Першая чарга рэканструкцыі Старога замка ў Гродне амаль завершаная. Цягам траўня мусяць дарабіць апошнія дробязі, а летам абяцаюць адкрыць частку экспазіцыі. Дырэктар гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка расказаў, якія асноўныя праблемы ў час першай чаргі сталі прычынамі памылак у час рэканструкцыі.
Галоўнай праблемай першай чаргі рэканструкцыі Кітурка назваў недастатковую вывучанасць аб’екта. Тое, што падавалася дастатковым і зразумелым у 1930-я гады [калі складаўся першы праект рэканструкцыі Старога замка], ужо ў 1980-я гады было замала. Тое, што было зроблена ў 80−90-я гады [калі над праектам рэканструкцыі, якім карыстаюцца цяпер, працаваў Уладзімір Бачкоў], таксама на сённяшні дзень выглядае недастатковым, адзначыў дырэктар Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея Юрый Кітурка 29 красавіка на канферэнцыі, прысвечанай замку.
«Гэтая недастатковасць вядзе да таго, што з’яўляюцца памылкі ў інтарпрэтацыях вынікаў даследавання. Як наступствы гэтых памылак — спрэчныя праектныя рашэнні», — сказаў Кітурка.
Другая праблема, якую ён адзначыў - абмежаванасць рэсурсаў, і не толькі фінансавых. «Яны [фінансавыя рэсурсы. — Заўв. Hrodna.life] згодна дзяржаўнаму заканадаўству выдзяляюцца, скажам, з вялікім скрыпам, а далей іх павінны выкарыстаць у час, каторы ўстаноўлены». Гэтага часу заўсёды не хапае, і з гэтай праблемай даводзіцца жыць, сказаў дырэктар музея.
Недаацэненай пры гэтым была неабходнасць правядзення фізіка-хімічных даследаванняў, асабліва датычна той часткі матэрыялаў, якія цяпер знаходзяцца ў археалагічных раскопках. Дзякуючы такім аналізам можна зразумець, да якога часу адносіцца тая ці іншая пабудова, і ці варта яе ўзнаўляць у замку на часы Баторыя. У лабараторыі ў Познані (Польшча) можна высветліць узрост знаходак і цэглы з дакладнасцю да 30 гадоў. Адзін такі аналіз каштуе 315 еўра.
У Беларусі таксама не хапае кваліфікаваных спецыялістаў, хоць працы на Старым замку праведзены на больш высокім узроўні, чым у іншых замках Гродзенскай вобласці, мяркуе Кітурка. «Мы часта сутыкаемся з чалавечым фактарам, калі чалавеку даюць дакладнае тэхнічнае заданне таго, што мы хочам атрымаць, а ён як мастак лічыць сябе вольным ад таго, каб прытрымлівацца дакладна тэхнічнага задання».
Глядзіце таксама:
Паводле гісторыкаў і архітэктараў, асноўныя памылкі і спрэчныя моманты ў першай чарзе рэканструкцыі:
Па словах Кітуркі, менавіта для таго, каб праектныя рашэнні былі як мага менш спрэчнымі, і праводзяцца зараз комплексныя даследаванні для праектавання другой чаргі рэканструкцыі. Гэта складанне гістарычнай даведкі, натурныя даследаванні (абмеры, зандажы, стварэнне 3D-мадэлі і падрабязнага плану) і археалагічныя раскопкі ўздоўж фасада палаца.
Чытайце таксама: Гістарычная даведка абвяргае праект рэканструкцыі Старога замка. Якім (не)быў палац Баторыя?
Пасля завяршэння даследаванняў пачнуць працу над дэтальным праектам другой чаргі. Яго планавалі падрыхтаваць да канца 2021 года.
У траўні 2021 пачалі рыхтаваць экспазіцыі для часткі памяшканняў. «Летам, мы думаем, будзе запушчаны так званы трэці пускавы комплекс першай чаргі Старого замка, каторы будзе ўключаць чатыры экспазіцыі. Чатыры пакоі - алебастравая зала, каралеўская лазня, капліца каралеўская і жыллё чыноўніка будуць у працы», — сказаў Юрый Кітурка. Першую частку замка, да вежы, мусяць адкрыць у чэрвені.
«Больш-менш вядома, што было ў каралеўскай спальні. Можна ўявіць, як выглядала сталовая. У іншых памяшканнях трэба рабіць тэматычныя музейныя экспазіцыі», — расказаў дырэктар музея.
Інтэр'ераў палаца пакуль не будзе, памяшканні, дзе яны размесцяцца, застануцца пустымі. Экспазіцыі для іншых будуць цалкам новыя, з элементамі інтэрактыву. Пад яе адвядуць шэсць залаў, паведамлялі раней. У адкрытай частцы замка пакажуць гісторыю Гродна і замкавай гары ад XII да XVII стагоддзя: новыя археалагічныя знаходкі, гродзенцы ў барацьбе з крыжакамі, заснаванне горада, гісторыя будаўніцтва замка, Гродна часоў Баторыя, расказаў Hrodna.life гісторык, супрацоўнік музея Андрэй Вашкевіч. У музейных пакоях з’явяцца інфакіёскі і 3D-праекцыя замка, пісала раней «Гродзенская праўда».
Адзін з макетаў, якія будуць выстаўленыя ў замку — мініятура замка ў XII стагоддзі, выкананая Ігарам Адасікам. Для таго, каб яго падрыхтаваць, Ігар правёў даследаванні архітэктуры таго часу, выявіў тыповыя памылкі ў макетах старажытнарускіх фартыфікацый. На выраб макета і даследаванні сышло паўгода.
На цяперашні час зроблена менш за 20% агульнага аб’ёму працаў па замку, расказаў Юрый Кітурка. Перад тым, як вылучыць сродкі для рэканструкцыі на год, высветляюць, колькі можна зрабіць у гэты перыяд. Зыходзячы з аб’ёму працаў разлічваюць суму. У 2021 годзе на рэканструкцыю Старога замка ў Гродне мусілі выдаткаваць больш за 5 млн рублёў: 3 млн рублёў з рэспубліканскага бюджэту і блізу 2,5 — з абласнога, паведамляла БелТА са спасылкай на міністра культуры Анатоля Маркевіча.
«Першая чарга рэстаўрацыі з усімі працамі ў поўным аб’ёме будзе каштаваць 28 мільёнаў рублёў. Сюды ўваходзяць навукова-даследчыя і рэстаўрацыйныя працы, якія яшчэ не завяршыліся. У распрацоўцы яшчэ рэстаўрацыя чатырох памяшканняў», — цытаваў кіраўніцу ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алену Клімовіч Sputnik.by.
У міжваенны час Гродна набыло незвычайную славу. Горад стаў месцам прыцягнення незвычайных турыстаў - тых,…
Ці хапае ў цэнтры Гродна прадуктовых крам? Спрэчкі наконт гэтага выклікала адкрыццё на перакрыжаванні Савецкай…
Прыбраныя ялінкі, свечкі, навагоднія вянкі і гірлянды, аксаміт, светлы ці цёмны фон на выбар. Гродзенскія…
Улады стварылі новую платформу “меркаванне.бел”. Яе пазіцыянуюць як анлайн-пляцоўку, на якой кожны зможа ў вольнай…
Калекцыя адзення гродзенкі Кацярыны Карлацяну дэбютавала гэтай восенню на Парыжскім тыдні моды. А пачыналася ўсё…
Гродзенец Раман Нагула амаль паўжыцця працуе з дрэвам. Школьнікам ён пачынаў з бейсбольных біт, а…