Рэстаўрацыя Старога замку ў Гродне ўжо шмат год выклікае спрэчкі. Многія лічаць праект архітэктара Бачкова шкодным. Гісторык і блогер Мечыслаў Супрон піша, чаму рэстаўрацыя замка можа стаць сапраўдным злачынствам супраць спадчыны.
Навіна № 1 гэтага тыдня, месяца і нават года ў горадзе над Нёманам — на «аднаўленне» Старога Замка павінны выдзеліць грошы. Чарговы, так бы сказаць, «транш»: сума, эквівалентная 2916-кратнаму падатку за «тунеядство». Усё, здавалася б, цудоўна і трэба радавацца, што ўлады нарэшце пачалі клапаціцца пра гісторыка-архітэктурную каштоўнасць. Аднак мы вымушаны вельмі скептычна адносіцца да падобнага роду інфармацыі, і вось чаму.
1. За перыяд 2012−2016 гг. па праграме «Замкі Беларусі» на Стары замак было выдзелена 350 тыс.долараў. Сума вельмі сціплая для такога роду аб’екта. Тым не менш, гэтыя грошы, замест таго, каб пайсці ў «ход», аселі ў «ГроднаГрамадзянПраекце». Яны былі зрасходаваны на частковае стварэнне дакументацыі па рэканструкцыі замка.
На сам замак была патрачана вельмі маленькая частка — толькі на тое, каб збіць з вежы-брамы тынкоўку і прыбраць будаўнічае смецце. Іншымі словамі, грошы з праграмы міністэрства культуры пайшлі ў карман мясцовых чыноўнікаў.
2. За два гады, пакуль вежа стаіць «голая», атмасферныя ўздзеянні моцна паўплывалі на стан захаванасці яе сцен: уздоўж перыметру канструкцыі вежы пайшлі расколіны, цэгла ў многіх месцах пачала проста абсыпацца. Замест таго, каб ратаваць вежу, чыноўнікі толькі разводзяць рукамі.
3. Праект Уладзіміра Бачковы, узяты за аснову «аднаўлення» Старога Замка, састаўлены больш чым 30 год назад, падвяргаецца сур’ёзнай крытыцы гісторыкаў і архітэктараў.
Па-першае, Бачкоў настойвае на тым, што першапачаткова палац XVI ст. у замку меў тры паверхі, нягледзячы на тое, што менскі гісторык Мікола Волкаў, абапіраючыся на інвентары замка, даказаў, што ў сапраўднасці палац меў іх толькі два.
Па-другое, узвядзенне новых канструкцый на тэрыторыі замкавай гары, у прыватнасці вежы над Нёманам, можа прывесці да непрадказальных наступстваў: працы па геалагічным аналізе пагорка дагэтуль ніхто не праводзіў, і пры павелічэнні на яго нагрузкі можа здарыцца абвал.
Па-трэцяе, праект перабудовы замка прадугледжвае знішчэнне пазнейшых за XVI ст. напластаванняў. Сярод іх — паўночная прыбудова да вежы-брамы, дзе ў XVIІ ст. размяшчаўся механізм для пад’ёму герсы.
Па-чацвёртае, праект Бачкова прадугледжвае радыкальную змену канцэпцыі Старога замку. Мадэлюючы, або «воссоздавая», вобраз замка аўтарства вядомага архітэктара эпохі рэнесанса — Санці Гучы — архітэктар Бачкоў, як і іншыя «спецыялісты», не усведамляюць, што Стары замак мы ні ў якім разе не будзем мець права ўспрымаць як плод генія Санці Гучы, а толькі як плод «генія» Бачкова.
Архітэктурная фантазія на тэму «аля-замак Баторыя» у любым выпадку будзе ні што іншае як танны навабуд. Ды і варта сказаць, што падчас падобных прац заўсёды найбольш пакутуюць аўтэнтычныя канструкцыі пабудовы.
Па-першае, варта ўзгадаць, што для стварэнне праекта і дакументацыі ў інстытуце «ГроднаГрамадзянПраект» на аб’екты першай чаргі, нягледзечы на патрачаныя 350 тыс. долараў, дагэтуль выканана толькі напалову. Гэта значыць, што ад сумы 550 тысяч трэба адняць мінімум 350 тысяч. Усяго, такім чынам, на састаўленне дакументацыі для адбудовы дзвюх вежаў і часткі сцяны будзе зрасходавана каля 700 тысяч долараў (0,7 мільёна $). Вы ўяўляеце сабе?! Гэта значыць, што уся гэтая сума «асядзе» ў згаданым інстытуце.
