не атрымалася з іх жаданнем ідэалагізаваць насельніцтва, бо насельніцтва — не дурное».
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…