Карыснае

Смачна, танна і атмасферна: сабралі 11 сталовых Гродна, куды дакладна варта зайсці

Лета скончылася, адпачынкі - таксама. Прыйшоў час задумацца, дзе паесці падчас перапынку на працы. Hrodna.life узгадаў, якія сталовыя працуюць у Гродне, сабраў свежыя водгукі наведвальнікаў і даведаўся, якія каронныя стравы там падаюць.

Сталовыя горада з найлепшым рэйтынгам

Адзін з лідараў паводле адзнак у Яндэкс.Картах — сталовая «Хімвалакно» на Славінскага, 4. Яна атрымала 5 зорачак па выніках 329 адзнак.

Іван лічыць, што гэта «не сталовая, а скарб» — мужчына гатовы прыязджаць у Гродна толькі дзеля яе. Міхаіл адзначае смачную выпечку быццам у бабулінай вёсцы, а «сочнікі як жаўтком памазаныя». А вось Таццяну расчаравалі прыгаркі ў гарохавым супе.

Сярэдні чэк за комплексны абед у сталовай — 7 руб.

У сталовай «Ваенсэрвісу» на Карбышава, 25 на Яндэкс.Картах ганаровы рэйтынг у 4,9 зорачкі. Установа прымае наведвальнікаў да 15:00, а пры замове ежу падаюць да століка — як у сапраўдных кафэ. Стравы можна ўзяць на вынас. Яшчэ адзін плюс сталовай — побач ёсць вялікая стаянка, дзе можна прыпаркаваць аўто.

Кірылу спадабалася ўсё, акрамя супу. «Прыдзірлівае дзіця ўсё з’ела», — дадаў Ігар.

Стравы ў сталовай «Хімвалакно». Фота: yandex.ru/maps
Сталовая «Ваенсэрвіса» на Карбышава ў Гродне. Фота: yandex.ru/maps

Сталовыя, у якіх можна паабедаць з шыкам

У сталовую прадпрыемства «Гранітэкс» на вуліцы Горкага, 91 варта зайсці хаця бы дзеля добрай мэблі - там стаяць шырокія сталы і драўляныя крэслы, а на сцяне вісіць тэлевізар.

Рэйтынг у Google Maps у сталовай — 4,3 зорачкі. Сярэдні чэк за абед — 6−8 руб. Напрыклад, Аляксандр набыў сябе боршч, тушаную капусту з катлетай, салат і кампот — за ўсё гэта ён аддаў 8 рублёў. Ганна за «добры, смачны кавалак свініны» заплаціла 3,5 руб. Іншыя наведвальнікі адзначылі шырокі выбар салатаў, смачныя другія стравы і ветлівы персанал.

Сталовая «Гродна Азот» на праспекце Касманаўтаў, 100 атрымала 4,6 зорачкі і ў Яндэкс.Картах, і ў Google Maps.

Ва ўстанове цікавы інтэр'ер: высокія белыя столі з люстрамі, стылізаванымі пад крышталь, а перагародкі на сценах упрыгожаны народным арнаментам. Дзякуючы яскраваму інтэр'еру ў сталовай нават праводзяць юбілеі і карпаратывы.

У Ганны абед на чацвярых чалавек абышоўся ў 27 руб. Сям’я замовіла пюрэ, катлеты, салаты, сокі і сасіскі ў цесце. «Вельмі смачны хлеб!» — дадала госця. Наведвальнікі таксама раяць пакаштаваць выпечку, а ў прыватнасці медавік.

Стравы ў сталовай «Гранітэкс». Фота: yandex.ru/maps
Сталовая «Гродна Азот». Фота: yandex.ru/maps

Сталовыя, куды трапіць не так проста (але ёсць лайфхакі)

Плануючы зайсці ў «Сталоўку» на Урублеўскага, 5А, трэба быць уважлівым: установа працуе толькі ў абедзенны час з 12:00 да 15:30. А ў выходныя дні зачынена. Рэйтынг установы ў Яндэкс.Картах — 4,5 зорачкі.

Сярэдні чэк у «Сталоўцы» каля 10 руб. Меню кожны дзень новае. Міхаілу «асабліва спадабаліся лянівыя галубцы і салаты», а вось грэчка крыху расчаравала — была сухаватай. Аляксандра абурыла, што біфштэкс з яйкам каштаваў больш за 5 руб. Мужчына таксама заўважыў, што другія стравы ў сталовай бываюць сухімі.

З абедам у сталовай ГрДУ на Ажэшкі, 22 таксама ёсць нюанс: трапіць сюды не студэнтам — складана. Але вопытныя людзі раяць лайфхак — трэба запісацца ў вахцёра ў спецыяльным часопісе. Праўда, для гэтага спатрэбіцца пашпарт.