Па-другое, рэшту сумы, а гэта 200 тыс. долараў, плануецца патраціць на непасрэдныя работы: умацаванне пагорка, узвядзенне новай вежы, перабудовы брамы і будаўніцтва сценкі з назіральнай пляцоўкай. Гэта не жарт! Уяўляеце, якой можа быць якасць «аднаўленчых» прац? Хутчэй за ўсё згаданая сума пайдзе толькі на умацаванне замкавай гары.
5. Калі гаворка ідзе аб рэстаўрацыі або адбудове ў нашай краіне, слова «спецыялісты-рэстаўратары» у адрас мясцовых будаўнічых трэстаў гучыць як недарэчнасць. Усе мы ведаем якія «спецыялісты» там працуюць і якая ў іх якасць работы.
Такім чынам, сітуацыя з Старым замкам з’яўляецца вельмі паказальнай і характарызуе стан усёй сістэмы па захаванню нашай спадчыны. А сістэма гэтая прагніла наскрозь: карупцыя, «распіл» дзяржаўных сродкаў, некампетэнтнасць чыноўнікаў, абыякавасць да спадчыны.
Што насамрэч варта зрабіць за грошы, якія плануе выдзеліць дзяржава на Стары Замак?
Па-першае, умацаваць пагорак ад асядання. Пасля выпілоўкі дрэў на склонах Старога і Новага замкаў пачалі фарміравацца апоўзні, прычым ля апошняга яны заўважныя нашмат больш. Таму варта ў першую чаргу звярнуць ўвагу на гэтую праблему.
Па-другое, закансерваваць раскрытыя часткі «казематаў Баторыя». За апошнія гады з трох аркадаў, якія выступаюць з зямлі, захвалася адна, ды і тая ў вельмі аварыйным стане. Засыпка гэтай часткі замка пяском уратуе аўтэнтычныя часткі ад разбурання і дазволіць адкласці аднаўленне (або рэстаўрацыю) гэтых пабудоў на няпэўны час.
Па-трэцяе, неабходна як мага хутчэй атынкаваць аголеныя сцены брамы, каб такім чынам засцерагчы ад далейшага атмасфернага ўздзеяння.
Гэтыя тры рэчы, якія трэба выканаць у першую чаргу.
А што тычыцца далейшага лёсу Старога Замка?
У ідэале мы бачым яго такім:
1) Сам палац, які захаваўся да нашага часу, па-сутнасці, з’яўляецца помнікам архітэктуры к. XVІ - к. ХІХ стст., таму знішчэнне ўсіх архітэктурных напластаванняў (што прадугледжвае праект Бачкова), асабліва з XVIІ-XVIІІ ст., мы лічым проста недапушчальным. Да нашага часу захаваліся даволі падрабязныя т.зв. «дрэздэнскія» планы сяр. XVIІІ ст., дзе замаляваны пярэдні і задні фасады палаца. Гэта значыць, што мы маем поўнае права рэстаўраваць палац Старога замку на момант сяр. XVIІІ ст. Гэта будзе мець навуковае абгрунтаванне, у адрозненні ад фантазійнага плана Бачкова.
2) Дзеля экспанавання Старога замка як помніка архітэктуры к. XVІ - к. ХІХ стст., можна выкарыстаць мноства спосабаў. Напрыклад, раскрыццё арыгінальнай тынкоўкі на фасадзе будынка, рэканструкцыю невялікай часткі будынка на момант к. XVІ (з пяшчанікавымі абрамленнямі вокнаў) як гэта напрыклад зроблена ў Каралеўскім замку ў Варшаве.
3) Рэшткі пабудоў і вежы з боку Нёмана трэба адрэстаўраваць і пакінуць у актуальным стане. Аўтэнтычная кладка усёж-такі лепш за танны навабуд.
Галоўнай задачай на сёння з’яўляецца захаванне Старога замка. Набудаваць мы заўсёды паспеем. Галоўнае, каб не ўзнікла сітуацыя як з вежаю замка ў Нясвіжы: пабудавалі на ўзор гравюры Макоўскага (на аснове такой жа гравюры, дарэчы, і створаны праект Бачкова) купал вежы, а пасля яе перараблялі…