У Google Maps сталовая ГрДУ адзначана як «супны рэстаран» і мае 4,4 зорачкі.

Аляксандру «паўнавартасны абед на дваіх» абышоўся ў 11 руб. Павел адзначыў, што месца добрае: «асабліва мяса з сырнай галоўкай, там на галоўцы памідор і салёны агурок, вельмі смачна», напісаў малады чалавек.

Сталовую на Новакастрычніцкай, 14 наведвальнікі ацанілі ў 4,4 зорачкі на Яндэкс.Картах. Ва ўстановы няма вывескі, але Наталля адзначае, што «вахцёр ветліва пакажа, дзе знаходзіцца сталовая».

Гасцям падабаецца вялікі выбар мясных і рыбных страваў. Смак — «як у дзяцінстве», дадае Аляксей. Абед у сталовай абыдзецца прыкладна ў 7 руб.

Будынак «Сталоўкі». Фота: yandex.ru/maps
Стравы ў сталовай на Новакастрычніцкай. Фота: yandex.ru/maps

Сталовыя, дзе можна паабедаць максімальна бюджэтна

Сталовая аўтобуснага парку на вуліцы Перамогі, 16 атрымала 4,7 зорачкі ў Яндэкс.Картах. Сяргей раіць свой стандартны набор: «пюрэ з соўсам і катлета „Асаблівая“ — смак не змяняецца, а гэта прыклад добрага повара». Дзяніс таксама адзначыў асаблівы смак соуса — у дадатку да макаронаў з каўбаскамі «гэта быў улёт». У сярэднім абед у сталовай абыдзецца ў 7 руб.

Сталовай медуніверсітэта на вуліцы Горкага, 80 паставілі 4,6 зорачкі ў Google Maps. Наведвальнікі адзначаюць смачныя супы і смажанкі. Агаце не спадабалася, што пры падачы запяканкі дэсерт прытрымлівалі голымі пальцамі - дзяўчына гадзіцца. Сярэдні чэк у сталовай — 5 руб.

Кафэ-сталовую корпуса ГрДУ на Захарава, 32 наведвальнікі ў Google Maps ацанілі на 4,3 зорачкі. Госці адзначаюць, што асартымент установы радуе не заўсёды: маленькі выбар супоў і ўсяго дзве кашы.

Затое сярэдні чэк — усяго 5 руб. Вользе спадабаліся пячоначныя аладкі. Андрэй ходзіць абедаць у сталовую кожны дзень і вельмі задаволены працай персаналу.

Яшчэ адна сталовая з сярэднім чэкам у 5 руб. знаходзіцца на вуліцы Касманаўтаў, 66 у будынку тралейбуснага ўпраўлення. Установа атрымала 4,4 зорачкі ў Яндэкс.Картах. Наведвальнікі кажуць, што ежа смачная, а выбар пазіцый вялікі. Кірыла расчаравала зветранае філе, аб якое ён ледзь не зламаў зуб. «Ганьба», — напісаў мужчына.

Сяргею спадабалася, што ўлетку ў сталовай уключаюць кандыцыянер.

Стравы ў сталовай Гродзенскага аўтобуснага парку. Фота: yandex.ru/maps
Стравы ў сталовай на Касманаўтаў, 66. Фота: yandex.ru/maps
Падзяліцца
Меткі: ежамесцы

Апошнія запісы

«Пабачыць Гродна — і памерці». Як наш горад стаў міжваеннай «сталіцай самагубцаў»

У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…

21 лістапада 2024

«Нармальны быў гастраном — цяпер там прадаюць шпалеры». Ці хапае крамаў у цэнтры Гродна?

Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…

21 лістапада 2024

Дзе арганізаваць святочную фотасесію? Гродзенскія студыі ўжо падрыхтавалі навагоднія лакацыі

Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…

19 лістапада 2024

«Перад выбарамі - спрыяльны час для петыцый». Як прымусіць чыноўнікаў вырашаць праблемы і чаму новая пляцоўка «меркаванне.бел» для гэтага не пасуе

Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…

15 лістапада 2024

«У Гродне жывуць тыя яшчэ „шалёныя імператрыцы“». Стваральніца брэнда Krikate расказала, як дабралася да парыжскага тыдня моды

Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…

14 лістапада 2024

«Першы прыбытак патраціў на станок». Гродзенец у школе выточваў біты, а ў 27 гадоў адкрыў сваю вытворчасць мэблі

Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…

13 лістапада 2024